Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, аўтар шэрагу кніг пра жыцьцё беларусаў у міжваенны час, прэзэнтуе 3 кастрычніка ў менскай «Галерэі Tut.by» (пр-т Дзяржынскага, 57) кнігу-альбом «Мяжа была пад Менскам, 1921-1941 гг.». Уваход на прэзэнтацыю вольны.
Кніга распавядае пра жыцьцё на мяжы СССР і Польшчы, што ад 1921 году праходзіла пасярэдзіне сёньняшняй тэрыторыі Беларусі. Гісторык сьцьвярджае, што тады «голасу беларусаў не жадалі пачуць ні ў Варшаве, ні ў Маскве» і беларусы «амаль дваццаць гадоў вымушаныя былі жыць на мяжы дзвюх зусім розных цывілізацыяў».
Гісторык прыгадвае і палянізацыю ў Заходняй Беларусі, і тамтэйшую барацьбу супраць вальнадумства, і Савецкую Беларусь, дзе пасьля беларусізацыі 1920-х пачаліся масавыя сталінскія чысткі і русіфікацыя.
У кнізе Мельнікаў абяцае «сотні малавядомых і раней нідзе не апублікаваных фотаздымкаў і іншых графічных матэрыялаў», пераважна з прыватнага архіву, а таксама з Нацыянальнага архіву Нідэрляндаў у Гаазе, з польскага Музэю гісторыі фатаграфіі імя Валера Жэвуцкага ў Кракаве, зь беларускага Музэю абароны Берасьцейскай крэпасьці і з прыватнага архіву спадара Пэтара Кёнэке.
Першы раздзел кнігі расказвае пра польскую памежную ахову ў раёне Менск — Заслаўе і барацьбу з кантрабандыстамі, другая — пра савецкую памежную ахову, трэцяя — пра далучэньне Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, чацьвёртая — пра чэрвень 1941 году, калі савецкія салдаты спрабавалі бараніцца ад нацыстаў на лініі даваеннай мяжы.