Маладая спадарыня: У прэзыдэнта запытайце. Ну, слабая эканоміка, што вы ад мяне хочаце? Будзем дармаедамі.
Пэнсіянэрка: Такога бардаку, як зараз, яшчэ не было. І нават мы не ўяўляем, як далей нам жыць. Кажуць, што ўсё для народу, а робяць усё наперакос людзям. Што, мы не зарабілі сабе нармальнае жыцьцё, як немцы? Мы ж перамаглі ў вайну, а жывём, як пераможаныя, як рабы.
Спадар сярэдняга веку: У эканоміку лезьці ня трэба, яна павінна сама кіраваць сабой. Цэны самі стануць на месца: будзе дорага — ня будуць купляць, будзе танна — будуць купляць так шмат, што ня хопіць тавару. Таму ў эканоміку дзяржава лезьці не павінна.
Малады спадар: Паглядзіце на цэны! Нават тое, што ў нас, у Беларусі, вырабляюць, — у Расею прывозяць і прадаюць у тры разы таньней. Тую ж сьвініну, ялавічыну. А тут — для сваіх свая ж прадукцыя даражэйшая ўтрая! То гэта як разумець?
Спадарыня сярэдняга веку: Ад нас, ад простага народу, мала што залежыць. Урад, дзяржава павінны гэта неяк рэгуляваць. Мы працуем і працуем, а заробак наш паводле курсу даляра дык увогуле шугануў уніз. Зусім капейкі сталі атрымліваць.
Спадарыня сярэдняга веку: Мы людзі маленькія, і нас даляр мала хвалюе — нам хоць бы на хлеб хапіла. Хвалюе нас толькі, што падымуцца цэны і прадукты ня купіш за тыя капейкі, што маем.
Пэнсіянэрка: А я свайму ўраду ўдзячная, асабліва прэзыдэнту. Я жыву спакойна, своечасова атрымліваю пэнсыю, сплю спакойна, дзеці ходзяць спакойна.