Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч: Для Міколы важна паказаць нам: Ня бойцеся!


Марына Адамовіч: «Мікола кажа нам усім: Не бойцеся!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:08 0:00

Марына Адамовіч: «Мікола кажа нам усім: Не бойцеся!»

У перадачы «Інтэрвію тыдня» жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча, кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты Марына Адамовіч адказвае на пытаньне, як яна ставіцца да патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, распавядае, што павінна стаць галоўным лёзунгам кампаніі, і тлумачыць, якое пасланьне нясе беларусам Мікола Статкевіч

— Штаб руху салідарнасьці «Разам» сабраў подпісы больш як 200 чалавек, якія пагадзіліся стаць сябрамі ініцыятыўнай групы па вылучэньні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. У ініцыятыўную групу ўвайшлі вядомыя дзеячы беларускай культуры і навукі Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Сяргей Законьнікаў, Юры Хашчавацкі, Уладзімер Халіп, Зінаіда Бандарэнка, Валер Мазынскі, Аляксандар Тамковіч, Лявон Вольскі. Вы разглядаеце фармаваньне ініцыятыўнай групы Статкевіча выключна як маральны крок — ці гэта ўсё ж палітычны чын?

— Сапраўды, гэта найперш маральны акт, але ў ім ёсьць і палітычны складнік. Мы прынялі, дэкляравалі галоўны мэсыдж гэтай кампаніі — «без вызваленьня кандыдата ў прэзыдэнты на мінулых выбарах Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязьняў і поўнага аднаўленьня іх у правах ніякія выбары ў Беларусі ня могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі». Гэтым пасланьнем мы і пачынаем кампанію.

— Калі 23 ліпеня вашу ініцыятыўную групу не зарэгіструюць — што далей?

— Незалежна ад рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі (а пэўныя службовыя асобы нават да пачатку кампаніі ўжо выказаліся супраць) мы будзем працягваць сваю дзейнасьць і даносіць гэтае пасланьне да людзей.

— Як ніколі раней на гэтых выбарах палаюць жарсьці вакол пытаньня ўдзелу ці няўдзелу ў іх. Якія ў вас стасункі з прадстаўнікамі ініцыятыўных групаў іншых кандыдатаў?

— Гэтыя адносіны вельмі спакойныя. Я ня схільная ані да гарачых абвінавачваньняў, ані да кансьпіралягічных тэорыяў. Я веру, што гэтыя людзі таксама любяць Беларусь, але магчыма, крышку па-іншаму разумеюць той шлях, які неабходны дзеля вяртаньня яе ў рэчышча дэмакратычных пераменаў.

— То бок ад вас мы не пачуем ацэнак кшталту «хто ідзе на выбары, той здраднік і гуляе на баку ўлады»?

— Не. Такія ацэнкі не прагучаць. Я магу выказваць непаразуменьне, нязгоду, магу лічыць, што з майго пункту гледжаньня нейкія дзеяньні супярэчаць нашым мэтам — але я не магу адмовіць іншым людзям у праве па-іншаму думаць, па-іншаму любіць краіну.

— Уладзімер Някляеў заклікае патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты зьняцца на карысьць Міколы Статкевіча і не дапускаць падману грамадзянаў і фальсыфікацыі подпісаў падчас выбарчай кампаніі. Ці чаканая была для вас гэтая падтрымка зь ягонага боку? І ці былі для вас нечаканымі тыя зьмены, якія адбыліся ў статусе Ўладзімера Някляева за апошнія месяцы?

— Падтрымка была чаканая, я вельмі на яе спадзявалася. А зьменаў у статусе Някляева я чакала даўно. У мяне было ўнутранае перакананьне, што Ўладзімер Пракопавіч у «Гавары праўду», можа, не зусім на сваім месцы.

— Я ведаю, што вы даволі скептычна ставіцеся да прагнозаў, што ўлады могуць вызваліць Мікалая Статкевіча. А такія прагнозы зьяўляюцца фактычна пад кожную значную палітычную падзею. Як вы ставіцеся да меркаваньня, што Статкевіча могуць вызваліць да выбараў?

Аб’ектыўна я разумею, што вызваленьня палітзьняволеных да заканчэньня гэтай кампаніі мы наўрад ці дачакаемся

— Я звычайна на такія пытаньні адказваю такім чынам. Першы раз мяне пачалі віншаваць з тым, што Мікола заўтра-пазаўтра выходзіць на волю, 20 траўня 2011 году. Я, безумоўна, чакаю і спадзяюся. Але аб’ектыўна я разумею, што вызваленьня палітзьняволеных да заканчэньня гэтай кампаніі мы наўрад ці дачакаемся.

— Чаму Мікалай Статкевіч — адзіны зь вядомых палітыкаў сярод палітвязьняў, які застаецца ў зьняволеньні?

— Я думаю, найперш таму, што Мікола — моцны чалавек, які не зламаўся. А для ўладаў вельмі важна, каб людзі хоць якім чынам прадэманстравалі сваю слабасьць. Мікола не зламаўся, ён працягвае за кратамі супрацьстаяць гэтай бесчалавечнай уладзе.

— Дык прычына найперш у ягоным характары ці ў прынцыповасьці ягонай палітычнай пазыцыі?

— Мікола не здаецца ў тым ліку і таму, што разумее — «у краіны павінен быць шанец». І гэты шанец залежыць ад таго, наколькі захаваюць сваю пазыцыю людзі, якія гэты мэсыдж нясуць. Для Лукашэнкі вельмі важна прынізіць сваіх апанэнтаў.

— Апошнія тыдні ёсьць навіны пра пэўнае ўзмацненьне ціску на Мікалая Статкевіча за кратамі. Чым бы вы гэта патлумачылі?

— Гэта не «апошнія тыдні і месяцы». Асаблівае стаўленьне да Міколы выразна праяўлялася зь першых дзён. Менавіта Міколу адправілі ў шклоўскую калёнію (я называю яе прыдворнай), менавіта туды праз два тыдні прыехаў Лукашэнка і там зрабіў сваю прапанову — «пакайцеся, напішыце прашэньне, я вам самалёцік дам, каб вы краіну пакінулі». Тры гады ў турме, год у адзіночцы, потым тры месяцы ў калёніі, і пры першай жа магчымасьці зноў у турму. Я думаю, што сэрыйныя забойцы ў гэтай краіне маюць лепшыя ўмовы за кратамі. Прынамсі, у той самай шклоўскай калёніі забойцы займалі ўсе хлебныя пасады.

— Чаму Мікола на гэта ідзе, чаму ён гэта робіць? Які яго галоўны матыў?

— Я думаю, што для Міколы вельмі важна паказаць нам — «ня бойцеся!» Паказаць беларускаму грамадзтву, што можа быць іншы варыянт паводзінаў, разьвіцьця падзеяў — пакуль ёсьць людзі, якія прытрымліваюцца такой пазыцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG