Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змагарку з прыпіскамі ў Чырвоным Беразе высяляюць на вуліцу


Ніна Кароль з сынам Дзьмітрыем
Ніна Кароль з сынам Дзьмітрыем

9 лютага судзьдзя Жлобінскага раённага суду Іна Шаршнёва пастанавіла выселіць былую начальніцу жывёлагадоўчага комплексу Ніну Кароль з службовага дому ў аграгарадку Чырвоны Бераг — без прадстаўленьня іншага памяшканьня.

Ужо празь дзесяць дзён, калі рашэньне не адменіць вышэйшая судовая інстанцыя, 49-гадовую спэцыялістку сельскай гаспадаркі могуць выкінуць на лютаўскі мароз.

«Я ўжо ня ведаю, дзе і якой абароны шукаць, да каго зьвяртацца, — кажа Ніна Кароль. — У мяне і хлеба няма за што купіць, а на мяне павесілі яшчэ 63 рублі судовай пошліны. Разумею тых, хто, трапіўшы ў такую сытуацыю, зводзіць рахункі з жыцьцём. Добра, што ў мяне сын побач, вучыцца ў аграрным каледжы, ён мяне падтрымлівае».

Пазоў камунальнага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Чырвонабярэскі» за подпісам дырэктара Карэна Мурадзяна на высяленьне са службовага дома былой галоўнай эканамісткі, а пазьней начальніцы жывёлагадоўчага комплексу Ніны Кароль паступіў яшчэ ў кастрычніку мінулага году, калі яна аспрэчвала ў судзе сваё звальненьне за прагул.

Скаргу Кароль на звальненьне таксама разглядала судзьдзя Шаршнёва і не знайшла падставаў для аднаўленьня на працы. Устаноўлена было, што начальніца комплексу больш як тры гадзіны адсутнічала на працы — езьдзіла ў раённую пракуратуру, каб расказаць пра парадкі ў гаспадарцы і паскардзіцца на забарону дырэктара знаходзіцца на комплексе, дзе яна была начальніцай.

Аспрэчыць сваё звальненьне за прагул Ніне Кароль не ўдалося, таму быў адноўлены разгляд пазову дырэкцыі КСУП «Чырвонабярэскі» наконт высяленьня яе з службовага дому. Матывацыя дырэкцыі была такая: 30 жніўня 2016 году з адказчыцай «спынены працоўныя дачыненьні з наймальнікам паводле артыкула 42 пункту 5 Працоўнага кодэксу (прагул)».

Цяпер Ніна Кароль у гаспадарцы не працуе, а дырэкцыі нібыта патрэбна жыльлё, каб надзяляць тых, хто мае патрэбу, «з мэтай захаваньня кадраў у вёсцы».

На адным з папярэдніх паседжаньняў юрысконсульт КСУП Алена Мядзьведзева казала, што Кароль, маўляў, праігнаравала дырэктара КСУП «Чырвонабярэскі», не зьвярталася да яго наконт іншай працы, а напісала заяву ў сельсавет, каб той дапамог працаўладкавацца.

«У сельсавет я напісала заяву, — тлумачыць Кароль, — бо кіраўнік дзяржавы абавязваў іх займацца працаўладкаваньнем людзей у вёсцы. А да дырэктара КСУП „Чырвонабярэскі“ я зьвярталася ў свой час вусна. Дык ён мне прапаноўваў, нягледзячы на перанесеныя два інсульты, ісьці ў паляводчую брыгаду. Не на калені ж мне падаць перад ім».

Падчас разгляду пазову на высяленьне Ніны Кароль было ўстаноўлена, што саўгасны жылы фонд цалкам належыць Жлобінскаму райвыканкаму і пераведзены ў шэраг «службовых жылых памяшканьняў камэрцыйнага выкарыстаньня». З гэтай прычыны сёньня ў суд быў выкліканы прадстаўнік райвыканкаму Мікалай Крыжэўскі з раённай управы сельскай гаспадаркі. Ён падтрымаў пазоў КСУП «Чырвонабярэскі» на высяленьне Ніны Кароль з дому без прадстаўленьня іншага памяшканьня.

«Хоць надзеі на лепшы вынік мала, але ўсё ж паспрабую абскардзіць сёньняшняе рашэньне раённага суду. Справядлівасьць пакідае ўзаемадачыненьні ўладных структураў і звычайнага чалавека, і асабліва калі маеш прынцыповую пазыцыю», — кажа Ніна Кароль.

Жанчына перакананая, што яе проста выжылі з саўгасу. Яна змагалася з прыпіскамі, перашкаджала красьці, прыхарошваць сытуацыю ў гаспадарцы. Спачатку абвінавацілі ў крадзяжы камбікорму, а калі не ўдалося, даказалі прагул. Цяпер пакінулі бяз даху над галавой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG