Візыт дзяржаўнага сакратара ЗША Джона Керы ва Ўкраіну адбываўся на тле новага крызісу ў парлямэнце. Напярэдадні дзьве парлямэнцкія фракцыі — «Батьківщина» і «Радыкальна партія» заблякавалі трыбуну Вярхоўнай Рады, патрабуючы перагляду тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі і стварэньня часовай сьледчай камісіі для расьсьледаваньня афшораў, да якіх мае дачыненьне цяперашні прэзыдэнт Пятро Парашэнка і ягонае атачэньне. Зранку праўладныя фракцыі — Блёк Пятра Парашэнкі і «Народны фронт» зрабілі, здавалася б, немагчымае: праца парлямэнту была разблякаваная, і ўсе магчымыя нэгатыўныя палітычныя моманты для сустрэчы амэрыканскага дыплямата з украінскім кіраўніцтвам былі зьнятыя.
Борт Джона Керы прызямліўся ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» апоўдні. Аўтамабільны картэж быў пададзены наўпрост на ўзьлётна-пасадачную паласу. Першая сустрэча — зь Пятром Парашэнкам трывала даўжэй за заплянаваны час: украінскі прэзыдэнт выбачыўся перад журналістамі за спазьненьне, маўляў, гэта абумоўлена шырокім парадкам дня ўкраінска-амэрыканскіх дачыненьняў. А ў ім, як у сваю чаргу дадаў Керы, — ня толькі сытуацыя на Данбасе і ў Крыме, але і рэфармаваньне судовай сыстэмы, барацьба з карупцыяй, чысткі ў Генэральнай пракуратуры, зьняцьце алігархічнага ярма і ўзмацненьне фінансавага рынку. «Украіна бясспрэчна прасоўваецца наперад, але гэта ня ўсё і трэба яшчэ шмат зрабіць, каб узмацніць украінскую дэмакратыю», — перакананы дзяржаўны сакратар ЗША.
Дык што ж прывёз Джон Керы ў Кіеў?
Напярэдадні візыту экспэрты выказвалі розныя меркаваньні. Прэзыдэнт Украінскай PR-лігі Андрэй Ратоўскі не выключаў спробы ціску на ўкраінскія ўлады для хутчэйшага разьвязаньня канфлікту на Данбасе. «Тыя дамоўленасьці, якія ёсьць за сьпінаю Украіны між ЗША, іншымі краінамі і Расеяю, каб залагодзіць канфлікт на іх умовах без уліку грамадзкай думкі і той сытуацыі, якая існуе ва Ўкраіне. Яны жадаюць вырашыць канфлікт фарсіраваным спосабам», — мяркуе экспэрт.
Дэпутат парлямэнцкай фракцыі «Народны фронт» Мікола Княжыцкі, наадварот, разглядае гэты візыт, як узмацненьне ўвагі ЗША да Ўкраіны, і наагул да Усходняй Эўропы, нягледзячы на праблемы з магчымым выхадам Вялікабрытаніі з Эўрасаюза ды іншыя праявы нестабільнасьці ў краінах Захаду.
«Паглядзіце, якія намаганьні цяпер робяцца Дзярждэпартамэнтам і Белым Домам ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Нядаўна ў Вашынгтоне прынялі дзеючага прэмʼера Гройсмана, на мінулым тыдні — лідэра „Народнага фронту“ Арсенія Яцэнюка. Казалі пра вайну на Данбасе, працяг санкцый супраць Крамля, пашырэньне заходняй вайскова-тэхнічнай і фінансавай дапамогі Украіне. Напярэдадні дзяржсакратар Керы наведаў Грузію: іншую краіну, якая пакутуе ад расейскай агрэсіі. Дамоўленасьць аб дапамозе ёсьць таксама і зь ёй. З Кіева Джон Кэры і Прэзыдэнт Парашэнка ляцяць на саміт НАТО, які адбудзецца дзе? У Варшаве — іншай усходнеэўрапейскай краіне, якая пасьлядоўна выступае супраць гібрыднай агрэсіі Крамля, патрабуе пашырэньня санкцый, разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі дадатковых падразьдзяленьняў НАТО, амэрыканскіх ракетных комплексаў. Тэндэнцыя відавочная», — перакананы дэпутат.
Сяброўства супраць ці за?
Паводле Пятра Парашэнкі, між ЗША ды Украінаю існуе поўнае разуменьне, што менавіта Расея і падтрыманыя ёю баевікі нясуць выключную адказнасьць за прабуксоўку мірнага працэсу на Данбасе.
«Мы, украінцы, адданыя імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцей, якія лічым дарожнай картай мірнага ўрэгуляваньня на Данбасе. Аднак мы казалі раней і адзначаем цяпер: ня можа быць эфэктыўнага ўрэгуляваньня без забесьпячэньня ўстойлівага і ўсёабдымнага спыненьня агню. Кампанэнт бясьпекі зьяўляецца ключавым аспэктам менскіх дамоўленасьцей, і мы настойваем на яго рашучым увасабленьні ў жыцьцё. Толькі пры належным узроўні ўмоў бясьпекі палітычны працэс мае пэрспэктыву. Гэта ключавая пазыцыя Украіны, і гэтая лёгіка і падыходы Кіева ўспрымаюцца нашымі саюзьнікамі», — перакананы ўкраінскі прэзыдэнт.
У сваю чаргу Джон Керы таксама, як і напярэдадні ў Тбілісі, заявіў, што спыненьне агрэсіі Расеі, як на тэрыторыі Грузіі, гэтак і на тэрыторыі Украіны, ёсьць перадумовай скасаваньня санкцыяў.
«Найхутчэй вырашыць канфлікт — поўная імплемэнтацыя менскіх пагадненьняў. Неабмежаваны доступ АБСЕ да ўсёй тэрыторыі Данбасу, уключаючы мяжу, вызваленьне ўсіх закладнікаў, вывядзеньне ўсіх узброеных сіл і тэхнікі і вяртаньне Ўкраіны да міжнародна прызнаных межаў. Бяз гэтага менскія пагадненьня пацярпяць крах. Калі Расея абярэ шлях дээскаляцыі, міжнародная супольнасьць усё гэта будзе вітаць. Гэтак жа аналягічна і з Крымам. З самага пачатку ЗША заяўлялі, што мы не прызналі і не прызнае расейскай агрэсіі, і нашые санкцыі застануцца ў сіле да поўнага вырашэньня гэтай праблемы», — заявіў дзяржсакратар ЗША.
На саміт НАТО ў Варшаву
Заўтра прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і дзяржаўны сакратар ЗША будуць сустракацца яшчэ раз, але ўжо ў іншым фармаце — у польскай сталіцы, дзе адбудзецца саміт НАТО. Падчас яго адбудзецца пасяджэньне камісіі Ўкраіна-НАТО на вышэйшым узроўні, а таксама сустрэча краін «вялікай пяцёркі»: ЗША, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія і Італія па аналёгіі 2014 года. На гэтым полі Ўкраіна мае намер лабіяваць стварэньне міжнароднага мэханізму дэакупацыі Крыму.
«Прадугледжана дастаткова часу, каб мы ў гэтым фармаце зь лідэрамі краін „вялікай пяцёркі“ абмеркавалі пытаньні бясьпекі і рэформаў ва Ўкраіне. Гэта таксама ёсьць пацьвярджэньнем адмысловага партнэрства. Ва Ўкраіне чакаюць, што па выніках сустрэчы, і ў фармаце саміту НАТО, і ў фармаце „вялікай пяцёркі“, мы скаардынуем меры далейшага забесьпячэньня прымусу Расеі да поўнай імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцей і пачатку дэакупацыі Крыму. Мы працягваем настойваць на ўстанове міжнароднага мэханізму дэакупацыі паўвостраву», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.