Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без партрэта Лукашэнкі. Гудзевіцкаму музэю Алеся Белакоза — 50


Вера Белакоз у Гудзевіцкім музэі
Вера Белакоз у Гудзевіцкім музэі

2 лютага Гудзевіцкаму дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй, які стварыў і больш за 30 гадоў узначальваў заслужаны настаўнік Беларусі Алесь Белакоз, сьвяткуе юбілей.

Свабода напярэдадні 50-годзьдзя ўстановы наведала жонку Алеся Белакоза Веру Ігнатаўну, якая прыгадала, як ствараўся і дзейнічаў музэй, як жыў і працаваў вядомы настаўнік і руплівец.

Вера Белакоз
Вера Белакоз

Вера Белакоз жыве адна, яе наведваюць дзеці, унукі, праўнукі. Часам жанчыну запрашаюць у музэй, каб падзялілася таямніцамі ткацтва. Яна заўсёды адклікаецца на запрашэньні — раіць, паказвае, дапамагае. Вера Ігнатаўна зь першых дзён прысутнічала і ўдзельнічала ў стварэньні музэю, шмат зрабіла дзеля таго, каб у Гудзевічах адрадзілася тэхніка стварэньня падвойных дываноў.

Адкрыцьцё музэю ў Гудзевічах было прымеркавана да дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага

Пачатныя крокі ў стварэньні музэю Веры Ігнатаўне ўспомніць складана, праўда, яна ведае, што першыя экспанаты датуюцца 1965 годам і прыгадвае, што Алесь Белакоз правёў вялікую падрыхтоўчую працу, а адкрыцьцё музэю ў 1968 годзе было прымеркавана да 130-годзьдзя з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага.

Спачатку музэй ствараўся як літаратурна-краязнаўчы, але пазьней, згадвае спадарыня Вера, да яго стварэньня далучылі настаўніка гісторыі (з тым, каб пашырыць тэматыку), адвялі асобны пакой, у які зьбіралі экспанаты.

Бюст Алеся Белакоза ў Гудзевіцкім музэі працы Гэніка Лойкі
Бюст Алеся Белакоза ў Гудзевіцкім музэі працы Гэніка Лойкі

— Праўда, гісторык цікавасьці да гэтага не праявіў. Літаратурныя экспанаты пачалі выцясьняць тыя, якія датычыліся гісторыі краю. Ён нават умудрыўся зьнішчыць драўляную саху, якую дзеці прынесьлі ад свайго прадзеда. Тым ня менш Алесь Мікалаевіч здолеў выправіць і гэтую сытуацыю, і экспанаты пацяклі жывым ручайком у музэй.

Вера Ігнатаўна кажа, што ніколі не была на ўроках і факультатывах, якія праводзіў ейны муж, але бачыла і разумела па тварах і ўчынках дзяцей, што ён вучыць іх шанаваць нашую даўніну, любіць родны край, мову, культуру і ганарыцца імі.

Некаторых самых каштоўных экспанатаў цяпер няма ў экспазыцыі

Алесь Мікалаевіч так здолеў захапіць дзяцей музэйнай справай, што школьнікі несьлі да яго самыя розныя рэчы. Ён з павагай і далікатнасьцю ставіўся да кожнага прынесенага экспаната, адзначаў гэта перад усімі вучнямі, заўсёды імкнуўся як мага дакладней ім расказаць пра значнасьць той ці іншай рэчы.

З часам пачалі зьяўляцца экспанаты, якія сьведчылі аб дзейнасьці КПЗБ і Грамады ў 20-30-я гады, знайшлі дарэвалюцыйны беларускі лемантар, кавальскія і ганчарныя вырабы, цагліны ХІХ стагоддзя, нацыянальныя строі і іншае. Некаторымі экспанатамі ён асабліва даражыў, і ня кожны музэй у раённым і абласным цэнтрах маглі б нечым падобным пахваліцца.

Фота Ларысы Геніюш і Паўліны Мядзёлкі. Экспанат у Гудзевіцкім музэі
Фота Ларысы Геніюш і Паўліны Мядзёлкі. Экспанат у Гудзевіцкім музэі

— Самымі каштоўнымі экспанатамі сам Алесь Мікалаевіч лічыў першае выданьне «Дудкі Беларускай» Францішка Багушэвіча, асабістыя рэчы Ларысы Геніюш, вершы, напісаныя ейнай рукой. Зоська Верас перадала музэю свае ўспаміны, рукапісы, зь яе ініцыятывы была адкрыта ўнікальная заля народнай мэдыцыны, дзе дэманстраваліся рэцэпты, зёлкі, малюнкі. Алесь Мікалаевіч лічыў гэта вялікай каштоўнасьцю, але цяпер гэтай залі няма, застаўся толькі невялікі стэнд, — кажа спадарыня Вера.

Арыгінал «Мужыцкай праўды». Экспанат з Гудзевіцкага музэю
Арыгінал «Мужыцкай праўды». Экспанат з Гудзевіцкага музэю

Няма ў экспазыцыі і беларускага глобуса, які перадала музэю Зоська Верас і якім так заўсёды ганарыўся Алесь Мікалаевіч.

