Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў бацьку школьніцы, якая загінула на бульбе, прызнаць, што ягоная дачка «працавала»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сям'я школьніцы заявіла, што мае намер абскардзіць рашэньне суду.

12 сьнежня суд Маладзечанскага раёну пастанавіў, што пазоў бацькі загінулай на ўборцы бульбы школьніцы не падлягае задавальненьню. Паводле пастановы суду, дзяўчынка на поле не працавала, а выхоўвалася.

Як перадае Tut.by, cуд адмовіў у задавальненьні пазоўных патрабаваньняў бацькі школьніцы, а менавіта ў прызнаньні працоўных дачыненьняў паміж школьніцай і ААТ.

«Працоўных адносін паміж Папчэняй і ААТ не было», — зачытаў рашэньне судзьдзя Ігар Гарановіч.

На думку суду, даказаны той факт, што школьніца была адпраўленая на поле ў рамках вучэбна-выхаваўчага пляну СШ № 11 г. Маладзечна. Па сутнасьці дзяўчынка на поле не працавала, а выхоўвалася. Таму суд абавязаў аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкаму правесьці спэцрасьсьледаваньне няшчаснага выпадку са сьмяротным вынікам школьніцы Вікторыі Папчэні і скласьці акт паводле вынікаў. Усё гэта будзе рабіцца на падставе Інструкцыі аб расьсьледаваньнi i ўлiку няшчасных выпадкаў з навучэнцамі і выхаванцамі.

Сям'я школьніцы заявіла, што мае намер абскардзіць рашэньне суду.

***

У судзе Маладзечанскага раёну разглядалі грамадзянскі пазоў бацькі школьніцы, што загінула на ўборцы бульбы ў СВК «Усход-Агра». Алег Папчэня прасіў устанавіць факт працоўных дачыненьняў паміж ягонай дачкой і арганізацыяй. У такім выпадку правесьці спэцыяльнае расьсьледаваньне здарэньня як няшчаснага выпадку на вытворчасьці павінен быў Дэпартамэнт дзяржінспэкцыі працы.

Першапачаткова адказчыкам у справе было ААТ «Усход-Агра» — прадпрыемства, на полі якога загінула дзяўчынка падчас уборкі ўраджаю.

У судзе высьветлілася, што спэцрасьсьледаваньне выпадку можа правесьці і аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкаму. На пытаньне суду, чыёй дапамогай хацеў бы скарыстацца бацька, Алег Папчэня заявіў:

«Мне ўсё роўна, хто будзе праводзіць. Проста, як мне здаецца, выяўленыя ня ўсе факты. Ня ведаю, у каго якія паўнамоцтвы і хто як праводзіць праверку. Хацелася б, каб і Дэпартамэнт інспэкцыі працы, і аддзел адукацыі праводзілі расьсьледаваньне. Будзе добра параўнаць вынікі».

Раней упраўленьне адукацыі па Менскай вобласьці праводзіла ўласную службовую праверку інцыдэнту. Там прыйшлі да высновы, што працоўныя дачыненьні паміж школьніцай і ААТ усё ж былі, таму рэкамэндавалі аддзелу адукацыі ў Маладзечне зьвярнуцца па расьсьледаваньне няшчаснага выпадку ў інспэкцыю працы.

У выніку суд пастанавіў прыцягнуць у якасьці суадказчыка ў справе аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкаму, а таксама Дэпартамэнт дзяржінспэкцыі працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG