Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым такія выбары, дык лепш прэзыдэнтам прызначыць якога-небудзь ката ці сабаку...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Нягледзячы на тое, што масавых пасьлявыбарчых пратэстаў у Менску не плянавалася і да маштабных акцыяў ніхто з апазыцыйных палітыкаў не заклікаў, нямала людзей увечары 11 кастрычніка на Кастрычніцкую плошчу ўсё ж выйшлі. Якія мэты яны перад сабой ставілі і чаму адважыліся на такі крок?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму, які мы атрымалі на свой электронны адрас. Ананімны слухач (назавем яго, напрыклад, Алесь Яновіч) піша:

«Ні да якіх арганізацыяў не належу. Але на плошчу пайшоў. Мне было страшна, і да апошняга моманту я баяўся. Але — сабраў волю ў кулак — і прымусіў сябе. Усе сябры — запалоханыя, баяцца міліцыі.

Калі была Плошча-2010, я назіраў за падзеямі з вакна рэстарана гатэля „Мінск“. Быў шакаваны тым, як бугаі з дручкамі зьбіваюць дзяўчатак, якія паўгадзіны таму ішлі, усьміхаючыся, і крычалі „Жыве Беларусь!“.

Навошта я пайшоў? Бо абрыдла гэтая дэгенэратыўная ўлада, якая хлусіць на кожным кроку. Калі пасады раздаюцца тым, хто дагаджае начальству, а не паводле кампэтэнтнасьці. Мне непрыемная палітыка хлусьні і крывадушнасьці. Лукашэнка для мяне — біблейскае зло. Ён кіруе, сеючы ў людзях страх, і пры гэтым абвяшчае сябе выратавальнікам ад страху. Прапукаўшы эканоміку, бяз сораму палохае: „Калі ня я, то вайна“. Агідна.

Чалавек — не жывёліна, пачуцьцё справядлівасьці рана ці позна возьме верх над пачуцьцём страху. Як на маю думку, дык чым такія выбары, лепш прэзыдэнтам прызначыць якога-небудзь ката ці сабаку. Прынамсі, ня будзе бязглуздых зьменаў падатковага заканадаўства, пагаршэньня адносінаў з суседзямі, далейшага спаўзаньня ў даўгавую яму. Студэнтаў ня будуць кідаць у турмы за ўдзел у мітынгах, дазволяць пляскаць у ладкі дзе захочаш.

А нашы суды? Гэта ж ганьба. Людзі ня вераць ім, бо праўды там няма. А тыя міліцыянты, якія зьбівалі дзяўчат? Гэта ж зламаныя людзі — садысты. Такая палітыка вядзе нас у цемру, бо грамадзтва страчвае маральныя арыенціры. Але ў чалавеку дабро мацнейшае за зло, так закладзена Богам. І таму я — на баку дабра. Я пайшоў не змагацца са злом, а выкарыстаць магчымасьць дзеля таго, каб запаліць іскру грамадзянскай супольнасьці, у якой пачуцьцё справядлівасьці — на першым месцы. Я глядзеў, як маліўся і плакаў адзін з арганізатараў гэтай імпрэзы, і радаваўся, што надзея — ёсьць, людзкасьць — застаецца».

Дзякуй вам за шчыры ліст, паважаны слухач. Напэўна, вы ведаеце, што Радыё Свабода вяло жывую відэатрансьляцыю з гэтай стыхійнай вечаровай акцыі. Дык вось, за вамі на маніторах сваіх кампутараў назіралі дзясяткі тысяч людзей (калі больш дакладна: 123 тысячы агулам, 12 тысяч — адначасна падчас Плошчы). Тысячы зь іх ня толькі глядзелі рэпартаж, але і выказвалі словы падтрымкі ў камэнтарах. У гэтым сэнсе акт грамадзянскай мужнасьці, які мы назіралі 11 кастрычніка, меў значэньне далёка ня толькі для гэтай сотні людзей, што пераступілі праз уласны страх і прадэманстравалі маральную перавагу над аўтарамі выбарчага фарсу.

✉ ✉ ✉

У першы дзень пасьля так званых «выбараў» напісаў свой новы ліст на Свабоду і наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў:

«Недзе месяц таму я рабіў спробу прадказаць вынікі гэтага галасаваньня: Лукашэнка — 85% (нельга яму значна адстаць ад Назарбаева); астатнія тры кандыдаты — 6% на траіх. Ну, з Лукашэнкам я „прамахнуўся“ зусім нязначна — усяго на 1,5%. І крыху больш не адгадаў з астатнімі — 9,48% на траіх замест 6%. Увогуле, вынік нядрэнны, згадзіцеся. Шкада, што Свабода не прымала ставак, інакш я меў бы добры шанец.

Я ўжо ня раз упэўніваўся — вазьмі якую заўгодна сытуацыю ў грамадзтве, абавязкова знойдзеш яе аналяг у гісторыі ці ў казцы.

Вы, шаноўнае спадарства, памятаеце стары добры савецкі фільм „Прыгоды Бураціна“ па казцы Аляксея Талстога? Тады павінны памятаць і такі дыялёг.

Гаспадар харчэўні навіс на небаракам Бурацінам і пытаецца ў яго:

— Адзін сольда і адзін сольда будзе... пяць сольда. Так?

Бураціна боязна падняў вочы на сыты твар, але ўпэўнена адказаў:

— Так!

— А два сольда і два сольда будзе... дзесяць сольда! Так?

— Так!

— А калі так, то зь цябе, Бураціна... пяць залатых!

— Пяць залаты-ы-ых? За што-о-о?

Выбары скончыліся. Гаспадар харчэўні падлічыў усе сольда... Цьфу ты — ня сольда, а галасы. А Бураціна... Цьфу ты — не Бураціна, а амаль сем мільёнаў выбаршчыкаў па вэрсіі Цэнтравыбаркаму дружна адказалі:

— ТА-А-АК!!!

І толькі чатырыста чалавек, якіх гаспадар харчэўні ведае пайменна, не пагадзіліся з разьлікамі.

А заўтра гаспадар харчэўні скажа тым сямі мільёнам:

— Зь цябе, Бураціна, пяць залатых!

І Бураціна будзе павінен нешта адказаць. Што ён адкажа?».

Калі памятаеце, спадар Кастусь, у тым старым савецкім фільме Бураціна нічога не адказаў хціваму карчмару. Але і не заплаціў ні капейкі: проста выкруціўся зь непажаданых абдымкаў ды ўцёк разам са сваімі залатымі, пакінуўшы таго ў дурнях.

Думаю, рана ці позна нешта падобнае адбудзецца і з тымі, хто так віртуозна падлічваў галасы падчас нядаўняй кампаніі, якая хіба што зь вялікай доляй умоўнасьці можа называцца «выбарчай».

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG