За апошнія суткі ў Беларусі за «Маршы недармаедаў» затрымалі больш за 20 чалавек , у тым ліку старшыню АГП Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага (ім прысудзілі па 15 сутак) і лідэрку Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову (7 сутак).
Бабруйскія ўлады задумалі рамонт на месцы збору «Маршу недармаедаў», а ўлады Воршы праводзілі прыём у выканкаме і ўсталёўвалі гукаўзмацняльнікі ў цэнтры.
«Дэкрэт пра дармаедаў» прыпынілі на год, але да прыпыненьня засталося шмат пытаньняў, прыпыненьне не спыніла акцыі пратэсту.
У Воршы тым часам працягваюцца ператрусы і затрыманьні. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымліваюць журналіста «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна і журналістку БелаПАН Адар’ю Гурштын. Апошняя паведамляла, што за ёй ходзіць «асабісты канвой» зь «людзей у цывільным».
У Воршы таксама затрыманы рэдактар інтэрнэт-выданьня «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро — ён перадае, што «міліцыя забрала пашпарты» ў яго і журналістаў парталу Tut.by. У Бабруйску затрыманая прафсаюзная актывістка Галіна Сьмірнова, паведамляе яе муж.
Акрамя таго, «Вясна» паведамляе, што ў неназваным месцы затрыманы берасьцейскі блогер Дмітрый Гарбуноў, у Кобрыне — актывісты Алесь Мех з сябрам Васілём Андрэюком, у Берасьці — блогер Сяргея Пятрухін.
У Бабруйску на «Марш недармаедаў» сабралася ўжо каля сотні людзей.
Мужчына: дзе прадстаўнікі ўлады? Чаму яны з намі не размаўляюць? #дармаеды https://t.co/morJrJs0n1
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
Большасьць плякатаў, якія прынесьлі людзі на акцыю пратэсту супраць дэкрэту №3 у Бабруйску, тычацца эканамічнага стану: «Праз дэкрэты і налогі хутка ўсе працягнем ногі», «Не дэкрэту №3», «Заплаці падаткі і сьпі галодным», «Разам – мы сіла», «Дэкрэту – не, рабоце – так».
Людзі расказваюць журналістам пра тое, што іх турбуе: маленькія пэнсіі, высокая сьмяротнасьць ад анкалёгіі, немагчымасьць уладкавацца на працу, платныя мэдыцынскія паслугі, хлусьня ў СМІ. Усе згодныя, што «ўладу трэба мяняць». Пэрыядычна людзі скандуюць: «Нет декрету №3, Лукашенко, уходи!», «Сыходзь!» і «Свабоду!».
«Людзі, якія не цікавяцца палітыкай, выходзяць на вуліцу ва ўсіх гарадах Беларусі, каб выконваліся нашыя правы. Мы прытрымліваемся Канстытуцыі. Заклікаю скандаваць непалітычны лёзунг „Баста!“, — прамаўляў былы палітвязень Яўген Глаголеў-Васьковіч. — Хутка з нас будуць драць за тое, што мы проста ходзім на зямлі Беларусі».
Таксама людзі на акцыі скардзяцца, што на бабруйскім прадпрыемстве «Бабушкіна крынка» сказалі, што будуць звальняць усіх, хто выйдзе на акцыю. Студэнтам пагражаюць адлічэньнем.
Крэатыўныя плякаты ў Бабруйску #дармаеды https://t.co/hTu2Sc8yoz
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
"Я паверыла Лукашэнку ў 1994, што ён будзе змагацца з карупцыяй, а зараз тут усё карумпавана" #дармаеды https://t.co/9SGVhRCL9r
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
У Берасьці таксама людзі выйшлі на акцыю пратэсту супраць дэкрэту №3. Гэтая акцыя стыхійная, аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» не абвяшчалі, што яна мае адбыцца.
«Цэлы месяц людзі крычаць «Сыходзь!», а ён ня чуе», – сказала ў мэгафон жанчына на мітынгу ў Берасьці.
Акцыя пакуль не шматлюдная – сабралася каля 50 чалавек.
Каля 700 чалавек ці больш зараз у Бабруйску. Лёзунгі ўжо ў асноўным за адстаўку Лукашэнкі і ўрада #дармаеды https://t.co/w6DZeGNiU2
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
Над пратэстоўцамі ў Бабруйску лётае дрон. Яўген Глаголеў-Васьковіч лічыць, што ён налеыжыць праваахоўным органам: «Глядзіце, гэта нашыя грошы лётаюць, улады баяцца нас».
«90 % людзей, незалежна ад таго, працуюць яны ці не, хочуць зьвяржэньня гэтай улады. Мы не апазыцыя, тут няма апазыцыйных лідэраў. Мы звычайныя людзі, якія проста змагаюцца за свае правы. Уладам не падабаецца бел-чырвона-белы сьцяг, то давайце выходзяць з чырвона-зялёным, каб паказаць, што мы не апазыцыя», — прамаўляе пратэстоўка ў Бабруйску.
Актывіст з Баранавічаў "Я прыехаў вас падтрымаць, бо мы жывем як у концлягеры" #дармаеды https://t.co/keJweyBMBb
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
Мужчына на акцыі ў Бабруйску патрабуе, каб Лукашэнка даў справаздачу за свае рэзыдэнцыі, адпачынкі ў Сочы, за тое, колькі грошай ён траціць на сябе: «Хай за кожную капейку адчытаецца».
Людзі абураныя, што іх у дзяржаўных СМІ называюць дармаедамі, некаторыя не задаволеныя, што дзяржава патрабуе плаціць за прыватызацыю кватэр, якія былі атрыманыя за часам Савецкага саюзу.
Адзін з удзельнікаў пратэсту ў Бабруйску, Рыгор Грык, прыехаў на акцыю ў паласатай вопратцы турэмнага вязьня з Баранавіч. Ён сказаў, што людзі ў Беларусі пачуваюцца як вязьні. Мужчына сказаў, што такім чынам выказвае салідарнасьць зь лідэркай прафсаюзу РЭП Галінай Сьмірновай, якую затрымалі сёньня раніцай.
Людзі раззлаваныя. Крычаць "Свабоду!" затрыманым актывістам #дармаеды https://t.co/1NNt208RLQ
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
У Воршы зьбіраюцца людзі. Будзем адтуль стрыміць таксама #дармаеды https://t.co/xdMQyPThqq
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017
Жанчына ў Бабруйску плача, яна ня ведае, як жыць далей: «У мяне гістэрыка! Лукашэнка павінен сесьці ў падумаць, як нам жыць. У 90-я гады было нашмат лепш. Я столькі год жыву ў гэтым горадзе, але так кепска ніколі не было. Я ня ведаю, як жыць далей».
Людзі скардзяцца на тое, што «рвуцца сем’і», што вымушаныя працаваць за мяжой:
«Гэтая ўлада павінна мне заплаціць 360 рублёў, бо я ня бачыў, як рос мой сын, як старэла мая жонка. Нам па тэлебачаньні паказваюць, як дзяржава клапоціцца пра сям’ю, але насамрэч сем’і распадаюцца, бо людзі павінны разлучацца, каб зарабіць на хлеб», — абураецца адзін з пратэстоўцаў.
«Я хачу, каб мой муж жыў са мной. А не ў іншай краіне на заробках. Мне прыслалі «ліст шчасьця», таму што я сяджу дома з двума дзецьмі. Мая мама працуе на пэнсіі, атрымлівае 200 рублёў. Мы сядзім і чакаем мужчын, гадаем, ці прывязуць грошы», — кажа жанчына зь дзіцём.
Цытата: "Господин президент, вы сказали, что на площадь выходят отморозки и майданутые. Мы не отморозки! Вон отсюда… https://t.co/qe7KOwNLpu
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.3.2017