Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас няма, і вёскі такой няма, але мы тут жывём» — рэпартаж з «чарнобыльскай» вёскі Галоўчыцы


Галоўчынская школа зарастае хвойнікам
Галоўчынская школа зарастае хвойнікам

29 гадоў таму выбухнуў Чарнобыль. За прамінулы час тысячы беларускіх сем’яў з Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Берасьцейшчыны вымушаныя былі праз радыяцыйную забруджанасьць пакінуць свае родныя мясьціны. Нямала было і тых, хто адмовіўся выяжджаць, альбо, выехаўшы, вярнуліся назад. Яны жывуць у сваіх вёсках і пакідаць іх не зьбіраюцца. Адна з такіх вёсак Галоўчыцы. Яна ў Чэрыкаўскім раёне, што на Магілёўшчыне.

Улетку сюды прыяжджае многа дзяцей, загараюць, поўзаюць

Напрасткі празь лясы Галоўчыцы за 12 кілямэтраў ад Чэрыкава. Асфальтаванай жа шашою ды дагледжанай грунтоўкаю — усе дваццаць. Вёска праз радыяцыйную забруджанасьць глебы — у зоне з правам на адсяленьне. Між тым па дарозе ў паселішча не пабачылі ніводнага знаку «Радыяцыя».

У некалі цэнтральнай сядзібе калгасу «Чырвоны араты» цяпер жыве дзясятак чалавек. Двое зь вяскоўцаў сустрэлі журналіста каля аўталаўкі. Яна прыяжджае сюды два разы на тыдзень.

«Усё добра ў нас. Мы жывём і слава богу. Усе адчуваюць сябе нармальна. А вось людзі, якія адсюль выехалі, ужо паўміралі, — бойка апавядае пра тутэйшае жыцьцё адна з жанчын. — Вось табе і Чарнобыль, і радыяцыя. Мы тут жывём, а там людзі паміраюць».

Дарога ў Галоўчыцы
Дарога ў Галоўчыцы

«І канцэрт да нас прывозяць. Прыяжджае пошта ды аўталаўка, — працягвае вяскоўка. — А што нам патрэбна яшчэ? Столькі людзей езьдзяць да нас, каб вы толькі бачылі. І па рыбу да нас, і ў грыбы да нас. А калі б была радыяцыя, то хто б да нас езьдзіў?»

Жанчына тым ня менш прызнаецца, што іхная вёска лічыцца адселенай і надыдзе час, калі яе, як і навакольныя паселішчы, пахаваюць.

Абжытыя двары суседзяць з пакінутымі
Абжытыя двары суседзяць з пакінутымі

«Нас жа няма, і вёскі такой на мапе наагул няма. А мы тут яшчэ жывём. Улетку сюды прыяжджае многа дзяцей. З Мурманску нават прыяжджаюць. І ніхто не баіцца радыяцыі. Загараюць тут дзеці, поўзаюць. І нармальна сябе адчуваюць».

Тое, што вёску пастанавілі адсяліць, суразмоўніцы лічаць несправядлівым рашэньнем. Нядобрым словам згадваюць тых, хто агітаваць выяжджаць у іншыя мясьціны.

«Чэрыкаў таксама мусіць падпасьці пад адсяленьне, але ж ён горад», — выказваюць крыўду суразмоўніцы:

«Тут во былі прылёпкі такія, якія казалі: „Давайце выедзем. Кінем усё“. І за імі некаторыя пацягнуліся. Адзін у нас дужа выказваўся за гэта. Ён трактарыстам быў. Казаў: „Я б туды лепей выехаў ды ў палатцы жыў, бо там палі добрыя“. Вось такія тут былі людзі. А другія не хацелі зьяжджаць, як і мы, — тут і засталіся».

Па гэтым мастку даўно не хадзілі. Не рызыкнуў і журналіст
Па гэтым мастку даўно не хадзілі. Не рызыкнуў і журналіст

Пра калгаснае мінулае вёскі жанчыны апавядаюць з настальгіяй. Зазначаюць, што гаспадарка была перадавая. Усё ў ёй было.

«Было ў нас пад 800 гектараў зямлі. Набудавана ўсяго было. Фэрмы ўзьвялі. Паветку зусім новую кінулі. Вы ж паглядзіце, што і там яшчэ ў нас домікі. Для моладзі будавалі. Асфальт паклалі. Жыві — не хачу. Цяпер вёсак няма, а асфальт ляжыць ад адной да другой», — апісваюць вяскоўкі.

Фэрма разбураецца. Калійныя ўгнаеньні цяпер нікому не патрэбныя
Фэрма разбураецца. Калійныя ўгнаеньні цяпер нікому не патрэбныя

На пытаньне, ці часта ў навакольлі адбываюцца пажары, жанчыны адказваюць, што часта.

«Нядаўна быў пажар. Недалёка адсюль пчалярня была, дык там гарэла, — кажа адна зь вясковак. — Дык тушылі два дні — і пажарныя, і трактары. Урэшце затушылі. Гэта ўсё трава. Вы ж паглядзіце, якая яна тут. Чалавека ж няма, і трава расьце. А хто яе будзе касіць?»

На разьвітаньне адна з жанчын пахвалілася, што з райцэнтру ў Галоўчыцы ходзіць аўтобус. Часьцяком, кажа, яна, як міністар, езьдзіць у ім адна. «Калі ж ніхто ня будзе езьдзіць, дык могуць рэйс скасаваць», — тлумачыць вяскоўка.

«Сумна тут жыць, а што паробіш»

Калгас «Чырвоны араты» расфармавалі ў 1991 годзе. Аглядаючы ў Галоўчыцах тое, што ад гаспадаркі засталося, ня раз наведвала думка: такім будзе праз 29 гадоў сьвет, калі зьнікнуць людзі.

Катэджы, знак заможнасьці калгасу. Цяпер нежылыя і разбураюцца
Катэджы, знак заможнасьці калгасу. Цяпер нежылыя і разбураюцца

Двухпавярховыя панэльныя катэджы, разьлічаныя на дзьве сям’і, паволі разбураюцца. Дворышча вакол іх зарастае. Даволі вялікі будынак школы ўжо схаваўся ў маладым сасоньніку.

Драўляныя ж хаты без гаспадароў разбураюцца хутчэй, чым бэтонныя катэджы. У многіх дахі ўжо ўваліліся ў сярэдзіну дамоў. Фэрмы, нібы прывіды, чакаюць свайго скону ў занядбаньні.

Будынак школы схаваўся ў сасоньніку
Будынак школы схаваўся ў сасоньніку

«Квітненьня не відаць, а хацелася б лепшага, каб людзей болей тут было», — выказваецца пра вясковае жыцьцё яшчэ адзін жыхар Галоўчыц.

Сярэдніх гадоў мужчына адзначае: «Тут жа ўсё ўжо ў занядбаньні. Тое, што раней было, ня вернеш. Самі ж бачыце: ўсё завалена, закінута. Тут сваім гарбом людзі выжываюць. Дый няма куды ім дзявацца. Мне ж у вёсцы добра. Тут ні гулу, ні шуму. Мне во паараць, што пасеяць. Гэтак пакрысе і ўсе выцьвітаем тут».

Драўляныя хаты разбураюцца хутчэй за панэльныя катэджы. У многіх дахі ўваліліся ўсярэдзіну
Драўляныя хаты разбураюцца хутчэй за панэльныя катэджы. У многіх дахі ўваліліся ўсярэдзіну

Мясьціны без чалавека дзічэюць. Прырода вяртае сабе тое, што ў яе забралі. Ваўкі і лісы, кажуць жыхары Галоўчыц, усё часьцей наведваюцца ў вёску. Нядаўна быў выпадак, калі лісіца накінулася на мясцовую жыхарку. Пакусала свойскіх сабак ды пакрала курэй.

«Сумна тут жыць, а што ж паробіш?», — прызнаецца яшчэ адзін вясковец, хату якому далі замест той, што згарэла ў яго ў суседняй вёсцы.

На пытаньне: «З чаго жыве?» мужчына адказвае:

«То таму дапамагу, то другому. На працу, дзе тут уладкуесься. У Чэрыкаве мо і знайшоў бы працу, але туды як хадзіць пешшу. Дваццаць два кілямэтры. Сябар у мяне быў, дык ён памёр. У мяне самога, во, нага баліць. Спачатку адна, цяпер другая».

Галоўчыцы
Галоўчыцы

Вясковец упэўнена заяўляе, што ў вёсцы няма ніякай радыяцыі:

«Тут яе ніколі і не было. Якія павыехалі былі адсюль, дык потым назад паварочаліся. Яны і не хацелі выяжджаць. Тады ж і калгас разагналі ўвесь. І людзей выселілі. Яны б і цяпер вярнуліся, дык куды вяртацца — хаты ж паразабралі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG