Упершыню за 100 гадоў у Віцебску адкрылася новая сынагога. Будынак, дзе апошнія 25 гадоў маліліся віцебскія габрэі, быў звычайным жылым домам, які ня мог выконваць усіх належных функцыяў.
Таму патрэба ў новым, спэцыялізаваным будынку была вельмі вострая, кажа кіраўнік віцебскай юдэйскай рэлігійнай грамады Леанід Томчын:
«У Віцебску на пачатку мінулага стагодзьдзя габрэі складалі больш за палову насельніцтва, 100 гадоў таму тут функцыянавалі 64 сынагогі. Сёньня ў нашай грамадзе каля 50 чалавек, але на адкрыцьцё прыйшло значна больш людзей. Я спадзяюся, што новая сынагога стане цэнтрам гарадзкога габрэйскага жыцьця. Цяпер у нас зьявіліся больш шырокія магчымасьці ня толькі для таго, каб маліцца ў традыцыях продкаў — у новым будынку прадугледжаныя і навучальныя клясы, і пакоі для гасьцей. Мы плянуем старыць тут і музэй габрэйскага побыту. Пры тым мы не адмаўляемся і ад старога нашага будынку: цяпер мы займелі цэлы комплекс, які змогуць наведваць усе ахвотныя».
Цырымонія адкрыцьця пачалася з сымбалічнага шэсьця ад старога будынка да новага. Мужчыны сталага веку, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы, прайшлі да новай сынагогі, і тут да іх далучыліся хлопчыкі — як увасабленьне пераемнасьці традыцыі. Усім гасьцям і мінакам уручалі паветраныя шарыкі, якія потым паляцелі ў неба.
На адкрыцьцё запрасілі прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацый з Расеі і іншых краін. Прысутнічалі сьвятары праваслаўнай і каталіцкай канфэсій. Ад імя мясцовых уладаў віцебскіх вернікаў-юдэяў павіншаваў дарадца старшыні аблвыканкаму Міхаіл Даніленка.
Афіцыйная частка каля брамы новай сынагогі была нядоўгая. Пасьля кароткіх прамоваў урачыста перарэзалі чырвоную стужку і ўсіх запрасілі ўсярэдзіну. Ганаровыя госьці прымацавалі пры дзьвярах мэзузы — фрагмэнты адмысловай малітвы, запісаныя на пэргамэнце і схаваныя ў дэкаратыўныя футаралы. Хто ўваходзіць у сынагогу, дакранаецца да мэзузы на знак пашаны.
Усе наведнікі маглі пераканацца, што новая сынагога ня толькі знадворку вылучаецца незвычайным дызайнам. Унутры таксама ўсё выканана ў сучасным стылі, і пры тым з улікам традыцый. Так, у новай сынагозе ёсьць адмысловы рытуальны басэйн — міква. Для жанчын, якія павінны маліцца асобна, прадугледжаны гаўбец у малельнай залі. Зь яго добра відаць і акно з шасьціканцовай зоркай, і столь з «прыступкамі», якая нагадвае шацёр.
У аздабленьні сынагогі «Давідаў шацёр» ёсьць і матыў, зьвязаны зь Віцебскам: сьцяну, якая аддзяляе малітоўную залю ад гаўбца для жанчын, упрыгожваюць 12 копій зь вітражоў Марка Шагала «Дванаццаць каленаў Ізраілевых», зробленыя на адмысловых стэндах з падсьвятленьнем.
Працы ў сынагозе яшчэ ня скончаныя: у некаторых памяшканьнях няма мэблі, ня вызначана пакуль, дзе разьмесьціцца анансаваны музэй габрэйскага побыту. Але з экспанатамі тут, напэўна, праблемаў ня будзе — нездарма Віцебск многія называюць «габрэйскім горадам», калі згадваюць яго гісторыю і колішнія традыцыі.