Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры самыя шанаваныя карыкатурысты Францыі загінулі ў адзін дзень


Рэдакцыя часопісу Charlie Hebdo ў Парыжы 2 лістапада 2011 году пасьля выбуху.
Рэдакцыя часопісу Charlie Hebdo ў Парыжы 2 лістапада 2011 году пасьля выбуху.

Напад ісламскіх тэрарыстаў на рэдакцыю сатырычнага часопісу Charlie Hebdo, у выніку якога загінулі 12 чалавек, выклікаў у Францыі шок, бо ў краіне на малюнках гэтага выданьня вырасьлі цэлыя пакаленьні.

Сярод загінулых у Парыжы былі чатыры самыя шанаваныя карыкатурысты Францыі. Вось гэтая легендарная чацьвёрка.

Жан Кабю
Жан Кабю

Жан Кабю (Cabut, Cabu), 76 гадоў, быў вядучай постацьцю ў часопісе Charlie Hebdo. Ён вядомы сваімі круглымі акулярамі і фрызурай «пад бобрыка». Кабю публікаваў свае малюнкі ў мностве францускіх газэт, у тым ліку, у Le Monde, Le Figaro і ў іншым культавым сатырычным штотыднёвіку Францыі — Le Canard Enchaine.

Сярод яго самых вядомых твораў былі малюнкі Вялікага Дучэ, нязграбнага і мяцежнага падлетка, а таксама карыкатуры на францускіх расістаў і шавіністаў. У 1970-х і 1980-х гадах ён браў удзел са сваімі малюнкамі ў вельмі папулярнай дзіцячай тэлевізійнай праграме Recre A2.

Кабю быў бацькам францускага сьпевака Мано Салё (Mano Solo), які памёр у 2010 годзе ва ўзросьце 46 гадоў.

Аднойчы Кабю сказаў, што яму хацелася б, каб мастацтва маляваньня гусіным пяром ніколі не было забытае.

Жорж Валынскі
Жорж Валынскі

Жорж Валынскі, вядомы як Woliński, 80 гадоў. Ён нарадзіўся ў Тунісе ў сям’і паляка ды італьянкі. Валынскі быў ключавой постацьцю францускай мультыплікацыі. Ён пачаў маляваць задоўга да прыходу ў часопіс Charlie Hebdo, які выдаваўся з 1970 году. Малюнкі Валынскага зьяўляліся ў шэрагу францускіх левых газэт і часопісаў. У 2005 годзе ён быў узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёну, найвышэйшай узнагародай Францыі.

«Кабю і я не правакатары, мы не шукаем непрыемнасьцяў», — сказаў ён аднойчы. «Мы проста хочам рабіць добрыя, вясёлыя малюнкі, якія прымушаюць людзей сьмяяцца. Часам мы ідзем занадта далёка, але людзям гэта падабаецца».

Стэфан Шарбанье
Стэфан Шарбанье

Стэфан Шарбанье (Charbonnier), вядомы як Шарб (Charb), 47 гадоў. Ён стаў галоўным рэдактарам Charlie Hebdo ў 2009 годзе пасьля больш чым 15 гадоў працы ў гэтым выданьні. Самымі вядомымі ягонымі вобразамі былі сабака-анархіст Марыс і котка-фашыстка Патапон. Шарбаньне жыў пад аховай паліцыі з-за пагрозаў забойства пасьля публікацыі ў Charlie Hebdo карыкатуры на прарока Мухамада ў 2011 годзе. Пасьля гэтай публікацыі ў акно рэдакцыі была кінутая бутэлька з запальнай сумесьсю, а сайт рэдакцыі быў узламаны.

У адной зь яго апошніх сэрыяў малюнкаў мусульманскі тэрарыст кажа: «Яшчэ не было тэракту ў Францыі? Пачакайце. Да канца студзеня яшчэ ёсьць час, і мы рэалізуем нашы пажаданьні».

Бэрнар Вэрляк
Бэрнар Вэрляк

Бэрнар Вэрляк (Verlhac), вядомы як Ціню (Tignous), 47 гадоў. Ён быў вядомы сваімі простымі, але зьедлівымі карыкатурамі ў францускай прэсе з 1980-х гадоў. Лічыцца, што ён зрабіў значны ўнёсак у папулярнасьць часопісу Charlie Hebdo, а таксама шэрагу іншых вядучых газэт і часопісаў, такіх як L’Express, Le Monde або Marianne. Ён таксама быў аўтарам папулярных коміксаў у часопісе Fluide Glacial.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG