Сьцяг у Авальнай залі
24 жніўня 1991 году, перад пачаткам скліканай на патрабаваньне апазыцыі БНФ надзвычайнай сэсіі, мы сабраліся ў пакоі апазыцыі на трэцім паверсе Дому ўраду. Цікава, што мае калегі, дэпутаты-фронтаўцы, зь цяжкасьцю згадваюць дэталі дзьвюх папярэдніх дзён – 22-га і 23-га жніўня, пасьля правалу ГКЧП і перад сэсіяй. У маёй памяці таксама гэтыя два дні (і ноч) зьліліся ў адно – мы правялі іх у пакоі апазыцыі. Рыхтавалі праекты дакумэнтаў, датычныя наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, стварэньня інстытуцыяў незалежнай дзяржавы, забароны КПБ-КПСС.
Калі надышоў час ісьці на сэсію, Галіна Сямдзянава ўзяла бел-чырвона-белы сьцяг. Яна пранесла яго праз калідор трэцяга паверху, потым па калідоры другога паверху каля кабінэту старшыні ВС Дземянцея – да фае перад Авальнай заляй. Пазьняк папрасіў перадаць сьцяг Валянціну Голубеву, і Валянцін унёс яго за крэслы прэзыдыюму, паставіўшы побач са сьцягам БССР.
Валянцін Голубеў зь бел-чырвона-белым сьцягам. Зьлева - старшыня ВС Мікалай Дземянцей і яго намесьнік Васіль Шаладонаў
Пазьняк падышоў да мікрафона: “Паважаны прэзыдыюм, просьба ад дэпутатаў апазыцыі Беларускага народнага фронту прымацаваць побач зь дзяржаўным сьцягам Беларускай ССР нацыянальны сьцяг Беларусі. Права на гэта нам дае наша гісторыя і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі”.
Варта сказаць, што камуністычная большасьць прыехала на сэсію перапалоханая – яшчэ некалькі дзён таму іхні штаб, ЦК КПБ, падтрымаў антыканстытуцыйны ГКЧП, на сходах адкрыта патрабавалі выгнаць парткамы з прадпрыемстваў, забараніць кампартыю. Але тут некаторыя імгненна паўскоквалі зь месцаў – “Непорядок! Зачем этот флаг?”. Дземянцей паставіў пытаньне на галасаваньне – толькі 107 дэпутатаў прагаласавалі “за” (патрэбна было 173).
Узьнікала небясьпека псыхалягічнай перамогі камуністаў, што магло фатальна адбіцца і на пытаньнях аб незалежнасьці; Голубеў вынес сьцяг са сцэны і паставіў яго ў “менскім” сэктары. Пазьняк адразу запатрабаваў, каб Дземянцей, які “падтрымаў хунту”, ня вёў сэсіі, а перадаў гэтае права свайму першаму намесьніку Шушкевічу.
Сэсія пайшла па нашым сцэнары.
Потым бел-чырвона-белы сьцяг быў вернуты на сцэну, а назаўтра Беларусі была вернутая незалежнасьць.
Вытокі аднаго міту
У другі дзень сэсіі здарыўся эпізод, які, відаць, і стаў нагодай міту, што нібыта Лукашэнка ўнёс у Авальную залю ВС бел-чырвона-белы сьцяг (а некаторыя журналісты яшчэ пішуць – "першы ўнёс"). Яшчэ перад сэсіяй БНФ заклікаў людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць дэпутацкую апазыцыю. Сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, над якімі луналі сотні бел-чырвона-белых сьцягоў. У перапынку паседжаньня, вяртаючыся з гатэлю “Менск”, касманаўт Уладзімер Кавалёнак узяў у некага на плошчы нацыянальны сьцяг і прынёс яго у Авальную залю. Разам з Кавалёнкам ішлі Інэса Драбышэўская (пазьней – міністар аховы здароўя ў першым лукашэнкаўскім урадзе, яшчэ пазьней – “сэнатар”) і Аляксандар Лукашэнка.
У гады дэпутацтва Лукашэнка ня тое што не выказваў сымпатыяў да нацыянальных сымбаляў – ён імі адкрыта, падкрэсьлена пагарджаў. Ня памятаю, каб ён насіў дэпутацкі бел-чырвона-белы значок, які выдалі кожнаму дэпутату ў пачатку 1992 году. Затое дакладна з 1993 году на ягоным пінжаку быў стары значок з “бээсэсэраўскім” зялёна-чырвоным сьцягам – гэта добра відаць і на фатаздымках пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. Так што, калі некаторыя былыя паплечнікі Лукашэнкі кажуць, што зьмена сымболікі ў 1995 годзе для іх была нечаканасьцю, яны хітруюць.
Кожны голас быў вызначальным
У верасьні 91-га адкрылася наступная сэсія, і апазыцыя БНФ унесла ў парадак дня пытаньне аб наданьні “Пагоні” і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў.
24 жніўня 1991 г. У прэзыдыюм Вярхоўнага Савету дэпутатамі апазыцыі БНФ унесены бел-чырвона-белы сьцяг (Галіна Сямдзянава).
Эталён сьцягу і гербу на просьбу Пазьняка распрацаваў мастак Яўген Кулік, яму дапамагалі Ўладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў і Мікола Купава.
У фае перад Авальнай заляй мы разьмясьцілі стэнды пра гісторыю нацыянальных сымбаляў – для большасьці дэпутатаў гэтая інфармацыя была адкрыцьцём.
Якраз 19 верасьня на запросіны ВС Малдовы мы з дэпутатам Міхаілам Сьлямнёвым павінны былі ляцець у Кішынёў на выбары ў якасьці назіральнікаў. Але раніцай я ня стаў складваць валізку і сказаў жонцы, што нікуды, хутчэй за ўсё, не палячу – бо наўрад ці пасьпеем прагаласаваць да вылету. Перад паседжаньнем пайшоў да Шушкевіча – і ў ягонай прыёмнай сустрэў Сьлямнёва. Ён таксама вырашыў адмовіцца ад паездкі. Аргумэнт быў адзін – мы не даруем сабе, калі нашых галасоў ня хопіць. Шушкевіч пагадзіўся.
Па праўдзе, мне падавалася, што галасоў павінна хапіць – проста не хацелася прапусьціць такое гістарычнае паседжаньне. Але сытуацыя аказалася больш драматычнай, чым уяўлялася спачатку.
За тры тыдні, якія прайшлі ад папярэдняй сэсіі, дэпутаты камуністычных перакананьняў адышлі ад пасьляпутчаўскага шоку і пачалі рыхтавацца да рэваншу. Цэнтрам палітычнай сілы намэнклятуры пасьля ліквідацыі ЦК КПБ рабіўся Саўмін (нагадаю, што ў тыя дні Кебіч канкураваў з Шушкевічам за пасаду старшыні ВС). Кебіч тады не выступаў супраць нацыянальных сымбаляў, але і не падтрымліваў іх (зусім магчыма, што ён хацеў уцягнуць нас у гандаль: ён падтрымоўвае сьцяг і “Пагоню”, а мы – яго).
Шмат якія дэпутаты вагаліся. Вельмі станоўча паўплывалі на настроі залі выступы прэзыдэнта Акадэміі навук Уладзімера Платонава і асабліва – Георгія Таразевіча (у той момант ён быў членам Прэзыдыюму ВС СССР, яшчэ за паўтара году перад гэтым – старшынём Прэзыдыюму ВС БССР, а да гэтага мэрам Менску. Намэнклятура ўспрымала яго як “свайго” і верыла яму).
Сапраўды, сьцяг і герб былі прынятыя “голас у голас” – калі хаця б аднаго не хапіла, пытаньне давялося б адкласьці, магчыма, да наступнай сэсіі (празь некалькі месяцаў сытуацыя для станоўчага рашэньня была ўжо неспрыяльная; ды што месяцы, ужо на наступны дзень некаторыя дэпутаты камуністычных перакананьняў паспрабавалі аспрэчыць рашэньне). Вядома, кожны з дэпутатаў, якія галасавалі “за”, можа абсалютна справядліва лічыць менавіта свой голас “вызначальным”.
І ўсё ж быў адзін голас, які сапраўды вызначыў вынікі галасаваньня.
Вось як пра гэта прыгадвае Зянон Пазьняк: “Перад галасаваньнем я падышоў да аднаго дэпутата-вэтэрана зь Менску, узяў яго за руку і сказаў: “Мы з вамі розных палітычных поглядаў, але і вы, і я – беларус. Мы павінны працаваць дзеля Беларусі. Калі ласка, прагаласуйце за герб і сьцяг. Я вас вельмі прашу”. Ён памаўчаў, а потым адказаў: “Добра. Я вам абяцаю, што прагаласую”. І сапраўды прагаласаваў”.
Тым дэпутатам быў Міхаіл Жукоўскі – былы намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, у той момант – старшыня Камісіі па справах вэтэранаў і член Прэзыдыюму ВС. І да гэтага, і пасьля гэтага і як “просты” дэпутат, і як член Прэзыдыюму Жукоўскі галасаваў зусім ня так, як галасавалі дэмакратычныя дэпутаты. Але ў той гістарычны дзень ён сапраўды падтрымаў Беларусь.
За больш як дваццаць гадоў знаёмства з Пазьняком я толькі аднойчы бачыў на ягоных вачах сьлёзы – увечары 19 верасьня 1991 году, калі на табло высьвецілася лічба станоўчага рашэньня, і нацыянальныя сымбалі набылі статус дзяржаўных.
…Калі-небудзь мы даведаемся імя дэпутата, які ўнясе бел-чырвона-белы сьцяг у парлямэнт вызваленай ад дыктатуры Беларусі. Магчыма, гэта будзе нехта з тых сёньняшніх маладых, якіх зьбіваюць, арыштоўваюць і штрафуюць за вывешваньне нацыянальнага сымбалю на вуліцах нашых гарадоў.