Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ўсё больш трывожная ў сьвятле прэзыдэнцкіх выбараў, — Міклаш Харасьці


Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

Спэцдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці прадставіў свой чарговы даклад на 29-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека.

Абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі адбылося ў Жэнэве 23 чэрвеня.

Харасьці адзначыў, што «Беларусь зрабіла важныя намаганьні, каб зьменшыць напружанасьць у рэгіёне праз мэханізмы пасярэдніцтва».

«Саміт „Усходняга партнэрства“ ў Рызе вітаў прыкметы надзеі ў адносінах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, бо краіна абяцала разгледзець пытаньне аднаўленьня дыялёгу па правах чалавека. У той жа час урад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць мандат Рады па правах чалавека, што стала істотным крокам назад у яго ўзаемадзеяньні зь міжнароднай супольнасьцю», — адзначыў у дакладзе Харасьці.

Паводле спэцдакладчыка, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ня мела ніякіх прыкмет паляпшэньня.

«Грамадзянам сыстэматычна адмаўлялі ў шматлікіх асноўных правах праз наўмысную камбінацыю абмежавальных законаў і злачыннай практыкі. Сытуацыя ўяўляецца ўсё больш трывожнай у сьвятле прэзыдэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца восеньню 2015 году», — сказаў Міклаш Харасьці.

Спэцдакладчык заклікаў беларускія ўлады ня толькі вызваліць, але і ў поўнай меры рэабілітаваць усіх палітычных апанэнтаў рэжыму, якія апынуліся за кратамі.

У сваім дакладзе Харасьці адзначыў, што закон аб сродках масавай інфармацыі зьнішчыў апошнія рэшткі свабоды слова. Ён заклікаў Беларусь прыняць усе рэкамэндацыі, зробленыя падчас унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, і заняцца забесьпячэньнем усіх правоў — грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных — у адпаведнасьці з прынцыпам узаемазалежнасьці і непадзельнасьці ўсіх правоў чалавека.

Міклаш Харасьці сказаў, што цягам двух дзесяцігодзьдзяў Беларусь ня мае апазыцыі ў парлямэнце, што «паказвае сапраўдны твар беларускай парлямэнцкай сыстэмы».

«Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе не існуе прыватнага тэлебачаньня. На існуючых дзяржаўных каналах павінны быць прыкметы плюралізму. Незарэгістраваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці павінны быць зарэгістраваныя, што было б імгненным паляпшэньнем».

Таксама ён заклікаў увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі Міхаіл Хвастоў заявіў, што «мандат спэцдакладчыка павінен быць скасаваны»:

«Спэцдакладчык па Беларусі — гэта дыскрэдытацыя ідэяў дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта палітычны праект, накіраваны на раскол нашай краіны. Гэты праект цярпіць паразу. Паміж дакладам і рэальнай сытуацыяй у Беларусі ляжыць прорва. Даклад мы прымаем як псэўдапраўдзівы, а таму няслушны».

Эўрапейскія краіны ў сваіх выступах падтрымалі меркаваньні Міклаша Харасьці і выказаліся за падаўжэньне яго мандату спэцдакладчыка па Беларусі. Выступоўцы выказалі расчараваньне, што ўлады Беларусі адмаўляюцца супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам. Эўразьвяз выказаў заклапочанасьць у сувязі з пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі і асудзіў прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Расея, Азэрбайджан,Таджыкістан і іншыя постсавецкія краіны заявілі, што сытуацыя ў Беларусі не апраўдвае прызначэньня мандата спэцдакладчыка, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Мандат спэцдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Радай па правах чалавека ААН 5 ліпеня 2012 году, а ў верасьні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харасьці. Ён прадставіў справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі Радзе ААН па правах чалавека і Генэральнай Асамблеі ААН.

Афіцыйны Менск адмаўляецца ад супрацоўніцтва са спэцдакладчыкам. Беларускія ўлады адмовілі яму ў візе.

Пытаньне аб падаўжэньні мандату спэцдакладчыка вырашыцца на пачатку ліпеня падчас прыняцьця адмысловай рэзалюцыі, сказала карэспандэнту Свабоды праваабаронца «Вясны» Тацяна Равяка:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

«Я б вельмі хацела, каб мандат быў працягнуты. Бо спэцдакладчык выказвае меркаваньне па сытуацыі з правамі чалавека бяз розных палітычных, геапалітычных зьменаў ці інтарэсаў. Ён аналізуе тое, што адбываецца ў краіне.

І высновы спадара Харасьці, што сыстэмных зьменаў не адбылося, я цалкам падтрымліваю. Зьмяніўся палітычны, геапалітычны кантэкст, сытуацыя з правамі чалавека ў некаторых суседніх краінах пагоршылася. Але ў Беларусі яна не палепшылася.

Тыя праблемныя моманты, на якія зьвярнуў увагу ў сваім дакладзе спадар Харасьці, я цалкам падзяляю. Гэта і пазыцыя беларускіх праваабаронцаў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца.

Таму для нас вельмі важнае захаваньне абсалютна незаангажаванага міжнароднага голасу, экспэртнага голасу, які б акцэнтаваў увагу на тых праблемах, якія захоўваюцца ў нашай краіне. Спадар Харасьці зьяўляецца такім голасам цягам апошніх трох гадоў. Вядома, хацелася б, каб гэта захавалася.

Тым больш што мы ня ведаем, якім чынам будуць разьвівацца падзеі вакол выбараў, пасьля выбараў, ці будзе сытуацыя мяняцца, ці яна застанецца ў тым жа закансэрваваным выглядзе, у якім яна цяпер знаходзіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG