У 1990 годзе мовазнаўцы-фанэтысты з Акадэміі навук склалі хрэстаматыю «Вусная беларуская мова» з запісаў 1970–80-х гадоў, сабраных або ў розных сельскіх мясцовасьцях, або ад людзей, якія паходзяць зь вёскі. А цяпер маем відэахрэстаматыю мовы беларускай гарадзкой вуліцы ўзору 2017 году, эмацыйнай і таму шчырай. Пераканаймася, што ўсюды беларуская мова жыве, прычым у вуснах так званых звычайных людзей, а ня толькі грамадзкіх і палітычных актывістаў. (Дыялектнае маўленьне, нават насычанае ў той ці іншай ступені лексычнымі русізмамі, а таксама так званая «трасянка» — гэта ўсё формы бытаваньня жывое беларускае мовы.)
Больш дэталёва — пра сюжэты з Бабруйску, Маладэчна й Пінску. Гарады з гледзішча моўнай гісторыі розныя. Бабруйск быў і ў міжваеннай БССР, два астатнія — былая Заходняя Беларусь, але Маладэчна — гэта віленска-менская аснова літаратурнае мовы, а Пінск — нефармальная сталіца Беларускага Палесься — знаходзіцца на абшары заходнепалескіх гаворак.
Пінск
У Пінску людзі на мікрафон Свабоды выгаворваліся або расейскаю моваю (такіх была папраўдзе бальшыня), або беларускаю, з блізкім да літаратурнага стандарту вымаўленьнем:
Голыя, босыя скора будзем хадзіць і з торбай пайдзём па сьвету!
Жыхары Пінску выказваюць салідарнасьць з адважным блогерам Максімам Філіповічам, якога спрабавалі схапіць людзі ў цывільным:
Хадзем, хлопчык, да мяне ў маю хату, я цябе ня дам у абіду!
І калі журналіст Свабоды Валер Каліноўскі прапанаваў іншай спадарыні зьвярнуцца праз жывы эфір да Аляксандра Лукашэнкі, яна палічыла дарэчным прамовіць да яго па-беларуску:
— Аляксандар Рыгоравіч! Я ня знаю, шо яму сказаць...
— Параду яму зрабіце!
— Шо яму, яку параду? Прыслухацца да людзей проста, дэкрэт адмяніць. Адзін, другі, які проціў людзей. Працы няма, а дэкрэт працуе. Такога нідзе няма.
Вось жа ня ўсе «звычайныя» людзі пераключыліся на расейскую ў камунікацыі з уладаю. Эпізод як бы намякае, што ўладная моўная палітыка апошніх дзесяцігодзьдзяў ішла не туды.
Што ж да мясцовай палескай гаворкі, то яна прабівалася хіба акцэнтам праз расейскую мову людзей, якія выгаворваліся перад мікрафонам. А гэты чалавек перайшоў на дыялектную мову, цытуючы нейкіх сваіх ляяльных да ўлады суседзяў:
«Пэнсію носять? Носять! Шо тобі трэба!» Во такой у нас есьць ешчо канцінгент людзей!
Маладэчна
Найбольш беларуская — мова абуранай вуліцы ў Маладэчне. Ня дзіва. Паводле нават афіцыйнага перапісу, роднаю моваю тут прызнаюць беларускую 69% жыхароў; прызналіся, што гавораць дома па-беларуску, 29,2%. Сярод іх ня толькі «яшчэ тыя» міжваенныя дзяды — такіх фізычна гэтулькі не набярэцца — але і эканамічна актыўнае насельніцтва, сем’і зь дзецьмі. На вуліцы беларуская моўная прысутнасьць відавочная:
Пенсія ў мяне малáя, хаця сорак гадоў у мяне стажу... дзвесьце шэсьцьдзясят на цяперашнія грошы...
То старэйшыя людзі. Але гавораць па-беларуску і маладыя:
...А мы вяртаемся ў каменнае стагодзьдзе: бяром кірку, бярэм палку і пачнем зямлю абрабляць...
Цікава, а якія моўныя паводзіны ўлады ў такім рэальна беларускамоўным горадзе? (Дарэчы, ніводнай школы па-беларуску ў Маладэчне няма.) Да народу выходзіць кіраўнік гэтай самай улады. Мясцовы праваабаронца Эдуард Баланчук прадстаўляе яго ветліва і па-беларуску:
Я запрашаю Аляксандра Дзьмітрыевіча прыйсьці сюды к людзям. Ён слова стрымаў. Калі ласка, слова старшыні райвыканкама Яхнаўцу Аляксандру Дзьмітрыевічу.
Чыноўнік пачынае, таксама ветліва:
Во-первых, я хочу вас всех предупредить, что митинг является несанкционированным... Я хочу предупредить вас, всех, участвующих в данном митинге, об административном наказании.
Што ж, зьмест і моўная форма выступу чыноўніка адпавядаюць адно аднаму. Народ сустракае яго адпаведным беларускім воклічам ГАНЬБА!
Дарэчы, Ганьба! — вельмі папулярны і часта стыхійны спокліч гарадзкога пратэсту ў розных кутках Беларусі. Паслухайма, як весела ён гучыць у, здавалася б, зрусыфікаваным Бабруйску:
БАБРУЙСК І СПОКЛІЧЫ
У Бабруйску прыдумалі яшчэ свой мясцовы спокліч — БАБРЫ НЕ РАБЫ (гучыць аднолькава на дзьвюх мовах).
Аднак найбольш пашыраным сярод лёзунгаў, якія народ, у тым ліку і мітынгоўцы-нэафіты, падхоплівае ўсюды, застаецца ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! — ЖЫВЕ! А сытуацыйны спокліч з наіўнай рыфмай «Нет дзекрэту номер тры — Лукашэнка, ухадзі!» пасьля «замарозкі» таго дэкрэту нікуды не падзеўся, але нечакана страціў сваю першую частку.
Спроба ўкараніць у пратэставую грамаду спокліч-брэнд БАСТА!, як мне здалося, пакуль што ня надта пайшла. Калі нехта выгукнуў Баста! у Пінску, то ня ўсе людзі зразумелі, што гэта; некаторыя скандавалі «Банда! Банда!»:
Слова basta італьянскага паходжаньня, яго як вокліч-выклічнік успрынялі многія заходнія мовы, польская, а таксама расейская, дзе ад яго ўтварыўся і дзеяслоў забастовать. Але ў беларускай мове слова баста асабліва не прыжылося і ўспрымаецца чужым, нязвыклым, расейска-кніжным. Не было яго ў мове клясычнай Нашай Нівы, у мове Купалы... Не бытуе ані у нашых дыялектах, ані у гарадзкім прастамоўі.
Клясычны слоўнік С. Некрашэвіча і М. Байкова (Менск, 1928) перакладае расейскі выклічнік баста на беларускую як годзе, досыць, даволі. Думаю, слоўка ГОДЗЕ! у якасьці споклічу было б нічым ня горшае. (Дый калі гучаць выразна беларускія сьлёганы, зялёным чалавечкам няўтульна, шэрсьць на іх гарыць.)
Хто такія «мы»
Важнай і цікавай тэмай назіраньня жывой гарадзкой мовы ёсьць ідэнтычнасьць людзей, якая ў мове праяўляецца. Вось жа паняцьце «мы» для іх выяўляецца ў слове «беларусы»:
Этот налог, этот декрет это просто унижение для каждого беларуса, я, во всяком случае, говорю о себе.
Гэта Пінск. І свая краіна — гэта Беларусь, а не «саюзнае гасударствіе» ці нешта падобнае. Гаворыць пінчанка:
Хватит, мы рабы. Нам нечего больше бояться. Хочу просто жить в своей прекрасной стране любимой.
Вядома, на моўныя паводзіны суразмоўцаў уплывае мова журналіста, які да іх зьвяртаецца. Бо мова, акрамя іншых, мае так званую фатычную функцыю — завязаньня кантакту. У грамадзтвах з складанаю моўнаю сытуацыяй (а ў нас складаная) выбар мовы першага кантакту ўплывае на наступную камунікацыю. Калі апытальнік загаворвае па-расейску, нават беларускамоўны ў жыцьці чалавек часта падсьвядома да гэтага адаптуецца. Гэта тычыцца і перапісаў, і сацыялёгіі. Калі ж апытальнік пачынае гутарку па-беларуску, тады чалавек, для якога беларуская мва свая або прынамсі не чужая, раскрываецца. І нават для пераважна расейскамоўнага няма ніякай праблемы паразумецца зь беларускамоўным:
— Вы прыйшлі па чыйму закліку і для чаго?
— Па закліку совести я пришёл.
Суразмоўца лёгка ўстаўляе ў сваю мову слова заклік. Дарэчы, у трансьляцыях Радыё Свабода з акцыяў абураных і ў названых трох гарадах, і ў іншых ані разу я не пачуў варожага стаўленьня людзей да беларускае мовы выступоўцаў ці журналістаў. Наадварот, людзі яе падхопліваюць.
Наапошку цікавыя мовазнаўчыя назіраньні з Бабруйску. Беларуская мова падчас акцыі ў горадзе на Бярэзіне гучала як належыць. І ад колішняй работніцы заводу трактарных дэталяў, якая там выкрывала карупцыю і таму была выгнаная:
Драздуны ў нас вельмі бедныя, бо яны з маёй пенсіі ўсё вышчытваюць гэтыя грошы. Хай ім будзе на лекі!
І ад чалавека з Глуску, які не схіліўся пад ударамі лёсу і дзяржавы:
Я трактарыстам, шафёрам адгараваў, і ён мне шчэ тры гады накінуў пенсіённага ўзросту. Мы і так не дажываем, а што далей будзе?
Сярод мітынговых жарсьцяў я нечакана пачуў прыклад зьберажэньня беларускіх рысаў у запазычаным слове. Наша мова традыцыйна ня любіць афармляць лацінізмы заканчэньнем -ій/-ый, таму нездарма мы цяпер ізноў кажам сцэнар і камэнтар, я нават праграму пра гэта на Свабодзе рыхтаваў. А гэтая спадарыня проста паводле згаданага вышэй слоўніка Некрашэвіча і Байкова ужывае форму жаночага роду санаторыя (у іх яшчэ быў варыянт здароўніца):
Калхозы прадаюць Расіі. Я пенсіянер, я не магу ў тую санаторыю праехаць: расіяне занялі ўсе санаторыі!
І чыстую ж праўду кажа спадарыня ў Бабруйску. Пакуль людзі выказваюць свой боль па-беларуску, ніхто іхны пратэст не паверне супраць Беларусі.