Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муфцій Шабановіч: Адно зло спараджае іншае


Абу-Бакір Шабановіч
Абу-Бакір Шабановіч

Муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Абу-Бакір Шабановіч асудзіў нападнікаў на рэдакцыю сатырычнага часопісу Charlie Hebdo ў Парыжы.

7 студзеня ў выніку атакі на часопіс загінулі 12 чалавек. У Францыі аб’яўленая жалоба.

Камэнтуючы трагічныя падзеі, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды муфці Шабановіч адзначыў:

«Гэта вялікая бяда. Ганьба тым, хто гэта творыць. Гэта, адназначна, твораць бандыты, а не мусульмане. Таму мы выказваем спачуваньне сем’ям тых, хто загінуў. Мы выказваем спачуваньне грамадзтву Францыі. Няхай наводзяць там парадак, няхай зброю адзін на аднаго не уздымаюць. Пажаданьні цярпеньня і павагі адзін да аднаго.

А тое, што гэтыя бандыты цень наводзяць і на мусульман, нават і на іслам, — гэта ганьба. Яны панясуць кару ад усявышняга ўладара. Няхай яны панясуць кару і ў мірскім жыцьці. Гэта адназначна.

А іслам — гэта рэлігія міру, а не вайны ці такіх вось бунтаў ці выпадкаў, якія твораць гэтыя бандыты. Як дыктуе рэлігія наогул, ня толькі іслам, трэба ісьці да людзей зь мірам. А чалавека не маеш права забіваць, бо гэта самы вялікі грэх. І той, хто творыць такое, ён заслугоўвае самай высокай кары.

Як ад усемагутнага ўладара, так і ад дзяржаўных і грамадзкіх сілаў».

Муфцій Шабановіч паведаміў, што беларускія мусульмане правядуць усеагульную малітву і прымуць адмысловую дэклярацыю, выкажуць спачуваньне амбасадзе Францыі ў Беларусі, а праз амбасаду — народу Францыі.

Муфцій Шабановіч. «А француская дзяржава няхай пераглядае сваю палітыку адносін да нацыянальнасьцяў і канфэсій».

Карэспандэнт: «А як вы ставіцеся да таго, што часопіс публікаваў карыкатуры на прарока Мухамэда і іншыя?»

Муфцій Шабановіч: «Адно зло пабухторвае іншае зло. А ўрэшце яшчэ і трэцяе зло. Яны таксама правакавалі, ішлі на такі канфлікт. Іх папярэджвалі, што нельга так рабіць, нельга крытыкаваць самае сьвятое для вернікаў. Ня толькі прарока Мухамэда, апошняга прарока, але і ўсіх прарокаў. Яны пасланьнікі ўсемагутнага, а не цябе. Адны дурні рабілі, а іншыя — забівалі. А на ўсіх добрых вернікаў ва ўсім сьвеце нейкі цень наводзіцца. Вось бачыце, як адно зло спараджае іншае зло. Таму і журналісты павінны задумацца, бо нельга грамадзтва расхістваць, бо жывём у адной лодцы. Трэба да людзей выходзіць з дапамогай, займацца асьветніцкай справай. А ня толькі крытыкай перарабляць грамадзтва, думку яго, жыцьцё вернікаў».

Сярод 12 забітых у тэракце — галоўны рэдактар Charlie Hebdo, журналіст і карыкатурыст Стэфан Шарбанье (Шарб), мастакі-карыкатурысты Жан Кабу, Жорж Валынскі і Бэрнар Вэрлак (Ціну).

З 20 параненых у тэракце чацьвёра ўсё яшчэ знаходзяцца ў цяжкім стане.

Стэфан Шарбанье, разам зь Філіпам Валем і Жанам Кабу, у 1992 годзе адрадзіў Charlie Hebdo. Доўгі час ён вёў у часопісе рубрыку «Шарб ня любіць людзей». У 2009 годзе, пасьля сыходу Філіпа Валя, Шарбанье ўзначаліў рэдакцыю Charlie Hebdo. У 2012 годзе, пасьля паўторных пагроз у свой адрас, калі ў часопісе ў другі раз была апублікаваная карыкатура на прарока Мухамэда, Стэфан Шарбанье вымушаны быў знаходзіцца пад пастаяннай аховай паліцыі. Тады ў адным з інтэрвію Стэфан Шарбанье выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю: «Гэта, магчыма, прагучыць трохі пампэзна, але я аддаю перавагу памерці стоячы, чым жыць на каленях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG