Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма рэзону адмяняць санкцыі, — Бяляцкі


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

16 красавіка cтаршыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі разам са спэцдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасьці ўзяў удзел у пасяджэньні падкамітэту па правах чалавека Эўрапарлямэнту.

У сваім выступе Алесь Бяляцкі заявіў, што «той пакет санкцыяў, які быў прыняты ў 2011 годзе, застаецца актуальным да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца палітычныя зьняволеныя».

Бяляцкі адзначыў, што дагэтуль за кратамі знаходзіцца Мікола Статкевіч, адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 году.

«У лістападзе гэтага году ў нас чарговая выбарчая кампанія, але са старымі праблемамі беларускія ўлады яшчэ не разьлічыліся. Таму няма ніякага рэзону нейкім чынам адмяняць санкцыі, пакуль у Беларусі ёсьць палітвязьні», — падкрэсьліў Бяляцкі.

Праваабаронца адзначыў, што ўжо 10 месяцаў як ён на волі, але за гэты час «ніякіх паляпшэньняў сытуацыі не адбылося».

«Гэта быў адзінкавы выпадак, а ўсё астатняе застаецца ў такім самым жалю вартым стане, у якім было і раней. Больш за тое, мы назіраем некаторыя прыкметы пагаршэньня сытуацыі.Мы зьвязваем гэта з маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. Беларускія ўлады баяцца страціць кантроль над сытуацыяй, хоць нішто не паказвае на тое, што гэта можа адбыцца».

Бяляцкі распавёў, што больш жорсткім стала заканадаўства аб СМІ, праходзяць суды над журналістамі. Таксама ён распавёў пра дэкрэт пра дармаедаў, які можа спрыяць прымусовай працы.

Усе саюзы, якія ствараліся Расеяй і Беларусьсю, скіраваныя на стварэньне супрацьвагі ЭЗ

«Гэтая рэсаветызацыя беларускага грамадзтва практычна паўтарае тое, што было ў Савецкім Саюзе 25 гадоў таму», — сказаў Бяляцкі.

Паводле праваабаронцы, на змрочным фоне таго, што адбываецца ў Беларусі, «мы бачым аптымістычную рыторыку ўладаў у дачыненьні да ЭЗ».

«Нейкія раскланьваньні, абяцаньні, падміргваньні — імітацыя наладжваньня кантактаў. Відавочна, што Міністэрству замежных спраў дадзены загад наладжваць стасункі з ЭЗ любым коштам: найперш — перад выбарамі, каб зьмякчыць ацэнку будучай прэзыдэнцкай кампаніі, па-другое — у пошуках сродкаў, каб пазьбегнуць эканамічнага краху. Але — ці прывядзе такая дапамога да рэформаў у Беларусі, ці пойдзе на ўмацаваньне рэжыму? Гэтае пытаньне нас непакоіць больш за ўсё. Мы лічым, што без удзелу грамадзянскай супольнасьці ў гэтым працэсе, без кантролю над зьменамі, якія адбываюцца ў Беларусі гэтыя сродкі будуць, канешне ж, скарыстаныя на ўмацаваньне беларускага рэжыму. З умацаваньнем пазыцыі Лукашэнкі ўмацоўваецца і пазыцыя Пуціна, бо яны найбліжэйшыя саюзьнікі. І ўсе саюзы, якія ствараліся Расеяй і Беларусьсю, скіраваныя на стварэньне супрацьвагі ЭЗ.

Таму мы прапаноўваем у гэтай сытуацыі ня верыць словам беларускага рэжыму, больш зважаць на яго справы і ва ўсіх кантактах, якія сталі больш частымі апошнім часам, уздымаць пытаньні дэмакратызацыі, рэструктурызацыі, глыбінных зьменаў у самой краіне, бо ў іншым выпадку гэтыя кантакты будуць спрыяць беларускаму рэжыму, але ніяк ня зьменам у беларускім грамадзтве», — сказаў Бяляцкі.

Таксама ён выказаўся за падтрымку грамадзянскай супольнасьці з боку Эўропы.

Яшчэ Бяляцкі падкрэсьліў важнасьць вырашэньня візавага пытаньня:

«Мы вельмі спадзяемся, што якраз у гэтым кірунку будзе паляпшэньне сытуацыі, зьнізяцца кошты візаў, а ў пэрспэктыве Беларусь апынецца ў бязьвізавай зоне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG