Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяйшнорыя прыдуманая ў 1920-м


Хто і калі прыдумаў Вяйшнорыю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:55 0:00

Калі я гляджу на мапу гіпатэтычнай Вяйшнорыі, у мяне ўзьнікае вялікі сумнеў у тым, што ейныя абрысы прыдуманыя выпадкова, а аўтары ідэі служаць у Генштабе беларускіх Узброеных сілаў.

Зірніце на мапу Беларусі сярэдзіны 1920 году. Якія тэрытарыяльныя зьмены напаткалі беларусаў у выніку Маскоўскай дамовы, падпісанай 12 ліпеня 1920 году паміж бальшавіцкай Расеяй і толькі што створанай Літвой? Паводле дамовы Горадня, Ліда, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў, Паставы адыходзілі да Літвы. Літоўцам перадавалася ўсё, што на поўнач ад Нёмана. Абрысы перададзеных тэрыторый вельмі нагадваюць межы Вяйшнорыі, намаляваныя вайсковымі стратэгамі ці то Беларусі, ці то Расеі амаль праз стагодзьдзе. Выпадкова?

У беларусаў тады, у ліпені 1920-га, ніхто нічога не пытаўся.

Пры гэтым у беларусаў тады, у ліпені 1920-га, ніхто нічога не пытаўся. Марыянэткавая Літоўска-Беларуская ССР юрыдычна ліквідоўвалася. Літоўскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і групаў», у тым ліку органаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Дамова гарантавала нэўтралітэт Літвы ў савецка-польскай вайне і бесьперашкодны пропуск войскаў Чырвонай Арміі ў наступе на Варшаву.

Ад ураду Расеі дамову падпісалі Адольф Іофэ, Юльян Мархлеўскі і Леанід Абаленскі, ад ураду Літвы — Фама Нарушэвічус, Пётар Клімас, Сымон Разэнбаўм ды іншыя.

А што ж беларусы? Ім праз 19 дзён пасьля савецка-літоўскай дамовы, 31 ліпеня, зладзілі так званае «Другое абвяшчэньне БССР» ужо ў новых межах, моцна звужаных. Паводле іх Полацак, Лепель, Рагачоў, Калінкавічы былі ўжо расейскімі, а Масты, Іўе, Астравец — літоўскімі, як пра тое і дамовіліся ў Маскве...

Літоўцы на новых, вытаргаваных у Масквы тэрыторыях уладкавацца не пасьпелі.

Што праўда, літоўцы на новых, вытаргаваных у Масквы тэрыторыях уладкавацца не пасьпелі. Кінутыя дзеля «сусьветнай рэвалюцыі» ў ліпені 1920-га ў наступ на Варшаву арміі Тухачэўскага празь некалькі тыдняў гэтак жа імкліва ўцякалі празь Беларусь на ўсход пад ударамі палякаў, спыніўшыся толькі ў ваколіцах Менску.

Калісьці, у 70-я, я размаўляў на гэтую тэму са сваімі бабулямі, якія добра памяталі той час і жылі якраз у цэнтры перададзеных літоўцам тэрыторый, на поўначы сучаснага Шчучынскага раёну. Распавядалі яны і пра галодных абарваных чырвонаармейцаў у вастраверхіх шапках-будзёнаўках, і пра армію Пілсудскага, якая прыйшла ім на зьмену... Пра кароткі прамежак часу, калі гэтыя землі былі абвешчаныя літоўскімі, ніхто нічога ўцямнага згадаць ня змог.

Яно і ня дзіва: ужо напрыканцы жніўня 1920 году ўсе тэрыторыі, пра якія ішла размова ў Маскоўскай дамове, былі страчаныя і маскоўскімі бальшавікамі, і літоўскай дзяржавай. Па сутнасьці, дамова страціла актуальнасьць празь некалькі тыдняў пасьля свайго падпісаньня.

А вось старыя мапы, здаецца, моцна запалі некаму ў сьвядомасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG