Споўніўся месяц, як трапіў у кому пасьля спробы самагубства жыхар Салігорску, вязень жодзінскай калёніі Ягор Пратасеня. Два тыдні таму хлопца ў непрытомным стане перавезьлі з жодзінскага шпіталя ў шпіталь на тэрыторыі менскага сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага. Паводле маці Ягора Сьвятланы Пратасені, на «Валадарцы» яе сына агледзела адмыслоўца па хваробах мозгу і выпісала дадатковыя прэпараты, якія могуць дапамагчы яму апрытомнець. Ці ёсьць станоўчыя зрухі ў стане Ягора Пратасені?
«Ён па-ранейшаму ў коме, збольшага лепш яму ня стала, хаця лекары кажуць, што даглядаюць яго добра і лечаць як трэба. Паводле іх словаў, арганізм ягоны працуе нармальна і шансы ёсьць. Чакаюць, каб падзейнічалі новыя прэпараты. Але гэта ўсё са словаў лекараў, а мяне да яго так і не пусьцілі, і бачыла я сына толькі раз, яшчэ ў жодзінскім шпіталі. Таму не магу сказаць, выглядае ён лепш ці горш. Магчыма, таму і не пускаюць, каб ня бачыла», — мяркуе Сьвятлана Пратасеня.
Паводле жанчыны, на наступным тыдні Ягора Пратасеню прывязуць для правядзеньня тамаграфіі мозгу ў шпіталь МУС. 19 лютага ў Менскім абласным судзе пройдзе разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Ягору Пратасеню.
«Да суду трэба ўзяць даведку пра ягоны стан. Што гэта азначае? Ня ведаю, магчыма, хочуць прыняць нейкае рашэньне адносна ягонага ўтрыманьня на выпадак, калі зь ім усё гэтак і застанецца. Лекары мне сказалі, што яны будуць ня супраць аддаць Ягора на хатняе ўтрыманьне, калі зь яго здымуць знаходжаньне пад вартай, а пакуль гэта немагчыма. Яго па-ранейшаму ахоўваюць.
Мяне нават папярэдзілі, каб ня ехала ў шпіталь МУС, не спрабавала ўбачыць сына. Маўляў, нарад аховы, калі толькі мяне ўбачыць, разьвернецца і паедзе назад на „Валадарку“, і абсьледаваньне сарвецца.
Таму буду чакаць, калі дадуць спатканьне», — кажа Сьвятлана Пратасеня.
Празь некалькі дзён будзе месяц, як аддзел Сьледчага камітэту ў Жодзіне вядзе праверку спробы самагубства Ягора Пратасені, якая адбылася 5 студзеня ў Жодзінскай калёніі. Сьледчыя павінны спраўдзіць, ці ня быў вязень даведзены да самагубства.
«Пра праверку мне нічога не паведамляюць, мяне да сьледчых не выклікалі. Буду зьвяртацца ў Сьледчы камітэт, каб праінфармавалі», — паведаміла Сьвятлана Пратасеня.
20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня ў сьнежні 2015 году быў асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. У лістах дамоў, а таксама на спатканьні з маці, якое адбылося пасьля суду, Ягор Пратасеня распавядаў пра зьдзекі і катаваньні пасьля арышту з боку міліцыянтаў, а таксама паведаміў пра намер скончыць жыцьцё самагубствам, каб адпомсьціць опэрупаўнаважаным.
Паводле ахоўнікаў, яны дасталі Ягора Пратасеню зь пятлі ў адзіночнай камэры ўсяго празь некалькі сэкундаў пасьля спробы суіцыду. Маці асуджанага гэтаму ня верыць і мяркуе, што ён прабыў у пятлі значна больш часу, інакш бы ня трапіў у кому. Ня верыць Сьвятлана Пратасеня і ў вэрсію, што яе сын быў наркаманам і зрабіў спробу суіцыду з прычыны псыхічных адхіленьняў, зьвязаных з наркатычнай залежнасьцю. Маці Ягора Пратасені заяўляе, што будзе настойваць на аб’ектыўным расьсьледаваньні прычын інцыдэнту зь яе сынам у жодзінскай калёніі.