Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяшчаныя буры, карузьлік зь вялікай галавой, асуджаныя хутары. Чым адзначылася эпоха Машэрава


Пётар Машэраў (у цэнтры) з вэтэранамі вайны
Пётар Машэраў (у цэнтры) з вэтэранамі вайны

Асоба Пятра Машэрава, якому 13 лютага споўнілася б 100 гадоў, ахінутая шматлікімі гераічнымі мітамі. Аднак на тыя 15 гадоў, калі ён кіраваў кампартыяй Беларусі, прыпаў цэлы шэраг сацыяльных узрушэньняў, якія наўрад ці хто будзе лічыць станоўчым здабыткам.

Анатоль Сідарэвіч, архіўнае фота
Анатоль Сідарэвіч, архіўнае фота

Гісторык, публіцыст, грамадзкі дзеяч Анатоль Сідарэвіч адзначае, што пры маўклівай згодзе Пятра Машэрава быў закладзены стос праблемаў, наступствы якіх беларусы расхлёбваюць дагэтуль.

І калі нечаму супрацьстаяць было сапраўды складана — напрыклад, выпампоўваньню Масквой матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў, — дык іншыя рэчы былі мясцовым ноў-хаў. У іх ліку — маштабная мэліярацыя Палесься, неадэкватная ўрбанізацыя Менску, сьмяротны прысуд непэрспэктыўным вёскам.

Пры гэтым гісторык адзначае і станоўчыя чалавечыя якасьці абаяльнага партыйца — інтэлігентнасьць, шырокі кругагляд, уменьне кантактаваць з рознымі сацыяльнымі пластамі.

Паверыў навукоўцам і нарабіў бяды

«Спашлюся на двух пісьменьнікаў, — распавядае Анатоль Сідарэвіч. — Алена Васілевіч ужо расказала падрабязна, як у канцы 1960-х на Случчыне здарылася раней нябачанае: аднойчы пасьля віхуры сьнег пакрыўся слоем пяску. І потым яшчэ ня раз. Што ж гэта было? Вынік асушкі не такіх далёкіх палескіх балотаў. Паводле правілаў на мэліяраваных землях забаронена сеяць нешта іншае, апроч травы і збожжавых культур. А сталі саджаць прапашныя — бульбу, буракі і г.д. Пачалося так званае „аблысеньне“, калі ветрам зьдзімала торф і ўздымала ў паветра жоўты пясочак. І Алена Сямёнаўна, і я, калі яшчэ жыў на Случчыне, гэта цудоўна памятаем.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пётар Міронавіч быў рамантык і паверыў навукоўцам, якія абяцалі зрабіць тарфянікі „залатым дном“ і тым самым узбагаціць рэспубліку-партызанку. Напачатку ён вельмі непрыхільна глядзеў на апанэнтаў мэліярацыі, і толькі потым зразумеў, што яго нахабна ашукалі — калі пачаліся пяшчаныя буры і аблысеньне глебаў. Ну і які вынік? Сёньня Беларусь з дапамогай Эўразьвязу аднаўляе асушаныя некалі балоты.

Пакінутая хата і занядбаныя палеткі. Рэпартаж з радзімы Пятра Машэрава

Акрамя таго, цягам бяздумнай кампаніі былі фактычна зьнішчаныя былыя хутары, ніўкі сярод лясоў. Тое, што нашы дзяды і прадзеды акультурвалі, трымалі ў парадку, за Машэравым пазаростала дзікім лесам. Я мог бы сам наладзіць экскурсію па месцах былых хутароў на мяжы Пінскага і Ганцавіцкага раёнаў — у тым ліку таго, дзе сам нарадзіўся».

Здрабніў мястэчкі і ўзбуйніў сталіцу

«Другі мой „сьведка“ — Алесь Петрашкевіч, царства яму нябеснае. Працаваў на даволі высокай пасадзе, загадчык аддзелу культуры ў ЦК. Натуральна, Машэрава бачыў непасрэдна, кантактаваў зь ім. Потым вывучаў фэномэн Менску. У 1960–70-х сталіца БССР расла надзвычай шпаркімі тэмпамі, разрасталася тэрытарыяльна, узьнікалі новыя спальныя раёны. Стваралі „карузьліка зь вялікай галавой“. Так у мае школьныя гады называлі дзяржавы, дзе пры агульнай колькасьці насельніцтва 8–10 мільёнаў у „кэпітал-сіці“ жыве кожны трэці-чацьвёрты жыхар.

Стагодзьдзе Машэрава: народны герой ці выканаўца волі Крамля

Гэтак здарылася і ў Беларусі. У краіны вырасла неадэкватна вялікая „галава“. Зь іншага боку, паўміралі мястэчкі, раённыя цэнтры сталі на ўзроўні вёсак. Сёньня ламаюць галаву, што з гэтай урбанізацыяй рабіць, і выйсьця не знаходзяць. Карані праблемы, зноў жа, у машэраўскай эпосе.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шматлікія вёскі абвясьцілі непэрспэктыўнымі, там забаранілі ставіць хаты. Па сабе ведаю. Вёска Забярэзьзе на Піншчыне, жэніцца мой брат. І нельга тут будавацца — непэрспэктыўная. Мужыкі, пабраўшыся шлюбам, зьяжджаюць у іншыя, „пэрспэктыўныя“. Так, ёсьць глябальны працэс урбанізацыі, але гэта штучнае ўмяшаньне дзяржавы ў натуральны працэс: дзе чалавек хоча, там і пускае карані. Як вынік, закінутыя дамы, пустыя дварышчы, зьдзічэлыя сады і ніводнай жывой душы. У Забярэзьзі дажываюць век дзьве жанчынкі. Лукашэнка са сваімі аграгарадкамі наступіў на тыя ж граблі — маўляў, патэрналісцкая ўлада лепш ведае, дзе людзям жыць і чым займацца».

Рост эканомікі і выпампоўваньне рэсурсаў

«Беларусь штогод аддавала ў саюзны бюджэт да 15 мільярдаў рублёў. Справа ў тым, што Сярэдняя Азія амаль цалкам жыла за кошт Беларусі і прыбалтыйскіх рэспублік, цэнтар толькі пераразьмяркоўваў сродкі. Гэта сьведчаньне таго, наколькі тагачасныя кіраўнікі былі несамастойныя.

Якім увайшоў у гісторыю Беларусі Пётра Машэраў? Апытаньне ў Менску

Калі Аляксей Касыгін (старшыня Савету міністраў СССР. — РС) прыехаў у Беларусь і яму паказалі Менск, ён „укалоў“ Машэрава — маўляў, багата жывяце, трэба дзяліцца. Неўзабаве пасьля гэтага пачаўся дэфіцыт харчовых тавараў. Такім чынам адбывалася перапампоўваньне рэсурсаў у іншыя рэгіёны. Пятру Міронавічу нічога не заставалася, як, сашчаміўшы зубы і ня мовячы ня слова, пагаджацца з палітыкай Масквы.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадукцыйнасьць працы ў БССР была вышэйшая, чым у Расеі, але ў заробках беларусы істотна саступалі. Гэтыя лічбы прапісаныя ў штогодніку Цэнтральнага статыстычнага ўпраўленьня СССР. Міхась Ткачоў, гісторык і першы старшыня Сацыял-дэмакратычнай Грамады, у свой час гэтыя лічбы агучыў, за што атрымаў адлуп ад Івана Шамякіна — маўляў, пустыя нагаворы. Шамякін быў адасланы да першакрыніцы, пасьля чаго заціх.

І яшчэ адна рэч: сярод нацыянальных групаў БССР самымі неадукаванымі былі беларусы — колькасьць дактароў і кандыдатаў навук на 10 тысяч чалавек была самая нізкая. Гэта да таго, каго насамрэч прасоўвалі на хлебныя пасады».

Чытаў літаратуру і кантактаваў з творцамі

«Што тычыцца чалавечых якасьцяў, дык Пётар Машэраў, відаць, быў апошнім зь ліку першых асобаў у рэспубліцы, хто шмат чытаў (у тым ліку мастацкую літаратуру), наведваў мастацкія выставы. Адпаведна, мог на добрым узроўні пагаварыць зь пісьменьнікамі, з мастакамі. Бо ўжо тыя, хто прыйшоў пасьля — Сьлюнькоў, Сакалоў — прабачце, гэта ўжо так званыя „сьпяцы“ з абмежаваным кругаглядам, невысокім узроўнем ведаў.

Акрамя таго, Пётар Міронавіч заўсёды заставаўся досыць сьціплы ў сваіх запатрабаваньнях. Калі здарылася тая жудасная аўтакатастрофа, мне казалі самі мэдыкі, што былі зьдзіўленыя, наколькі сьціпла ён быў апрануты і абуты — як па мерках высокага кіраўніка.

Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, Васіль Быкаў, ілюстрацыйнае фота
Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, Васіль Быкаў, ілюстрацыйнае фота

На фоне сваіх папярэднікаў і наступнікаў, відаць, быў і самым адкрытым. Мабыць, гэтая рамантычнасьць і падвяла ў выпадку з мэліярацыяй, калі навукоўцы так лоўка падсунулі яму глябальную авантуру. Што тычыцца вылучэньня на званьне Героя Савецкага Саюзу. Калі шчыра, па разнарадцы. Патрэбны быў пэўны працэнт рускіх, беларусаў, мужчын, жанчын, камуністаў, камсамольцаў, беспартыйных. Вось ён у зададзены фармат і ўпісаўся.

Домрачава, Машэраў, Статкевіч... Апытаньне паказала, хто герой для беларусаў

І яшчэ адна дэталь: Машэрава можна назваць таварыскім чалавекам. У якім сэнсе? Калі пагартаць архівы бюро ЦК ад 1944 году і пазьней, можна заўважыць цікавую рэч. У вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве былі накіраваныя Пётар Машэраў, Іван Палякоў, Фёдар Сурганаў і іншыя маладыя камуністы. Разам вучацца, езьдзяць на сэсіі, ну і ўсё іншае. А потым, у 1960–70-я, гэтыя хлопцы прыйдуць да кіраваньня рэспублікай».

***

Пётар Машэраў, 1971 год
Пётар Машэраў, 1971 год

Пётар Машэраў нарадзіўся 13 лютага 1918 году ў вёсцы Шыркі Сеньненскага раёну Віцебскай вобласьці. У вайну быў камандзірам партызанскага атраду, камісарам партызанскай брыгады, сакратаром падпольнага абкаму ЛКСМ Беларусі. Ад 1965 году — старшыня ЦК кампартыі БССР.

Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 4 кастрычніка 1980 году. Сьмерць Пятра Машэрава дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Некаторыя лічаць, што аварыя не была выпадковай — маўляў, такім чынам Масква пазбавілася ад занадта папулярнага палітыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG