Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-беларуску, каб верылі. Моўная палітыка пераможцаў у вайне


Раздавім фашысцкую гадзіну. № 38. Масква, 1942
Раздавім фашысцкую гадзіну. № 38. Масква, 1942

Колькі было беларускае мовы ў войсках ды прапагандзе пераможцаў 2-й Усясьветнай вайны?

Сьцісла

  • Цяперашні афіцыйны Менск перамогу над нацызмам адзначае па-расейску. Але беларуская мова прысутнічала ў лягеры пераможцаў.
  • Нацыянальныя вайсковыя злучэньні ў БССР спынілі існаваньне ў 1938. У Чырвонай арміі і ў Польскай арміі Андэрса, у якіх служылі беларусы, беларускае мовы не было.
  • Аднак па-беларуску вялася савецкая прапаганда для насельніцтва акупаванай немцамі Беларусі праз шматнакладовыя газэты, сатырычныя плякаты, радыё.
  • Шмат падпольных і партызанскіх выданьняў у Беларусі выходзіла па-беларуску і зьвярталася да тэмы беларускай ідэнтычнасьці. Беларускую мову папоўнілі выслоўямі і прыказкамі найперш публіцыстычныя і сатырычныя тэксты: раздавім фашысцкую гадзіну; шалёнага пса на ланцуг; за няволю, за кайданы.
  • Па-беларуску публікаваліся і выданьні, што выходзілі з дазволу нямецкай улады. Але кпінаў ці стыгматызацыі на моўнай глебе (накшталт „эти свядомые“) тагачасная савецкая прапаганда не практыкавала.

Тэмы службы беларусаў у Чырвонай арміі, савецкага падпольнага друку ў Беларусі ваеннага часу і г. д. асьветленыя вельмі шырока, аднак іх моўны аспэкт не апісаны сыстэмна. А ў ім нямала павучальнага. Толькі пра мову, sine ira et studio.

Беларусы, ваюйце, але безь беларускае мовы

У савецкіх вайсковых структурах беларускае мовы як службовай у пачатку вайны быць ужо не магло, бо тэрытарыяльныя адзінкі Чырвонай арміі, якія ў СССР стваралі з 1923 году (гэта, напрыклад, дзьве Беларускія стралковыя дывізіі), да 1938 году згарнулі, як і многае іншае, што небясьпечна мацавала адчуваньне сувэрэнітэту ў нерасейскіх „рэспубліках“.

І цягам вайны да стварэньня беларускіх вайсковых адзінак у складзе Чырвонай арміі не дайшло, а дакляраваны ў сакавіку 1944 году народны камісарыят (міністэрства) абароны БССР так і застаўся дэклярацыяй, магчыма, для дэманстрацыі сувэрэнітэту „рэспублікі“ перад стварэньнем ААН. Больш як мільён беларусаў у Чырвонай арміі мусілі карыстацца расейскаю моваю, зьберагаючы родную мову ў душы, а хто надзелены талентам — ствараючы мастацкія тэксты. Гэта празь беларускую ваенную прозу замацаваліся мілітарныя русізмы — „смірна“ і падобныя.

Беларусы ў антыгітлераўскай кааліцыі ваявалі ня толькі ў складзе Чырвонай арміі. Шмат беларусаў было ў 2-м Польскім корпусе (арміі Андэрса), яны ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касына, сярод іх — нямала людзей адукаваных і моўна сьведамых.

Аднак і там асобная беларуская адзінка не была створана. Часам носьбітаў беларускае мовы за яе высьмейвалі (у Савецкай арміі таксама так бывала, але ці падчас вайны — ня маю сьведчаньняў). Як піша дасьледнік тэмы Ю. Грыбоўскі, і праваслаўныя капэляны пры корпусе служылі па-польску, і малітоўнік па-беларуску адмовіліся выдаваць, бо „беларусы дастаткова спалянізаваныя“.

Гаворыць Масква

Але ў савецкай інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасьці, адрасаванай насельніцтву акупаваных немцамі тэрыторыяў, беларуская мова заняла месца адразу. Нават у расейскамоўных „цэнтральных“ газэтах здараліся публікацыі па-беларуску: 24 чэрвеня 1941 году „Правда“ надрукавала публіцыстычны верш „Шалёнага пса — на ланцуг!“ Якуба Коласа.

Штабы арміяў выпускалі газэты на розных мовах найперш для салдатаў, якія слаба ведалі расейскую. Аднак беларускамоўныя газэты палітычных упраўленьняў Заходняга і Калінінскага франтоў, што пачалі выходзіць зь ліпеня 1941 году, прызначаліся найперш не салдатам-беларусам, а насельніцтву акупаваных тэрыторыяў. Рэдактарамі выданьняў „За Совецкую Беларусь“ і „За свабодную Беларусь“ былі М. Лынькоў і І. Гурскі, іх друкавалі сотнямі тысячаў асобнікаў і мелі на мэце закідваць за лінію фронту.

У 1942 годзе газэты перадалі камуністычнаму кіраўніцтву БССР, якое раней выпускала газэту „Совецкая Беларусь“ і пад яе назвай аб’яднала ўсе тры выданьні. Друкавалі яе поруч з сатырычнымі каляровымі газэтамі-плякатамі „Раздавім фашысцкую гадзіну“ і „Партызанская дубінка“. „Раздавім…“ (супрацоўнікаў рэдакцыі звалі „раздавілаўцы“) спачатку выходзіла па-расейску, але з 1942 году выданьне пераключылі на беларускую мову.

З Масквы працаваў яшчэ адзін важны сродак савецкай прапаганды на беларускай мове — радыёстанцыя „Совецкая Беларусь“ (з 1 студзеня 1942 году), на хвалі якой, акрамя іншага, надыктоўвалі матэрыялы для падпольнага друку. Колішні дыктар гэтага радыё і літаратар Уладзімер Юрэвіч засьведчыў, што аднаўленьне „бальшавіцкага вяшчаньня на беларускай мове“ было адказам ЦК КП(б)Б на перадачы „так званай краёвай радыёстанцыі беларускага генэральнага камісарыяту“ ў Менску (стэнаграма запісу 1975 г., публікацыя В. Шэіна). „Над кожнай зводкай (у той час вяшчаньне вялося больш як на шасьцідзесяці мовах з Масквы) працаваў Камінтэрн“, — зазначае Юрэвіч, г. зн. беларускамоўныя праграмы былі складоваю часткаю гіганцкай прапагандыскай машыны. Пачыналіся перадачы з Масквы зваротам „Слухай нас, беларускі народ, слухай нас, родная беларуская зямля, гаворыць радыёстанцыя «Совецкая Беларусь»“.

У буйных сродках прапаганды, на якія ішлі вялікія матэрыяльныя рэсурсы (друк, дастава адрасатам, радыётрансьляцыя) працавалі або супрацоўнічалі зь імі прафэсійныя літаратары — Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Кузьма Чорны, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Эдзі Агняцьвет, Пятро Глебка, — і рэдактары. Таму якасьць мовы там даволі высокая. Літаратурныя вартасьці тэкстаў няроўныя, бо абумоўленыя эпохай і жанрам, але некаторыя зь іх беларускую мову ў пэўным сэмантычным сэгмэнце фразэалёгіі, парэміялёгіі, культурных цытатаў узбагацілі: „шалёнага пса на ланцуг“ (Якуб Колас), „за няволю, за кайданы“ (Янка Купала), „паганую траву з поля вон“ (Пімен Панчанка).

Такім чынам, аналітыкі камуністычнай партыі і палітычных органаў арміі ведалі: каб у складаны, зь няяснай пэрспэктывай гістарычны момант здабыць давер у беларусаў, трэба зьвяртацца да іх па-беларуску. А як выглядала моўная палітыка на месцы, у партызанцы і падпольлі?

Па-свойску, каб паверылі

Бальшыню структураў партызанскага руху ў Беларусі кантралявала Масква праз камітэты камуністычнай партыі, дый пачыналі партызанку пераважна нетутэйшыя — акружэнцы і закінутыя з-за фронту агенты. Аднак Юры Туронак заўважае, што зь цягам часу вырасла доля беларусаў у складзе партызанскага падпольля — на лета 1943 году іх было 65,2%.

Тым ня менш унутраная дакумэнтацыя партызанскіх аддзелаў, лісткі ўліку кадраў, ліставаньне з тым бокам фронту, рукапісныя насьценгазэты і падобнае — па-расейску. Хоць этнічныя беларусы гаварылі міжсобку, на мясцовых гаворках, што і прабівалася ў тэксты ў выглядзе беларусізмаў (напр. „бойцы горят жаданнем“ — знайшоў У. Петрусевіч у дакумэнтах партызанаў Віцебшчыны). Хіба што прысягі партызана бывалі ў дзьвюх моўных вэрсіях. Але для прапаганды, скіраванай на звычайных жыхароў, тут жа ўзьнікала патрэба ў беларускай мове.

У партызанскіх аддзелах і брыгадах Беларусі выпускалі спачатку рукапісныя і машынапісныя, а ўрэшце і друкаваныя пэрыёдыкі. Тэхніку або закідвалі з-за фронту, або яны самыя здабывалі яе ў падуладных немцам установах. Паводле розных падлікаў, на тэрыторыі Беларусі выходзіла 163 такія газэты/бюлетэні і 80 часопісаў (В. Адамовіч); паводле БелСЭ, на канец 1943 году выходзіла 140 найменьняў, зь якіх 65 па-беларуску, г. зн. амаль палова.

Уладзімер Амельянюк, першы рэдактар падпольнай газэты „Звязда“
Уладзімер Амельянюк, першы рэдактар падпольнай газэты „Звязда“

У Менскай вобласьці выходзіла 34 падпольныя газэты, у тым ліку „Звязда“ і „Чырвоная змена“ і яшчэ 10 — па-беларуску, г, зн. трэць. (Гісторыя падпольнай „Звязды“ ў Менску 1942 году трагічная.)

У падручніку гісторыі беларускай журналістыкі (ч. 3, 2009) Алег Слука спрабаваў патлумачыць шырокую прысутнасьць беларускае мовы ў той друкаванай прадукцыі:

“…Усе новаствораныя газеты, нават франтавыя, друкаваліся на беларускай мове. Цікавы факт вяртання да нацыянальных каштоўнасцей напрамую звязаны з вырашэннем галоўнай задачы — перамогі над фашызмам. Трэба адзначыць, што пераход друку на нацыянальныя мовы стаў у час вайны агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй. Антыфашысцкі рух быў спачатку нацыянальным, а затым уліваўся ў інтэрнацыянальны фронт Камінтэрна“.

Але няясна, што ж тут маецца на ўвазе пад моўным інтэрнацыяналізмам — ці не расейская мова? У кожным разе на гэтую тэму ідзе палеміка. Аўтарка дасьледаваньня „Книга и чтение в жизни партизан Беларуси“ (2011) С. Паўлава:

“Пэўныя газэты выходзілі на беларускай, частка — на расейскай мове. Пэўныя газэты былі „зьмешанымі”… Гэта, як правіла, вызначалася наяўнасьцю ў выдаўцоў неабходных шрыфтоў… Для партызанаў і насельніцтва гэта ня мела асаблівага значэньня, былі важныя сам факт выхаду выданьня і яго зьмест“.

Ня шрыфт вызначаў мову

Але ня ўсё так проста, і некарэктна пераносіць цяперашняе афіцыйнае ўяўленьне пра іманэнтнае „двумоўе“ беларусаў у іншую эпоху. Мову выданьня ўсё ж вызначалі не тэхнічныя варункі.

Вось у Бегамлі да вайны выходзіла раённая газэта „Калгасны змагар“ (sic!), потым „Совецкі патрыёт“ па-беларуску. Друкарскую тэхніку прыхавалі, у падпольлі газэту аднавілі, але па-расейску. (Наборную касу яўна дапаўнялі літарай Щ іншай гарнітуры.) Дый зьмест газэты спэцыфічны: у рубрыцы „Из героического прошлого русского народа“ расказваюць, як „император французов пытался поработить русский народ, нашу Родину“. Відаць, тут і на мову, і на зьмест нехта паўплываў ідэалягічна і сыстэмна.

Відаць, нямала залежала ад таго, хто менавіта ўзначальваў мяцовую ідэалягічна-прапагандысцкую працу. І нярэдка выбар мовы выданьня карэлюе з ідэнтычнасьцю, якую яно ўмацоўвае ў чытачоў. Невыпадкова для Заходняй Беларусі прызначаліся дзьве падпольныя абласныя газэты (а менавіта для Берасьцейскай і Беластоцкай абласьцей) і некалькі моладзевых газэт выключна па-расейску.

Быў, відаць, і такі чыньнік выбару мовы. У Слуцку выходзіла дазволеная немцамі „Газэта Случчыны“ — па-беларуску. Ёй процістаяла — па-беларуску ж — выданьне „Народны мсцівец“.

А вось у Бабруйскай друкарні выдаваўся „Новый путь“ — і падпольны „Бобруйский партизан“ таксама быў па-расейску. Прычым першы пісаў: „Партизаны убивают простых русских людей“. А „Бобруйский партизан“ адказваў: „Полицейские и прочие предатели перестали быть русскими людьми“ (13 чэрвеня 1943 г.).

Партызан Язэп і лейтэнант Іосіф

У такіх выданьнях асноўнае месца займалі матэрыялы з-за лініі фронту: начытаныя праз радыё загады Сталіна, інфармацыйныя і прапагандысцкія матэрыялы. Мясцовыя навіны складаліся з апісаньняў зьверстваў акупантаў, контрагітацыі, хронікі баявых дзеяньняў партызанаў. Іхных прозьвішчаў не называлі, толькі імёны з ініцыялам.

І вось як падаюць у газэце „Народны мсцівец“ (орган „Окцябрскага“ РК КП(б)Б, гэта гістарычная Рудобельшчына) тыя імёны:

“Пры выкананні задання адзначыліся т.т. Ціхан Л., Саўка К., Сцяпан К., Рыгор Я., Язэп К., Лявон М., Аркадзя Б. і другія. Праз некаторы час група байцоў пад камандай Аркадзі К. І Васіля Г. абстраляла 2 воінскіх эшалоны“ (21 чэрвеня 1943. № 15 (36)).

Фігуруюць і падрыўнікі Мікола Ч. і Кастусь Б. Імёны ў падкрэсьлена народна-нацыянальнай форме (у тым ліку Аркадзя — мужчынскае імя!). Язэп К. згадваецца бяз званьня, а ў суседняй нататцы зь ім кантрастуе лейтэнант тав. Іосіф Г., яўна нетутэйшы.

Жыгала Брыля

Мова выданьняў была пераважна канцылярскай, скалькаванай і штампаванай. Стыль няхітры: „Забіць немца — святы абавязак кожнага патрыёта“ („Большэвік Палесся, Мазыр). “Выконваючы рашэнні пятага пленума ЦК КП(б)Б, падрыўная група атрада тав. А. пад камандай Васіля С. парвала 200 метраў чыгуначнага палатна…“ (згаданы „Народны мсцівец“).

З аднаго боку, мноства русізмаў (у „Мсціўцы“ — пяхотнае аружжа, гаручае, разіць, ізвергі, знаходзіўшыеся на аэрадромах, скапленні эшалонаў; клюква, чэлюсць, уходзьце ў лясы — гэта пінская „Палеская праўда“), г. зн. нават ня надта валодаючы беларускаю моваю, усё адно яе трымаліся.

Заходнебеларускія паэты ў нямецкім палоне. Зьлева: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк. Шталяг ІІД, 1940 г.
Заходнебеларускія паэты ў нямецкім палоне. Зьлева: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк. Шталяг ІІД, 1940 г.

А з другога боку — такія сакавітыя натуральныя варыянты словаў, як войстрая сякера (“Большэвік Палесся“, Мазыр). Або назва газэты Партызанскае жыгала — гэта зусім ня gigolo, а джала (Стаўпецкі р-н, Налібацкая пушча, рэдактар Янка Брыль). Наагул жывейшая і больш натуральная мова ў сатырычных выданьнях і рубрыках, калі тэксты для іх не перакладалі з расейскай, а пісалі самыя тутэйшыя аўтары. Рука майстра слова ў „Жыгале“ адчуваецца адразу: Злучыліся ў бары наш бунт, і гнеў, і гора. Або падзагалоўкі Далі Гітлеру ў зубы і перабілі ўсе рахубы. Гітлер скавыча — Гэбэльс падвывае.

Пэўны ўзровень задавалі перакінутыя з-за фронту агітацыйна-сатырычныя „Раздавім фашысцкую гадзіну“ і „Партызанская дубінка”: Мы на гэта скажам гаду: грозен рак, ды вочы ззаду! (“Біблія людаеда“. РФГ № 31, люты 1942 году, аўтар К. Крапіва).

Дзьве слуцкія кнігі: мова паабапал падзелу

А. Астрэйка. Слуцкі пояс. Слуцак, 1943. ЦНБ НАН Беларусі
А. Астрэйка. Слуцкі пояс. Слуцак, 1943. ЦНБ НАН Беларусі


Зборнік вершаў Анатоля Астрэйкі „Слуцкі пояс“ (1943 год, рэд. Мікалай Дастанка, ён жа рэдактар мясцовага „Народнага мсціўца“ друкавалі на востраве Горным у Загальскіх балотах Случчыны. Астрэйка быў пры выданьні прысутны: яго, „раздавілаўца“, закінулі з Масквы за лінію фронту.

Песьняры Случчыны. Слуцак, 1943. Тытул
Песьняры Случчыны. Слуцак, 1943. Тытул


Яшчэ адна кніга — таксама па-беларуску, таксама слуцкая, паэтычная, выдадзеная ў 1943 годзе, але легальна — зборнік „Песьняры Случчыны“ зь вершамі Ўладзімера Клішэвіча, Лявона Случчаніна, Янкі Золака, Арыстарха Крата, Васіля Блакітнага, Леаніда Гая, Базыля Явара. Рэдактар зборніка Ўл. Клішэвіч быў пэўны час і рэдактарам „Газэты Случчыны“. Ня ведаю, каторая кніга выйшла раней і ці нейкая зь іх была паэтычным адказам на другую.

У „Мсціўцы“ „Газэту Случчыны“ называлі „анучай“ і “фашысцкім падбрэхічам“. Пры палярным процістаяньні такая лексыка непазьбежная. Але ў прапагандысцкіх тэкстах тагачаснага камуністычнага друку, пры ўсёй іх зацятасьці і расчалавечваньні праціўніка, я амаль не натрапіў на абразы ці ярлыкі паводле моўнай прыкметы накшталт цяперашніх „эти свядомые“. Тутэйшыя людзі па абодва бакі гаварылі і пісалі ўсё ж на адной мове…

Зрэшты, адзін прыклад ёсьць. Улётка з агітацыяй супраць мабілізацыі ў БКА выкрывае „мобилизацию всего мужского населения с 1908 по 1924 год рождения, якобы для защиты „батьковщины“ от „бандитов“, а на самом деле для защиты немцев“. Імітуе плякат ад імя БЦР. Таму шапка і подпіс улёткі — па-беларуску, „каб адцягнуць увагу немцаў“ — цытую А. Дзядзюлю з сучаснай „Звязды“. Радкі па-беларуску — з памылкамі: Прэзыдент, Центральнай. А ўласна агітацыйны тэкст па-расейску. Вы­дань­не Менск­ага гарадзкога ­ка­мітэту КП(б)Б. Відаць, расейскамоўныя аўтары ня ведалі, што слова „бацькаўшчына“ ня ёсьць манаполіяй іхных супаратаў. Зваротам „Браты і сёстры, людзі роднай Бацькаўшчыны!“ пачынаўся так званы беларускі радыёмітынг 18 студзеня 1942 году, які трансьляваўся з Масквы.

Знакавыя словы

За час вайны адбылася пэўная эвалюцыя загалоўкаў і заклікаў прынамсі ў прасавецкіх выданьнях па-беларуску на тэрыторыі Беларусі. Стала менш прыметнікаў „савецкі“, „камуністычны“, здаецца, амаль зьнік выраз „савецкія людзі“, звароты адрасавалі „беларусам“ і „беларускаму народу“. Зрэшты, ужо ў пачатку вайны акцэнт у тэкстах, адрасаваных беларусам, рабіўся на беларускую тоеснасьць. Тэкст, падпісаны Янкам Купалам, у маскоўскіх „Известиях“ ад 11 ліпеня 1941 году названы „Поднялась Белорусь — такая форма назвы краіны ў расейскамоўным выданьні, відавочна, ухваленая рэдактарамі як жэст сымпатыі. Газэта палітупраўленьня фронту „За свабодную Беларусь“ адкрывалася заклікам „Да зброі, беларускі народ!“ і зваротам „Браты беларусы!“.

Пра сувязь мовы выданьняў і акцэнту на беларускую ці расейскую ідэнтычнасьць чытачоў я згадваў. Больш спрактыкаваныя аўтары разьмяжоўвалі паняцьці „рускі“ (пры гэтым дэманструючы да яго ляяльнасьць) і „беларускі”:

Навайстру я шаблю рускую,
Натачу.
На зямлю на беларускую
Палячу
.
(Анатоль Астрэйка, „Раздавім фашысцкую гадзіну“ № 31, люты 1942).

Даволі пасьлядоўна беларускія літаратары ў савецкіх выданьнях акцэнтавалі імя Каліноўскага, але асьцярожна, падганяючы вобраз пад цэнзурныя каноны. У згаданым тэксьце „Паднялася Беларусь“ „паравозікам“ для Каліноўскага служыць… Сувораў: „Патомкі вялікіх салдат Суворава, патомкі народных палкоў Хмяльніцкага, патомкі бясстрашных паўстанцаў Каліноўскага, абараняйце сваю зямлю, змагайцеся так, як змагаліся вашы продкі, ніякай літаьсці ворагу!“. Пятрусь Броўка ў 1943 годзе піша верш „Прыдзе Каліноўскі“ — калгасны трактарыст і партызан.

Сучасная прапаганда і праўда

Падсумую. Будучыя пераможцы беларускую мову ў ваенныя гады ня толькі не ігнаравалі і пагатоў не разглядалі як нейкую прыкмету варожага лягеру, але актыўна ўжывалі — каб беларусы іх разумелі і ім давяралі. Але гэты факт ігнаруе цяперашняя дзяржаўная прапаганда. У сьвежазьнятым на БТ чатырохсэрыйным фільме „1418 дней. История Победы" „партызаны“ і „падпольнікі“ гавораць выключна па-расейску, нават без намёку на беларускі акцэнт. Беларускую мову аўтары сэрыялу дэманстратыўна стыгматызуюць, яна гучыць толькі ў назвах органаў, створаных з дазволу акупантаў.

І бальшыня ваенных помнікаў і мэмарыяльных надпісаў, у тым ліку вядомы паўкруглы лёзунг на плошчы Перамогі ў Менску, аформленыя па-расейску. Толькі па-расейску выкананы афіцыйны сайт галоўнага інфармацыйнага асяродку сёлетніх юбілейных урачыстасьцяў — музэю Вялікай айчыннай вайны ў Менску. А калі прадстаўнікі ўлады дазваляюць сабе дыскрымінаваць і зьневажаць беларускую мову і яе носьбітаў, то тым самым прыніжаюць і нашых продкаў — удзельнікаў вайны.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG