Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой бацькоўскі маніфэст на 1 верасьня


Вы ж любіце сваё дзіця не за адзнакі, праўда?

Сёлета мой сын скончыў «школу» — Коласаўскі ліцэй, праз пару месяцаў яму споўніцца 18. За гэтыя гады ў мяне склаліся пэўныя «бацькоўскія» перакананьні (магчыма, досыць парадаксальныя), якімі я і хацеў бы з вамі падзяліцца.

1. Ніколі не дапамагайце школьнікам рабіць урокі. Вам жа не прыходзіць у галаву, каб нехта рабіў за вас вашую працу? Чаму тады вам прыходзіць у галаву рабіць урокі за сваё дзіця? Максымум — дапамажыце, дзе шукаць адказ на заданьне, падкажыце, якую тэму варта паўтарыць, перачытаць — але не рабіце за яго ўрокі. Калі ён так і ня здолее рашыць тую задачу — нічога страшнага, атрымае нізкую адзнаку. Гэта жыцьцё. Так бывае. Вызначайцеся: альбо ваша мэта — гадаваць самастойнага, ініцыятыўнага і адказнага чалавека (тады не рабіце за яго ўрокі), альбо — прадэманстраваць татальны кантроль над уласным дзіцём (тады мне няма чаго вам параіць).

2. Не рабіце культу з адзнак. Вядома, лепшыя адзнакі фармуюць у дзяцей (але далёка не ўва ўсіх) жаданьне чагосьці дасягаць, быць лепшым, чагосьці дабівацца. Я, напрыклад, у школе да восьмай клясы быў выдатнікам, і не таму, што «зубрыў», а проста таму, што мне ўсё даволі лёгка давалася (магчыма, занадта лёгка, і гэта ў жыцьці таксама ня вельмі добра — бо зьніжае матывацыю). Але ніколі не лічыў гэтыя «пяцёркі» самамэтай — і ў выніку, дарэчы, скончыў школу без мэдаля.

Я б увогуле ставіўся да гэтай тэмы з элемэнтамі здаровага цынізму. Пакаленьнямі мы чуем вечную фразу настаўнікаў, што «вы ў школе вучыцеся не для адзнак, а для ведаў» — але ці сапраўды гэта так? У рэальным жыцьці нам спатрэбіцца толькі невялікая частка школьных ведаў — пра астатнія большасьць з нас забудзе адразу пасьля школы.

А каму з нас моцна дапамаглі нашы школьныя «пяцёркі» (цяпер «дзясяткі»)? Колькі вакол нас прыкладаў, калі нашы аднаклясьнікі-троечнікі сталі пасьпяховымі бізнэсоўцамі альбо чыноўнікамі (я ўжо не кажу пра такіх «двоечнікаў», як Эйнштэйн). Вядома, ня варта паказваць дзіцяці, што вас не цікавяць ягоныя адзнакі — але рабіць праблемы зь сярэдніх адзнак таксама ня варта. Бо вы ж любіце сваё дзіця не за адзнакі, праўда?

Фёдар Рашэтнікаў, «Зноў двойка» (1952)
Фёдар Рашэтнікаў, «Зноў двойка» (1952)

3. Колькі даваць кішэнных грошай школьнікам? Мой адказ, магчыма, камусьці падасца парадаксальным: колькі папросіць, столькі і даць. Я глыбока перакананы, што для дзяцей грошы — гэта як цукеркі. Калі іх хаваць і абмяжоўваць — то ў дзіцяці будзе нездаровы інтарэс і жаданьне зьесьці як мага больш, калі дарваўся. Калі ж цукеркі ляжаць на стале ў неабмежаванай колькасьці, то яны маюць той жа самы «імідж», як і любая іншая звычайная ежа — бульба ці яблыкі. Тое ж самае з грашыма — прынамсі, мой асабісты досьвед прымушае мяне верыць у гэта. Колькі дзіця папросіць на дробныя выдаткі — столькі і трэба даць (натуральна, у нейкіх прымальных рамках). Тады вакол грошай ня будзе лішняга ажыятажу.

4. І апошняя прынцыповая рэч, у якой я глыбока перакананы. Ня трэба баяцца, што школа можа нейкім чынам «перавыхаваць», «зьмяніць» ваша дзіця — ці ў сэнсе паводзінаў, ці ў сэнсе каштоўнасьцяў. Бо тут усё залежыць толькі ад вас, бацькоў. Калі вы разам маеце блізкасьць, давер, разуменьне, калі вы праводзіце зь ім шмат часу, калі вы для яго аўтарытэт — ніякая школа, ніякі настаўнік, ніякае «асяродзьдзе» ня могуць падарваць гэты аўтарытэт. Ваша слова заўсёды будзе вышэйшым і больш важкім.

Для мяне найвышэйшай радасьцю і прыемнасьцю заўсёды было пагаварыць «за жыцьцё» са сваім сынам, у любым ягоным узросьце. Здаецца, ніводнага разу ў жыцьці я не адказаў на ягонае пытаньне словамі — «адчапіся», альбо «я зараз заняты». Заўсёды я выкладваў усё, што ведаў — за што сыночак і называе мяне «хадзячы Гугл». Вядома, мне прыемна.

Так што варта выбіраць, што для нас прыярытэт. Глыбокія і даверлівыя адносіны зь дзецьмі альбо адзнакі. Давер альбо кантроль. Любоў альбо сьлёзы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG