Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналізацыя замест прыватызацыі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Такім чынам, яшчэ адно прыватнае беларускае прадпрыемства нацыяналізаванае. Ужо можна лічыць фактам, што супрацоўнікам «Мотавела» прадставілі новага дырэктара — былога кіраўніка Менску Мікалая Ладуцьку. Што ўскосна пацьвярджае кулюарную інфармацыю пра арышт гаспадара гэтага прадпрыемства Аляксандра Мураўёва, а таксама іншых партнэраў кампаніі ATEC Holding, у тым ліку двух ягоных братоў. Агулам за кратамі нібыта апынуліся дзевяць чалавек.

Аляксандар Мураўёў — вядомы бізнэсовец з Аўстрыі. Ён набыў у Беларусі тры шклозаводы, «Мотавела» з даччынымі структурамі, шэраг іншых прадпрыемстваў. Аляксандар Лукашэнка ня мог нарадавацца супрацоўніцтву з гэтым прадпрымальнікам, ягоная праца адзначалася кіраўніком дзяржавы як узор працы замежнага бізнэсоўца. У якасьці грамадзкай нагрузкі на яго павесілі Беларускую фэдэрацыю роварнага спорту. І вось такі канец.

Паводле той жа афіцыйна не пацьверджанай інфармацыі, арыштаваных абвінавачваюць у невыкананьні інвэстыцыйнай дамовы, спробе вывесьці капітал зь Беларусі. «Справа Мураўёва» — вельмі паказальная, яна шмат кажа пра ўмовы працы ў Беларусі замежных інвэстараў, дае багата падставаў для разважаньняў і высноваў.

Найперш, калі арыштоўваюць бізнэсоўца, які блізка знаёмы з Лукашэнкам, быў пад ягонай пэрсанальнай апекай, то чаго можна чакаць іншым прадпрымальнікам, якія ня так абароненыя? Можна ўявіць, якая нэрвовая атмасфэра пануе цяпер у кіроўных вярхах, калі аднаго за адным садзяць за краты людзей на вельмі сумнеўных падставах. Узгадаем «справу Мальцава», «справу Пракапені», і вось цяпер — «справа братоў Мураўёвых».

Цяжка нешта казаць пра юрыдычны бок справы. Але невыкананьне інвэстыцыйнай дамовы — не злачынства. Увогуле, у цывілізаваных краінах спрэчку паміж дзяржавай і прыватнай кампаніяй разглядае суд. Часта выкананьне інвэстыцыйнай дамовы немагчымае зь незалежных ад прадпрымальніка прычын. Напрыклад, зьмяняюцца эканамічныя ўмовы ў краіне, сьвеце і інш. І ўвогуле, калі бізнэсовец ня можа свабодна распарадзіцца атрыманым прыбыткам, перавесьці яго з адной краіны ў іншую, то нашто такі бізнэс?

Лукашэнка — Мураўёву: Калі ты зробіш ровар нармальны?

Цяпер у Беларусі эканамічны крызіс. Шмат якія галіны апынуліся ў правале. Вытворчасьць шкла зрабілася стратнай. Вось як старшыня назіральнай рады СЗАТ «Шклозавод «Ялізава» Аляксандар Мураўёў тлумачыў сытуацыю:

«Пры вытворчасьці шклатары 30% сабекошту займае газ. Калі пачыналі працу, кошт адной тысячы кубамэтраў быў і для нас, і для нашых расейскіх канкурэнтаў аднолькавы — 40 даляраў... З 2011 году намеціўся разрыў у тарыфах. А сёньня ён катастрафічны. Расейскае прадпрыемства плаціць за тысячу кубоў газу 70 даляраў. Мы — 340. Ці можна канкураваць у такіх умовах?»

Нагадаю, што Расея прадае газ Беларусі сёлета па цане 134 даляры за 1 тыс. куб. м. Але дзяржава перапрадае яго суб’ектам гаспадараньня ў 2,5 раза даражэй. Рэшту забірае ў бюджэт, а потым абвінавачвае гаспадарнікаў у дрэннай працы.

Мураўёў набываў беларускія прадпрыемствы бяз конкурсу, тэндэру, што само па сабе — парушэньне заканадаўства. Зь ім дамовіліся «па паняцьцях». Ягоны бізнэс у Беларусі — гэта клясычны прыклад індывідуальных ільготаў. Вось цяпер чым абарочваюцца для замежных бізнэсоўцаў тыя льготы. Калі бізнэс грунтуецца не на законах, правілах, а на пэрсанальных дамовах, то і з гэтым інвэстарам цяпер разьбіраюцца «па паняцьцях». Невядома, на якіх юрыдычных падставах улады прызначаюць дырэктарам «Мотавела» свайго чыноўніка. Пра фармальную нацыяналізацыю гэтага прадпрыемства нічога ня чутна. Імаверна, як і з фабрыкамі «Камунарка» і «Спартак», дастаткова было вуснага загаду кіраўніка дзяржавы. А аформяць канфіскацыю чужой маёмасьці ўжо задняй датай.

Урад распрацаваў праект стратэгіі прыцягненьня ў Беларусь прамых замежных інвэстыцыяў на 2016–2020 гг. Пытаньне на засыпку: ці шмат яшчэ ў сьвеце засталося рызыкантаў, якія захочуць паспрабаваць спэцыфічныя беларускія ўмовы вядзеньня бізнэсу?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG