Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Электронная дэмакратыя»: навошта віртуальная Вяйшнорыя абярэ дэпутатаў у сойм


Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак
Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак

Нягледзячы на тое, што вучэньні «Захад-2017» скончыліся тыдзень таму, прыдуманая сеціўная краіна Вяйшнорыя ня мае намеру паміраць і плянуе абраць уласны парлямэнт. «Свабода» даведалася пра мэты стваральнікаў «незалежнай інтэрнэт-дзяржавы».

«Мы фактычна распрацоўваем сапраўдную сыстэму электроннай дэмакратыі, — сказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды адзін з „заснавальнікаў“ Вяйшнорыі, які пажадаў застацца неназваным. — Гэта будзе яскравы прыклад таго, як павінна выглядаць дэмакратыя, няхай толькі і ў такой форме. Для беларускага народу гэта будуць своеасаблівыя ўцёкі з лукашэнкаўскай рэальнасьці ў рэальнасьць з дэмакратыяй і актыўным удзелам у жыцьці сваёй дзяржавы. Выбары ў сойм Вяйшнорыі — гэта ідэал дэмакратычнай будучыні Беларусі».

Вылучэньне, дэбаты, галасаваньне — усё онлайн

Цяпер адбываецца вылучэньне кандыдатаў, іх ужо больш за 200 чалавек. Зарэгістравацца на спэцыяльнай старонцы і ўзяць удзел можа «кожны паўналетні вяйшнорац». Галоўнае патрабаваньне да кандыдатаў — «вызнаньне каштоўнасьці дэмакратыі і плюралізму меркаваньняў».

Сьледам за рэгістрацыяй кандыдатаў пачнуцца дэбаты. Праходзіць яны будуць у форме камэнтаваньня пастоў-абяцаньняў. Хто з будучых дэпутатаў набярэ найбольш пазытыўных адзнак за свае рэплікі, той і трапіць у перадвыбарны сьпіс.

Таксама ўвесь гэты час кандыдаты здолеюць актыўна агітаваць за сваю кандыдатуру на прасторы сацыяльных сетак.

Галасаваньне на выбарах у Сойм Вяйшнорыі будзе праходзіць праз сайт вейшнорыя.бел з выкарыстаньнем унікальнай запатэнтаванай тэхналёгіі «электронных выбараў», абяцаюць заснавальнікі прыдуманай дзяржавы.

«Працэс галасаваньня на выбарах адкрыты, і ніхто ня мае права аказваць ціск на выбарцаў падчас яго. Правядзеньне экзыт-полаў забароненае з прычыны клопату аб псыхалягічным стане выбарцаў», — кажа суразмоўца Свабоды.

Выбары будуць прызнаныя пасьпяховымі, калі ў іх возьме ўдзел больш за 51% вяйшнорцаў.

Чым будуць займацца дэпутаты Вяйшнорыі?

«Вынікамі выбараў будзе стварэньне рэальна дзейнай грамадзка-палітычнай пляцоўкі, — кажа адзін з „айцоў“ Вяйшнорыі. — Мы жадаем ня толькі паказаць, як павінен абірацца сойм, але і прыцягнуць увагу да працы дзейнага беларускага парлямэнту, даць невялікі штуршок да большай адкрытасьці перад людзьмі. Аднак, разам з тым, вяйшнорскія дэпутаты будуць думаць над сапраўднымі законамі, распрацоўваць іх і дасылаць у выглядзе электронных зваротаў да афіцыйных парлямэнтарыяў».

Стваральнікі Вяйшнорыі ўпэўненыя, што ў эпоху інтэрнэту група людзей з агульнымі імкненьнямі і з выкарыстаньнем сучасных камунікацыйных магчымасьцяў можа вырасьціць уласную дзяржаву. Са сваёй міталёгіяй і сымбалямі. Таму яны задаюцца толькі адным пытаньнем: «Чаму б не паспрабаваць стварыць тое, што дапаможа рэальным дзяржавам?»

Вяйшнорыя — прыдуманая краіна, якая па легендзе беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017» была агрэсарам супраць Беларусі. Беларускія блогеры і карыстальнікі сацыяльных сетак падхапілі ідэю незалежнай краіны, якая змагаецца з афіцыйным Менскам і Масквой. Былі распрацаваныя нацыянальныя сымбалі віртуальнай дзяржавы, пашпарты і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG