Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскае ТВ паказала свой «радыеактыўны попел». Рэакцыі


Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-4 Гродна» паказаў рэпартаж пад назвай «Маршам у нікуды», у якім асуджаюцца «Маршы недармаедаў», што адбыліся ў лютым-сакавіку шмат у якіх гарадах Беларусі, у тым ліку ў Горадні. Адзін са згаданых у «рэпартажы» апазыцыянэраў рыхтуе заяву ў пракуратуру.

У відэа ананімны дыктар, расказваючы пра «маршы недармаедаў», сьцьвярджае, што на іх сабраліся тыя, каму «рабіць, па сутнасьці, няма чаго, як толькі маршыраваць».

Маўляў, размаўляць канструктыўна ў будынку адміністрацыі яны адмовіліся, але ім выпала нагода «засьвяціцца перад камэрамі з выглядам заўзятага змагара за справядлівасьць, каб потым даць справаздачу сваім куратарам...»

У час маршу намесьніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша прапаноўвала мітынгоўцам прайсьці ў актавую залю, якая зьмяшчае 250 чалавек, на акцыі ж сабралася каля 1000 чалавек. У адказ на абурэньне мітынгоўцаў яна ня раз паўтарала, што Горадня — прыгожы горад і «культурная сталіца Беларусі».

Затым у абʼектыў трапляюць паасобныя апазыцыянэры, якія пасьля «маршаў недармаедаў» былі асуджаныя на розныя тэрміны арышту і штрафы. Сярод іх сябра партыі «Справядлівы сьвет» Валянціна Навумава, кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, сябра АГП Ежы Грыгенча, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук, сябра БХД Сяргей Верамеенка і каардынатар руху «За свабоду» Ўладзімер Лявон.

Дыктар робіць выснову, што апазыцыянэры, якія «добра ўладкавалі сваё жыцьцё», толькі «робяць выгляд, што змагаюцца за правы беларусаў». У «рэпартажы» паказваецца дом, у якім жыве кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, школьны атэстат каардынатара руху «За свабоду» па Гарадзеншчыне Вадзіма Лявона, агучваецца, хто і чым займаецца, расказваюцца іншыя падрабязнасьці — некаторыя амаль інтымнага характару — пра грамадзкіх і палітычных дзеячоў Гарадзеншчыны.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Саранчукоў сказаў Свабодзе, што рыхтуе заяву ў пракуратуру па факце зьяўленьня такога матэрыялу на публічнай тэлевізіі:

«Відаць, што там выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія яўна носяць апэратыўны характар. Гэтыя матэрыялы выкарысталі незаконна, як, у прынцыпе, і незаконна праводзілі здымкі. Усё скіравана на тое, каб чалавека абразіць і прынізіць. Відавочна, што гэта зроблена на замову, але зроблена вельмі непрафэсійна. Думаю, гэтым людзям будзе некалі вельмі сорамна за сваю працу».

Зьміцер Бандарчук
Зьміцер Бандарчук

Бандарчук кажа Свабодзе, што яму відавочна: падобныя сюжэты скіраваныя на тое, каб зьбіць хвалю пратэстаў у краіне.

«Я пачытаў людзкія камэнтары пад гэтым відэа і адчуў ад людзей падтрымку, бо ўсім зразумела, дзеля чаго гэта робіцца. Ну ўявіце, паказваюць дом нашае сямʼі, які ня мне належыць, а ўсёй сямʼі, і голас за кадрам кажа, якім шыкоўным домам я валодаю. Але ў той самы час ні слова пра тое, што ён будуецца 20 гадоў усёй сямʼёй і дагэтуль недабудаваны. Расказваюць там пра нібыта маю цьмяную працу, але нават паленаваліся паглядзець у маю працоўную кніжку. Наагул, мне не зразумела, навошта некаму вось так нізка ўлазіць у сямейныя справы людзей і паказваць гэта ў публічнай прасторы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG