Я прыехаў у Варняны, каб пацікавіцца ў местачкоўцаў напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, што яны думаюць пра суседзтва з будучай атамнай станцыяй. Зь вёскі Варняны наўпрост відаць месца, дзе вядзецца будаўніцтва Астравецкай АЭС. Многія вяскоўцы пакінулі калгас і ўладкаваліся туды на працу ў пошуках лепшых заробкаў.
Але тэма гэта для размовы з журналістам, як выявілася, ня вельмі папулярная. Многія, з кім спрабаваў загаварыць, папросту адмаўляліся весьці дыялог, кшталту «у мяне ўсё добра, жыву без праблем». Спадарыня пэнсійнага веку, праўда, на маё пытаньне — як жывецца? — адрэагавала адразу:
Спадарыня: «Цэны надта файныя. Перш за сто тысяч можна было схадзіць хлеба купіць, а цяпер ня купіш ні батона, ні печыва, нічога. Толькі што сваю жывёлу трымаем, праўда, і робім шмат, во, паглядзіце, якія ў мяне рукі. Вось якое ў нас жыцьцё».
Карэспандэнт: «Побач будуецца атамная станцыя, напэўна, многія ўладкаваліся туды на працу, напэўна, маюць лепшыя заробкі...»
Спадарыня: «Людзі то пайшлі працаваць, але ці надоўга яны пайшлі... Во, цяпер наадварот заробкі паскарачалі. А як тут на 2 мільёны 400 пэнсіі пражыць?»
Карэспандэнт: «А як людзі жывуць?»
Спадарыня: «Усе так жывуць, як я жыву. Мы не жывём, а выжываем. Ні адныя таблеткі ня купіш менш чым за сто тысяч. Дык як можна жыць? Нічога ў нас ня будзе, мой ты чалавек. Во, бульбы пасадзілі, а куды яе дзець, бо сьвіней трымаць нельга. Што карова зьесьць, а цяпер астатнюю будзем выварачваць на гной — во якое жыцьцё. Тым, хто працуе ў калгасе, то даюць кавалак мяса і грошы плацяць, а нам выжывай як хочаш».
Яшчэ адна спадарыня сталага веку кажа мне, што пакуль вяскоўцаў ня вельмі турбуе тое, як паўплывае атамная станцыя на іх жыцьцё, справа ў тым, што зараз яе нявестка працуе там у ахове, але заробак не вышэйшы за ейную пэнсію, а больш і зарабіць асабліва няма дзе. Праўда, днямі яна па тэлебачаньні глядзела перадачу пра чарнобыльскую аварыю, паказвалі Брагінскі раён і тое, што людзі там пацярпелі, паволе спадарыні, ніяк не забываецца:
«Я то напэўна ўжо не дажыву, як тут нешта будзе на гэтай станцыі. А дзецям як тут будзе — невядома. Праўда, у тэлевізары кажуць, што яна вельмі бясьпечная, але як яно будзе на самой справе».
Спадар, зь якім завязалася гутарка, найперш апавядае пра тое, што калгас не спрыяе людзям, каб трымалі хатнюю жывёлу. Тлумачыць мне, чаму аграгарадкі — «апошні ўдар пад дых гаспадару».
Ягонага сябра зь непэрспэктыўнай вёскі, дзе ён меў добрую гаспадарку, перасялілі ў аграгарадок у Варняны, далі кватэру, але цяпер яго часьцей можна пабачыць побач з крамай з алькаголем, бо тут не даюць трымаць гаспадаркі, няма нават хлявоў. І дзеці да працы не прывучаюцца, а сядзяць у кампутары. А будаўніцтва атамнай станцыі ён называе папросту авантурай:
«Ну там пайшлі людзі трошкі працаваць, але цяпер многіх скарачаюць, каб у калгас ішлі. Адразу, здаецца, плацілі, каб заманіць, а потым і палову ня сталі плаціць таго, што раней давалі. Ну а хто хоча плаціць? А атамная — гэта страшна. Яна як чмыхне, то гэта будзе крапчэй, чым Чарнобыльская. Авантура гэта, і больш я нічога не магу сказаць».
Мясцовы актывіст Мікола Ўласевіч, які неаднойчы выступаў супраць будаўніцтва АЭС, расказвае, што асаблівых зьменаў у навакольных вёсках не назіраецца: малапэрспэктыўныя вёскі паціху адміраюць, жыцьцё пераносіцца ў аграгарадкі, адчувальна, паводле яго, зьмяніўся сам Астравец, паколькі набудавалі шмат новага жыльля. Праўда, заўважным, паводле яго, становіцца тое, як людзі апошнім часам баяцца выказваць свае думкі і ня толькі наконт будаўніцтва АЭС, нават у асяродку вяскоўцаў.
Уласевіч: «Проста людзі не задумваюцца, чаго можна чакаць ад гэтае станцыі. У большасьці яны думаюць, што калі і здарыцца нейкая бяда на гэтай станцыі, то яна іх не закране. Вы ж разумееце, у якой краіне мы жывём — усе мы тут рабы ў квадраце ці нават у кубе, баімся, каб заўтра за намі не прыйшлі дахаты ці не папёрлі з працы. Таму людзі ўсе маўчаць і ніхто і ніяк сябе ў гэтым не праяўляе».
Астравецкі актывіст Іван Крук, які зьбіраў подпісы супраць будаўніцтва атамнай станцыі, кажа, што цяпер ні ў СМІ ні на грамадзкіх сходах, прэс-канфэрэнцыях не абмяркоўваюцца наступствы АЭС для Астравецкага раёну. Раней, паводле Крука, улады хваліліся, што іх раён самы экалягічна чысты ў вобласьці, а цяпер пра гэта нічога ня кажуць. Раней і людзі, паводле Крука, больш надзеі ўскладалі на гэтае будаўніцтва, але калі там пазьніжалі заробкі і пачалі скарачаць працоўных, тэма нібы сама сабою стала не настолькі актуальнай.
Крук: «Думкі людзей даўно падзяліліся. Многія абураныя будаўніцтвам у запаведніку атамнай станцыі, бо наступствы ад гэтага абавязкова будуць. Але многія падтрымліваюць будаўніцтва. Іх аргумэнты зводзяцца да таго, што Астравец будуюць, ён стаў падобны да сапраўднага гораду, разьвіваецца інфраструктура, бальніца будзе новая і міліцыі стала болей».
Што датычыць міліцыі, то яе відавочна паболела, бо ў Варнянах мяне спынялі двойчы, каб спраўдзіць дакумэнты і ўдакладніць мэту прыезду.