Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына-генэрал, абраная ўпаўнаважанай па правах чалавека Расеі, паходзіць зь Віцебску


Тацяна Маскалькова
Тацяна Маскалькова

Генэрал-маёр міліцыі, дэпутат Дзярждумы Расеі Тацяна Маскалькова абраная ўпаўнаважанай па правах чалавека Дзяржаўнай Думы Расеі. Як перадае ТАСС, у выніку тайнага галасаваньня за Тацяну Маскалькову прагаласавалі 323 дэпутаты, 11 былі супроць, 1 устрымаўся. Тацяна Маскалькова перамагла чатырох прэтэндэнтаў на пасаду «амбудсмэна» — галоўнага афіцыйнага абаронцы правоў чалавека ў Расеі.

Тацяна Маскалькова нарадзілася ў 1955 годзе ў Беларусі, у Віцебску. Скончыла ў Маскве Ўсесаюзны юрыдычны завочны інстытут, служыла ў МУС Расеі, даслужылася да званьня генэрал-маёра міліцыі. Першы раз у Дзярждуму Маскалькова спрабавала абрацца ў 1999 годзе ад «Яблыка», але няўдала. Пасьпяхова абралася ў 2007 годзе ад «Справядлівай Расеі».

Тацяна Маскалькова вядомая рэзананснымі прапановамі, скіраванымі на прыняцьце больш жорсткіх законаў. Гэтак, пасьля акцыі групы Pussy Riot яна прапанавала ўвесьці крымінальную адказнасьць за пэрформансы, а таксама штрафаваць за непадпарадкаваньне народным дружыньнікам. Таксама генэрал-маёру міліцыі Маскальковай належыць прапанова перайменаваць МУС у ВЧК і «надаць яму адпаведныя паўнамоцтвы дзеля навядзеньня парадку, захаваньня краіны ў спакоі і бясьпецы».

Пасьля абраньня амбудсмэнам нараджэнка Віцебску заявіла, што будзе займацца абаронай правоў расейскамоўных за мяжой.

«Закрываюцца расейскія школы. Прыціскаюцца элемэнтарныя правы грамадзянаў Расеі, якія пражываюць за мяжой: палітычныя, сацыяльна-эканамічныя ды іншыя правы. Упаўнаважаны па правах чалавека павінен заняцца гэтай праблемай», — лічыць генэрал-маёр Тацяна Маскалькова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG