У рэанімацыі жодзінскага шпіталя сёмы дзень ляжыць без прытомнасьці 20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня, які спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам у Жодзінскай турме. Маці Ягора Пратасені зьбіраецца наведаць сына ў шпіталі. «Учора казалі, што сын бязь зьменаў да лепшага, што станоўчай дынамікі няма», — паведаміла Сьвятлана Пратасеня карэспандэнту Свабоды, калі была ў дарозе. У рэанімацыі жодзінскага шпіталя на просьбу паведаміць пра стан здароўя Ягора Пратасені кажуць, што гэтыя зьвесткі даюць толькі блізкім сваякам.
У канцы сьнежня 2015 году Ягора Пратасеню асудзілі на 14 год зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Працэс быў закрыты, сьведчылі супроць Ягора і яшчэ аднаго хлопца з Салігорску, які ў выніку атрымаў 11 год зьняволеньня, апэратыўныя супрацоўнікі ўправы наркакантролю салігорскай міліцыі.
Паводле сьледзтва, Ягор Пратасеня ня толькі распаўсюджваў, але і ўжываў псыхатропныя наркотыкі, і на глебе гэтай залежнасьці ў яго нібыта разьвіліся псыхічныя адхіленьні, якія і прывялі да спробы суіцыду.
Але Сьвятлана Пратасеня ў гэта ня верыць і кажа, што да арышту сына ў красавіку яна не заўважала па яго паводзінах, што ён ужывае наркотыкі. «Ён нават не курыў, а што былі ў яго сябры і хлопцы і дзяўчаты, дык гэта ж нармальна», — кажа маці, якая ня верыць, што яе сын быў наркаманам, а тым больш распаўсюднікам псыхатропаў.
Паводле Сьвятланы Пратасені, сын пачаў пісаць пра намер скончыць жыцьцё самагубствам неўзабаве пасьля арышту, а на сустрэчах з маці распавядаў пра катаваньні, якія яму чынілі апэратыўнікі з управы наркакантролю.
«Надзявалі на яго адгазьнік і закрывалі дзірачку, каб не было чым дыхаць. Кідалі дроцікі ў сьпіну. Шпрыц зь нейкай карычневай вадкасьцю трымалі каля вены і пагражалі ўкалоць, калі не прызнаецца. Ня кажучы ўжо пра тое, як зьбівалі», — распавяла Сьвятлана.
Паводле яе, сын падчас спатканьня пасьля суду параўноўваў мэтады опэраў з гестапа і казаў, што сваім самагубствам ім адпомсьціць, а таксама дапаможа іншым асуджаным па артыкуле за наркотыкі. Маці спрабавала сына супакоіць і адгаварыць ад суіцыду, а сама пісала ў розныя інстанцыі, каб зьвярнулі ўвагу на настрой Ягора. Сьвятлане вядома, што ў турме з сынам працаваў псыхоляг — маладая жанчына, якой нібыта ўдалося наладзіць псыхалягічны кантакт зь Ягорам, але за два месяцы да спробы суіцыду тую жанчыну замяніў іншы лекар. Што там урэшце адбылося, Сьвятлане невядома.
5 студзеня жанчына прыехала ў жодзінскую турму на спатканьне з сынам, стаяла, як усе сваякі, у агульную чаргу. Два разы, як даходзіла чарга, у спатканьні ёй адмаўлялі, і толькі пасьля гэтага да яе выйшаў лекар, які сказаў, што яе сына тут ужо няма, яго адвезьлі ў рэанімацыю пасьля спробы суіцыду. Апошні ліст, які, магчыма, напісаў Ягор, ягонай маці не паказваюць. У турме ёй нават не паведамілі, хто вядзе праверку спробы суіцыду — супрацоўнікі турмы ці міліцыянты зь іншых устаноў.
«У выходныя я дазванілася да выканаўцы абавязкаў начальніка турмы, дык ён сказаў, што гэтай справай займаюцца. А хто і ці гэта так, ці, можа, зноў падманулі, я ня ведаю», — распавяла Сьвятлана Пратасеня.
Паводле спадарыні Пратасені, адміністрацыя жодзінскай турмы добра ведала пра суіцыдныя настроі яе сына, але працягвала трымаць яго ў адзіночнай камэры і ў выніку дапусьціла спробу суіцыду. Гэта выклікае абурэньне і ў грамадкай актывісткі Ларысы Жыгар з Гродна, якая ліставалася зь Ягорам Пратасенем.
«Ён наўпрост пісаў мне, што зробіць суіцыд, каб адпомсьціць опэрам. Гэты ліст прапусьціла турэмная цэзура, а дзеяньняў, каб гэта прадухіліць, ня зроблена ніякіх. Чаму і хто за гэта адкажа?» — кажа Ларыса Жыгар.
Вось цытата зь ліста, які яна атрымала ад Ягора Пратасені ў сьнежні 2015 году.
«Прашу вас пасьля маёй сьмерці надрукаваць пра мяне артыкул і пра прычыны майго самагубства, каб народ ведаў, што ў нашай краіне існуе аддзел „гестапа“, і каб дзяржава не змагла пакінуць маё самагубства і запіску без увагі.
Маё самагубства таксама дапаможа вашай групе дамагчыся агульнай вашай мэты: ужываньне УДВ, замена рэжыму, ужываньне амністыі, аслабіць артыкул 328, частка 3», — напісаў Ягор Пратасеня ў лісьце да Ларысы Жыгар.
Некаторыя адмыслоўцы кажуць, што ліст маладога чалавека ўтрымлівае прыкметы псыхічных адхіленьняў. Так гэта ці не і ці варта ў выпадку зь Ягорам Пратасенем падазраваць давядзеньне да самагубства — на гэтыя пытаньні мусіць адказаць сьледзтва. Але ці дойдзе да яго справа? У жодзінскай турме сытуацыю са спробай суіцыду Ягора Пратасені не камэнтуюць.
Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы па стварэньні аб’яднаньня «Матчын рух 328» Ларысы Жыгар, выпадак зь Ягорам Пратасенем сьведчыць пра сыстэмныя парушэньні правоў вязьняў у справах, якія зьвязаныя з наркотыкамі. Ларыса Жыгар паведаміла, што зьвярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы спыніць хвалю катаваньняў у дачыненьні да тых, хто асуджаны і хто пад сьледзтвам паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.