Сёньня збор Гудзевіцкага музэю налічвае 15 тысяч экспанатаў

Спадарыня Вера згадвае, што падчас рэканструкцыі музэю, якая вялася ў двухтысячныя гады ўжо без Алеся Белакоза, шмат што зьмянілі. Як прыклад, яна згадвае залю, дзе ўсё было зьвязана з ільном: ад ільнянога зярняці праз усю тэхналёгію апрацоўкі і да вырабу з ільну сукна і прыгожых нацыянальных строяў.

У Гудзевіцкім музэі
У Гудзевіцкім музэі

— Алесь Мікалаевіч, калі памятаеце, парабіў такія адсекі, і ў кожным зь іх былі прадстаўленыя паасобку экспанаты: ганчарныя вырабы, мэталёвыя рэчы; асобна — ткацтва, драўляныя вырабы, беларускі строй, вырабы з саломы і іншае. Усё было ўпарадкавана і даволі лягічна сьведчыла пра побыт людзей мясцовага рэгіёну, іх культуру, заняткі, мастацкія вартасьці. Экспанаты былі сабраны так, што калі іх прымяніць, то можна было адразу ўявіць, як у мінулыя часы імі карысталіся. Часам Алесь Мікалаевіч гэта нават і дэманстраваў, — успамінае Вера Ігнатаўна.

Цяпер гэтага нічога няма, а ў залях толькі асобныя экспанаты, вырваныя з кантэксту.

— Абяцаюць, што нешта даробяць, — кажа Вера Ігнатаўна. — Цяпер у музэі нібыта ўсё прыгожа, але ня так, як было пры Алесю Белакозу. Зьнікла самабытнасьць.

Як чыноўнікі ставіліся да Белакоза, а Белакоз да чыноўнікаў

Расказваючы пра тое, як ствараўся музэй, спадарыня Вера раптам згадала пра шматлікіх правяральнікаў, якія наведваліся ў Гудзевічы і кантралявалі тое, што тут адбываецца. Яна кажа, што муж не заўсёды дзяліўся зь ёй тымі крыўдамі, якія даводзілася цярпець, але яна і сама бачыла і чула, як часам абыходзіліся зь ім.

Неразабраны архіў Алеся Белакоза
Неразабраны архіў Алеся Белакоза

— Ён цяжка гэта ўсё пераносіў, але ад свайго не адступаў, — кажа спадарыня Вера. — А па сутнасьці, крыўдзілі яго за беларускасьць, за тое, што шанаваў самае дарагое, нацыянальнае, ад чаго ўлады заўсёды імкнуліся адхрысьціцца.

Ёй найперш прыгадалася, як Алесю Белакозу пад пагрозай звальненьня загадалі прыняць стэнд, прысьвечаны Ларысе Геніюш, з экспазыцыі музэю. Але ён быў не такім чалавекам, каб адразу ўзяць пад казырок і адрапартаваць начальству. Ён зрабіў па-свойму, і Вера Ігнатаўна нагадала вядомую гісторыю пра тое, як Белакоза ад звальненьня ўратаваў подпіс першага беларускага касманаўта на кніжцы Ларысы Геніюш.

Фота Ларысы Геніюш і ліст напісаны яе рукой. Экспанаты ў Гудзевіцкім музэі
Фота Ларысы Геніюш і ліст напісаны яе рукой. Экспанаты ў Гудзевіцкім музэі

— Давялося ўначы выткаць гальштук зь беларускім арнамэнтам і імянным надпісам. Алесь Мікалаевіч да каштоўнага падарунка першаму беларускаму касманаўту, які толькі што вярнуўся з далёкага палёту, далучыў кнігу «Невадам зь Нёмана» і тэрміновай поштай адправіў усё ў Зорны гарадок. Кніга з аўтографам хутка вярнулася і заняла пачэснае месца ў музэі, і ніхто ня мог ужо загадаць прыняць яе з экспазыцыі.

Неяк у музэй наведалася сталічная дэлегацыя на чале з Георгіем Таразевічам. Алесь Мікалаевіч пацікавіўся, на які час разьлічваць экскурсію для менскіх гасьцей? Яму адказалі: хвілін на дваццаць.

— Ён толькі ўсьміхнуўся і сказаў, што дзеля гэтага ня будзе марнаваць свой час, паколькі правесьці экскурсію па ягоным музэі за такі тэрмін папросту немагчыма, — згадвае спадарыня Вера.

У яго папрасілі прабачэньня і прапанавалі правесьці экскурсію так, як ён лічыць патрэбным.

— Вось менавіта ў такіх учынках і праяўляўся Алесь Белакоз, — выводзіць Вера Ігнатаўна.

«Нічога не перарабляйце, бо ўсё вельмі каштоўнае»

Аднойчы Гудзевіцкі музэй наведалі менскія мастакі, якія прафэсійна займаюцца афармленьнем музэяў. Белакоз правёў іх па залях, распавёў, паказаў, а потым пытаецца: «Вы ўсё тут пабачылі, а цяпер скажыце — што тут ня так зроблена?» Адзін з адмыслоўцаў яму адказаў: «У вас усё тут ня так зроблена, паколькі сучасныя музэі афармляюцца іншым спосабам. Але вы нічога тут не мяняйце, бо тут усё каштоўнае, арыгінальнае і без падробкі».

Экспанат у Гудзевіцкім музэі
Экспанат у Гудзевіцкім музэі

У музэй, асабліва ў савецкія часы, прывозілі шматлікія дэлегацыі ня толькі з усяго Савецкага Саюзу, тут пабывалі шматлікія дэлегацыі з замежных краінаў. І не было ніводнай дэлегацыі, якая б не выказвала свайго захапленьня ад убачанага.

Аднавяскоўцы ставіліся па-рознаму

Спадарыня Вера згадвае, што мясцовыя людзі ў асноўным з павагаю ставіліся і да Алеся Мікалаевіча, і да ягонай справы. Праўда, былі і такія, хто папракаў ці кпіў зь яго, маўляў, калі ты, Алесь, спынісься хадзіць па хатах і жабраваць...

Здымак Алеся Белакоза
Здымак Алеся Белакоза

— Былі нават і сярод настаўнікаў нядобразычліўцы. Дырэктар школы, напрыклад, любіў аб’явіць усім пэдагогам, што да нас прыяжджае чарговая праверка, паколькі ў нашай школе ёсьць музэй. А адна настаўніца казала, што колькі гадоў прапрацавала — ніколі плянаў урокаў не пісала, а тут трэба пісаць, бо ў школе беларускі музэй і прыедзе праверка.

Паводле Веры Белакоз, муж часта маўчаў на такія словы, але часам і адказваў.

— Як бы цяжка што ні было, ён увесь час працаваў і, чаго мог, дабіваўся, — кажа спадарыня Вера.

Звольнілі за тое, што ў музэі не трымаў партрэта Лукашэнкі

Алеся Белакоза адхілілі з пасады ў 2004 годзе. Мастоўскае начальства шукала надуманыя прычыны. Вера Ігнатаўна кажа, што найперш яму закінулі, што ня чысьціў сьнегу побач з музэем, а больш сур’ёзнае абвінавачваньне стала тое, што ў музэі не было партрэта Лукашэнкі.

Неразабраны архіў Алеся Белакоза
Неразабраны архіў Алеся Белакоза

Але Белакоз, хоць яго гэта і не ўратавала, адказаў начальству, што Лукашэнка не пісьменьнік і не літаратар, а таму і партрэта яго ў музэі быць ня можа.

Спадарыня Вера прыгадвае, што ён вельмі хваляваўся, калі яго звольнілі, бо ўсё жыцьцё было ўкладзена ў музэй. Але сядзеў за кампутарам, напісаў і выдаў кнігу і ўвесь час займаўся ўпарадкаваньнем архіваў. Зрэдку наведваўся ў музэй, але з часам зразумеў, што там яго не чакаюць.

Гудзевіцкі музэй
Гудзевіцкі музэй

Тым ня менш многія наведнікі, якія прыяжджалі з розных куткоў Беларусі і замежжа, прыходзілі да яго, каб ён правёў экскурсіі, і Белакоз нікому ніколі не адмаўляў.

Раённае начальства супраць наданьня музэю імя Алеся Белакоза

Больш за паўгода таму грамадзяне зьвярнуліся да кіраўніцтва Мастоўскага раёну з прапановай надаць Гудзевіцкаму музэю імя Алеся Белакоза. Старшыня райвыканкаму Юры Валяваты адказаў: немэтазгодна. Немэтазгоднасьць Валяваты аргумэнтаваў тым, што сучасная ўстанова культуры «Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй» існуе і разьвіваецца дзякуючы працы многіх людзей, імёны якіх вартыя ўшанаваньня.

Спадарыня Вера ніяк не камэнтуе стаўленьне начальства да гэтага, але ўпэўнена, што час усё расставіць па сваіх месцах, раней ці пазьней.

— Нібыта заплянавана ўсталяваньне памятнай шыльды ў гонар Алеся Белакоза на будынку музэю, — кажа Вера Ігнатаўна. — Праўда, пакуль усё ціха і ніхто нічога пра гэта не гаворыць.

Вера Белакоз
Вера Белакоз

***

Алесь Белакоз нарадзіўся ў 1928 годзе на Гарадзеншчыне, у вёсцы Ляткі Ваўкавыскага павету (цяпер Мастоўскі раён), якая з часам зьлілася зь вёскай Гудзевічы. Амаль усё жыцьцё пражыў там, працуючы настаўнікам роднай мовы і літаратуры.

Алесь Белакоз памёр 1 сьнежня 2016 году на 89-м годзе жыцьця. Белакоз — заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзяяч культуры, адным зь першых быў узнагароджаны мэдалём імя Францішка Скарыны. Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі».

Маладым настаўнікам у 1948 годзе Алесь Белакоз напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх зь цягніка па дарозе ў Менск. Потым раздабыў шрыфт ды надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія зь сябрамі распаўсюджваў у Горадні. Цудам пазьбег арышту і сталінскай карнай сыстэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG