Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У краму хаджу, толькі калі сын стыпэндыю атрымае», — 49-гадовую змагарку з карупцыяй высяляюць з дому


Ніна Кароль
Ніна Кароль

Жлобінскі раённы суд 31 студзеня разглядаў пазоў КСУП «Чырвонабярэскі» з подпісам дырэктара Карэна Мурадзяна на высяленьне са службовага дома былога галоўнага эканаміста, а пазьней начальніцы жывёлагадоўчага комплексу Ніны Кароль. Разам зь ёй высяляюць і сына Дзьмітрыя — студэнта мясцовага аграрнага каледжу, які не прапісаны, але фактычна жыве ў доме разам з маці.

«Выжылі з гаспадаркі за прынцыповую пазыцыю»

У пазове дырэкцыі сельгаспрадпрыемства ўказваецца, што адказчыца 30 жніўня 2016 году «спыніла працоўныя дачыненьні з наймальнікам паводле артыкулу 42 пункту 5 Працоўнага кодэксу (прагул)».

Дырэкцыя матывуе неабходнасьць высяленьня так: службовае жыльлё выдзялялася Ніне Кароль, калі яна прыехала ў саўгас працаваць галоўным эканамістам. Цяпер Кароль у гаспадарцы не працуе. Да таго ж дырэкцыі патрэбна жыльлё, каб надзяляць тых, хто мае патрэбу, «з мэтаю захаваньня кадраў у вёсцы».

«Спачатку за маю прынцыповую пазыцыю, — кажа звольненая спэцыялістка, — мяне выжылі з гаспадаркі. Абвінавачвалі то ў крадзяжы камбікорму, то ў прагуле, а цяпер і даху над галавой пазбаўляюць. Высяляюць жа без прадастаўленьня іншага памяшканьня. Я перашкаджала красьці, прыхарошваць сытуацыю ў гаспадарцы. Гэта звычайная расправа».

Жыльлё камэрцыйнага выкарыстаньня

У суд прадстаўніца КСУП «Чырвонабярэскі», юрысконсульт Алена Мядзьведзева падала інфармацыю, што жылы саўгасны фонд цалкам належыць Жлобінскаму райвыканкаму і пераведзены ў шэраг «службовых жылых памяшканьняў камэрцыйнага выкарыстаньня». Па сутнасьці, у арэнднае жытло. Раней службовае жытло можна было прыватызаваць, а пасьля выхаду ўказу № 563 — не. Можна хіба працягнуць ягоную арэнду пры пэўных акалічнасьцях, нават калі наймальнік і не працуе ў арганізацыі.

Судзьдзя Іна Шаршнёва, якая разглядае пазоў дырэкцыі да былой саўгаснай спэцыялісткі, пацікавілася, ці перазаключала Ніна Кароль дамову найму жытла з сельгаспрадпрыемствам?

«Мне ніхто не прапаноўваў новай дамовы, — гаворыць адказчыца. — У мяне была запазычанасьць у камунальных плацяжах — не было чым плаціць, але цяпер я разьлічылася. Старэйшы сын і дачка дапамаглі. І чаму толькі мяне высяляюць? Дырэктар мае жыльлё ў Жлобіне, і ў Чырвоным Беразе дом на сябе запісаў, дзе маці сваю пасяліў».

Пасьля інсульту — у паляводчую брыгаду

Судзьдзя таксама цікавілася, ці зьвярталася Кароль да дырэктара КСУП «Чырвонабярэскі» наконт працы ў гаспадарцы — тады б наагул зьнікла пытаньне з высяленьнем.

«Раней я зьвярталася да дырэктара Мурадзяна — ён сказаў, што можа накіраваць мяне толькі ў паляводчую брыгаду. Гэта цяжкая фізычная праца. А я ўжо перанесла два інсульты. Будзе тое, што і з маім мужам — памру на працы, як ён», — патлумачыла Кароль.

«Заяву пісалі?» — удакладніла судзьдзя.

«Заяву не пісала, толькі вусна».

Юрысконсульт Алена Мядзьведзева адзначыла, што Ніна Кароль зьвярнулася з заявай на працаўладкаваньне ў сельскі савет, праігнараваўшы дырэктара КСУП «Чырвонабярэскі», хоць абедзьве арганізацыі знаходзяцца ў адным будынку. І на прыём да кіраўніка КСУПа яна не прыйшла.

Жлобінскі райвыканкам
Жлобінскі райвыканкам

Паколькі поўным уласьнікам жыльля ў Чырвоным Беразе зьяўляецца Жлобінскі райвыканкам, а мясцовы КСУП вядзе толькі гаспадарчую дзейнасьць, суд прызнаў мэтазгодным прыцягнуць да разгляду позвы на высяленьне Ніны Кароль прадстаўніка выканкаму. Разгляд справы будзе працягнуты на наступным тыдні.

«У краму ходзім, калі толькі ён стыпэндыю атрымае»

Ніна Кароль ня ўтойвае, што перадузятае стаўленьне да яе з боку кіраўніцтва КСУП і некаторых спэцыялістаў пачалося з таго, што яна адмаўлялася займацца прыпіскамі прыбавак жывёлы ў вазе, не налічвала незаслужанага павышанага заробку сваякам канторскіх супрацоўнікаў. Бывала, што пісала лісты ў розныя інстанцыі пра беспарадкі ў сельскай гаспадарцы, указваючы, што на пасады прызначаюць выпадковых людзей, без адпаведнай адукацыі, часьцяком хцівых на грамадзкае дабро.

Урэшце кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «павесіла» на саму Кароль недахоп трох тонаў камбікорму, патрабуючы праз суд спагнаць зь яе амаль тысячу рублёў. Не атрымалася.

Атрымалася іншае. Летась у жніўні Ніну Кароль звольнілі за прагул. Яна тлумачыць, што на працы была зранку і па абедзе, хоць сапраўды пакідала жывёлагадоўчы комплекс, бо езьдзіла ў пракуратуру са скаргай — пасьля бальнічнага дырэктар сельгаспрадпрыемства не дапускаў яе на гэты самы комплекс, матывуючы тым, што Ніна «стварае праблемы». Жанчына аспрэчвала звальненьне, аднак раённы суд не задаволіў пазову, высьветліўшы, што адсутнічала яна на працы звыш трох гадзінаў. Абласны суд пакінуў касацыйную скаргу без задавальненьня. Зараз Кароль зьвярнулася з нагляднай скаргай да старшыні абласнога суду.

«Мне сорак дзевяць гадоў, а я ўжо пасьля гэтых судоў хаджу як нежывая, — кажа Ніна Васілеўна. — А тут яшчэ працы няма, бяз грошай сяджу пяць месяцаў. Разумееце, мы з сынам у краму ходзім, калі толькі ён стыпэндыю ў сваім аграрным каледжы атрымае ці прынясуць дапамогу на страту карміцеля. Бульба, хатнія нарыхтоўкі — вось на чым мы жывём».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG