Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: «Улады бачаць грамадзянскую супольнасьць як небясьпечнага праціўніка»


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Чаму беларускія ўлады зноў вярнуліся да рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці? Наколькі зьмянілася іхняя тактыка і паводле якога прынцыпу яны выбіраюць сабе новыя мішэні? Чаму арыштаваных у справе «Белага легіёну» дагэтуль не прызнаюць палітвязьнямі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае праваабаронца Алесь Бяляцкі. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Чым бы вы патлумачылі апошнія рэпрэсіі ўладаў? Ці гэта проста інстынктыўная рэакцыя ўлады на пагрозу, якая ўзьнікла ў сувязі з сацыяльнымі пратэстамі? Альбо гэта больш стратэгічны паварот да звыклай практыкі рэпрэсіяў, зь якой Беларусь жыве шмат гадоў?

— Па-першае, асабліва нічога новага мы ня ўбачылі. Цыклічнасьць беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця захоўваецца. Мы проста бачым, як наступае пэрыяд моцных рэпрэсіяў, атакі на дэмакратычныя сілы, калі «добра» працуюць усе — міліцыя, спэцслужбы, суды. Бо ўсе яны зьвязаныя ў адну сыстэму падаўленьня праціўніка. Бо беларускія ўлады бачаць грамадзянскую супольнасьць як патэнцыйнага небясьпечнага праціўніка.

Калі паглядзець на тыя інструмэнты, якія ўжывалі супраць грамадзкай супольнасьці ў 2006, 2010 годзе і цяпер — то ўвесь набор сродкаў і мэтадаў ужо быў гатовы. І мы ўсе апошнія паўтара года, калі ў нас была так званая «адліга», заўсёды казалі на сустрэчах з замежнікамі, што мы хочам бачыць комплексныя зьмены, карэнныя зьмены — у першую чаргу ў заканадаўстве і ў прынцыпах ужываньня гэтых законаў. Бо тыя касмэтычныя крокі па так званай «дэмакратызацыі» могуць быць скончаныя за дзень-два. І мы якраз гэта назіралі ў сакавіку.

Асабліва дзівіцца тут не выпадае. Бо калі ўзьнікае, з пункту гледжаньня ўлады, нейкая пагроза, небясьпека, то тады адкідаюцца ўсе дамоўленасьці, пагадненьні — і зноў ужываецца шырокі комплекс рэпрэсіяў з тым, каб як мага балючай стукнуць па дэмакратычнай супольнасьці, зьбіць хвалю актыўнасьці.

— Захаваць уладу — гэта, натуральна, прыярытэт. Але да гэтага могуць весьці два шляхі. Адзін — рэпрэсіі, барацьба з грамадзянскай супольнасьцю. Другі — працягваць добрыя адносіны з Захадам нават безь вялікіх рэформаў, атрымліваць адтуль крэдыты, паездкі і палітычную падтрымку. Чаму сілавы блёк са сваім канфліктным падыходам перамог у апошнія месяцы?

— Я мяркую, што асноўныя кірункі замежнай і ўнутранай палітыкі ў нас вызначае адзін чалавек. Натуральна, разам са сваім асяродзьдзем, якое склаў ён сам. Калі паўстае выбар паміж двума шляхамі — то ён заўсёды выбірае варыянт поўнага кантролю ў краіне. Гэта ня першы раз паўтараецца. І тут нічога новага.

Адзінае, што пакідае нейкія спадзяваньні на тое, што сытуацыя ня будзе даведзеная да поўнага крызісу, да варыянту пасьля 19 сьнежня 2010 году — гэта тое, што цяпер беларускія ўлады не зачыняюцца, не закрываюць перамоўныя каналы, якія былі напрацаваныя за гэтыя паўтара года. Канчаткова брама не зачыненая, і гэта адчуваецца. У 2011 годзе амбасады Беларусі і прадстаўніцтвы ў міжнародных арганізацыях проста не ішлі ні на якія кантакты з замежнікамі. Бо той абʼём дапамогі, палітычнай і эканамічнай, якую прапанавала тады Расея Лукашэнку, задавальняў усе патрэбы Менску, і яны маглі ігнараваць Эўразьвяз.

Сёньняшні дзень, мабыць, не дазваляе беларускім уладам ісьці такім шляхам, таму цяпер гэтыя каналы застаюцца. І мне падаецца, што магчымасьці для ўплыву на беларускі рэжым з боку як грамадзянскай супольнасьці, гэтак і з боку Эўразьвязу яшчэ застаюцца.

Магчымасьці для ўплыву на беларускі рэжым з боку як грамадзянскай супольнасьці, гэтак і з боку Эўразьвязу яшчэ застаюцца

— А чаму беларускія ўлады нібыта не разумеюць, што зьяўленьне палітвязьняў адкіне іх далёка назад у адносінах з Эўропай? Чаму яны ідуць на працяг" справы патрыётаў«? І, дарэчы, пытаньне, якое цяпер многія задаюць — чаму «Вясна» дагэтуль не прызнала гэтых людзей палітвязьнямі?

— Новая тактыка ўладаў — яны не рэпрэсуюць прыкметных, вядомых палітычных асобаў ці грамадзкіх дзеячоў. Яны цяпер «працуюць» з групамі моладзі, напрыклад, з анархістамі. Хваля рэпрэсіяў супраць іх была досыць шырокая і супала з хваляй супраць палітычных актывістаў — таму, можа, была не такая заўважная. Прайшлі дзясяткі ператрусаў, забраныя дзясяткі кампутараў — быў нанесены моцны ўдар па анархісцкім руху.

Удар па сябрах былога «Белага легіёну» быў вельмі падступны. Гэта хітрая тактыка ўладаў. Яны імкнуцца трымаць узровень страху ў грамадзтве, і, зь іншага боку — кранаюць такія групы, якія ў вачах Эўропы выклікаюць сумневы і пытаньні.

Гэтая сытуацыя стварае складанасьці і перад намі, праваабаронцамі. Бо абвінавачваньні па «справе патрыётаў» вельмі сурʼёзныя. Артыкул аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў быў ня самы моцны аргумэнт супраць затрыманых, меў вялікае палітычнае адценьне. Мы, праваабарончыя арганізацыі, адразу прынялі супольную заяву, у якой адзначылі палітычны кантэкст справы. Цяпер, калі зьявілася іншае абвінавачаньне — «незаконныя ўзброеныя фармаваньні» — то, вядома, гэтая страшылка накіраваная на эўрапейцаў. Эўрапейскія палітыкі вельмі асьцярожна ставяцца да спраў, зьвязаных са зброяй, выбухоўкай. У апошнім прапагандысцкім фільме на БТ нездарма ўсё было зьмяшана ў адну кучу — з мэтай заблытаць думку эўрапейскага грамадзтва.

Мы, праваабаронцы, пастаўленыя ў няпростую сытуацыю. Мы адназначна кажам, што гэтая справа мае палітычны кантэкст...

— А наколькі апраўданыя перасьцярогі, што пасьля апошніх геапалітычных зьменаў, пасьля Крыму Захад больш ставіць на незалежнасьць Беларусі, а не на дэмакратыю ў краіне, што аслабла ўвага да праваабарончых пытаньняў?

— Гэты момант прысутнічае, мы гэта адзначаем з насьцярогай. Мы папярэджвалі нашых эўрапейскіх калегаў, што нам нельга дзяліць гэтыя рэчы, што геапалітыка не павінна затуляць сытуацыю з правамі чалавека. Апошні месяц быў непрыемны для тых эўрапейскіх палітыкаў, якія будавалі палітыку супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам.

Я скончу сваю думку наконт прызнаньня палітычных зьняволеных. Мы трымаем гэтую справу на вельмі пільным кантролі. Але, улічваючы складанасьць гэтай справы, тут немагчыма сьпяшацца. Мы ж ня «робім» іх палітзьняволенымі для іх саміх ці для свайго задавальненьня. Нібыта гэта чароўная палачка, якая адразу зьменіць іхнюю сытуацыю, умовы ўтрыманьня, будучыя прысуды і гэтак далей.

Тут трэба рабіць справу вельмі дакладна і грунтоўна, каб улады не маглі ніякіх аргумэнтаў прадставіць супраць нашых рашэньняў. Таму — мы ня будзем тармазіць, але і ня будзем сьпяшацца. Давядзем справу да лягічнага канца. Зрабіць памылку тут мы ня маем права.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG