Лічба беларускамоўнага школьніцтва скарачаецца год ад году. Толькі за апошнія сем гадоў такіх дзяцей стала на 50 тысяч менш. У параўнаньні з 2006/2007 гадамі іх стала менш у два разы (245 900 і 128 600 адпаведна) У першую чаргу гэта адбылося за кошт закрыцьця вясковых школ і пераводу іх на расейскую мову навучаньня. Амаль усе школьнікі беларускамоўных школ жывуць у сельскай мясцовасьці (86,6%). 91,8% гарадзкіх дзяцей вучацца па-расейску.
Гэта мэтанакіраваная палітыка, — перакананая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
«Пасьля 1995 году ў нас пачаўся гвалтоўны перавод школ зь беларускай на расейскую мову навучаньня. Такіх фактаў было безьліч, але пра гэта не прынята казаць, — кажа дэпутатка. — Увесь час толькі кажуць пра нібыта гвалтоўную беларусізацыю ў пачатку 90-х».
Насамрэч, распавядае Анісім, беларускамоўнае школьніцтва 90-х пачыналася з набору ў першыя клясы. Сярэднюю і старэйшую школу, як правіла, на беларускую мову не пераводзілі.
«А сёньня мы маем сытуацыю, калі закрываюцца вясковыя школы. І дзеці, правучыўшыся на беларускай мове, вымушаныя езьдзіць у гарадзкія школы і вучыцца па-расейску, — заяўляе дэпутатка. — І пра гэта ніхто ня кажа як пра дыскрымінацыю!»
Алена Анісім, якая зьяўляецца першым намесьнікам старшыні Таварыства беларускай мовы, кажа, што фактаў уціску беларускамоўнай адукацыі безьліч. Пры гэтым, паводле яе дадзеных, беларускамоўныя ўстановы з добрым узроўнем адукацыі ніколі ня мелі праблемаў з наборам дзяцей.
«Ёсьць праблема: бацькі нібыта і хочуць беларускамоўнае навучаньне, але яны нібыта мусяць скамплектаваць кляс, — апісвае сытуацыю Анісім. — Прабачце, гэта не зафіксавана ані ў якіх актах, гэта ня іх праблема. Гэта клопат чыноўнікаў!».
Анісім зьвяртае ўвагу і на праблему бесьперапыннасьці беларускамоўнай адукацыі. Нават калі дзіцяці пашанцавала вучыцца па-беларуску ў школе, трапіць у беларускамоўны ўнівэрсытэт амаль немагчыма.
Сёлета на ЦТ па беларускай мове запісалася 30,9% абітурыентаў. Летась было 22,1%
Паводле падлікаў мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, «у 2014/15 навучальным годзе ў нас было 135100 школьнікаў, якія вучыліся па-беларуску. Іх чакала 300 месцаў і ў каледжах, і ва ўнівэрсытэтах (вядома, паступаюць найперш сёлетнія выпускнікі, але мы супастаўляем агульныя лічбы). Адпаведна па-расейску вучылася 795300 школьнікаў. На іх разьлічана 128100 навучэнскіх месцаў у ССНУ і 362600 — у вышэйшых школах.
Няхітры падлік прапорцыяў паказвае, што расейскамоўны школьнік мае ў 73 разы больш шанцаў прадоўжыць навучаньне на мове школы, чым беларускамоўны. А што да ўнівэрсытэтаў, то беларускамоўны школьнік мае ў 205 (!) разоў менш магчымасьцяў вучыцца там на мове сваёй школы, чым вучань расейскамоўнай установы сярэдняй адукацыі».
1 да 205. Права беларускамоўных на адукацыю ў лічбах. Да Міжнароднага дня матчынай мовы
Цяпер у плянах Алены Анісім сустрэча зь міністрам адукацыі. «Буду абмяркоўваць трывожныя тэндэнцыі, нават ужо не тэндэнцыі, а трэнд пайшоў, што закрываюцца беларускамоўныя школы», — кажа Анісім.
На пытаньне, ці ёсьць віна грамадзянскай супольнасьці ў тым, што колькасьць школьнікаў у беларускамоўных школах скарачаецца, Анісім адказвае адмоўна:
«Грамадзкія арганізацыі паўплываць на гэта аніякім чынам ня могуць. Мы ўжо колькі спрабавалі. І не пускаюць, і забараняюць. Дэпутаты нават праходзяць у школу толькі са сваім пасьведчаньнем. Вось і ўсё. Гэта замкнёная сыстэма, куды няма допуску грамадзянам», — тлумачыць дэпутатка.
«Гэта працэс таго, як дзяржава забясьпечвае права беларускамоўнага навучаньня. Ніяк яна яго не забясьпечвае, — працягвае Анісім. — Вось прыклад: у Жодзіна Настасься Гурыловіч зь мінулага году пачала клапаціцца пра тое, каб дзіця навучалася па-беларуску. Чыноўнікі пра гэта ведалі. Яны што-небудзь зрабілі? Нічога! Толькі заняліся адпіскамі, маўляў, «ня будзем ствараць кляс для аднаго чалавека».
Дырэктар «Арт-сядзібы» і ініцыятар многіх беларусацэнтрычных праектаў Павал Белавус кажа, што толькі дзякуючы грамадзянскай супольнасьці беларуская мова яшчэ жывая.
«Мова гучыць з вуснаў моладзі, на ёй зьяўляюцца цікавыя прадукты, сучасная літаратура. Сваімі сіламі, на жаль, мы бяз добрай падтрымкі дзяржавы, без спрыяньня, без заканадаўчых зьменаў, можам толькі ня даць ёй памерці, — разважае ён. — А сілаў ня так шмат. Ва ўсіх нармальных краінаў усе праекты, зьвязаныя з мовай, найперш дзяржаўныя».
Павал кажа, што грамадзянская супольнасьць ня ў стане зрабіць так, каб усе загаварылі па-беларуску. «Але мовы з вуснаў звычайных людзей больш, чым 10 гадоў таму, — заўважае ён. — Зьмены ёсьць, але не такія вялікія, як хацелася б».