Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б цяпер насіў форму міліцыянта, то скінуў бы», — пэнсіянера МУС пакаралі за «Марш недармаедаў»


«Марш недармаедаў» у Горадні 15 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Горадні 15 сакавіка

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі на рашэньні Ленінскага суду Горадні пэнсіянэра МУС Валерыя Курчэўскага і праваабаронцы Эдварда Дмухоўскага.

Яны былі асуджаныя за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Горадні 15 сакавіка.

Валеры Курчэўскі быў асуджаны на 15 базавых велічынь (345 рублёў) Ленінскім раённым судом Горадні. Падчас разгляду скаргі ён спрабаваў давесьці судзьдзі, што не парушаў законаў; што яму, як і іншым грамадзянам краіны, Канстытуцыя гарантуе свабоду слова, мітынгаў і сходаў; што беларускае грамадзтва апынулася ў бяспраўным становішчы, людзі абмежаваныя ў правах.

Валеры Курчэўскі
Валеры Курчэўскі

Валеры Курчэўскі расказаў, як хадзіў у рэдакцыю дзяржаўнай газэты, каб надрукавалі ягоныя думкі пра становішча ў краіне; хадзіў да дэпутата, каб той падняў праблемныя пытаньні ў парлямэнце:

— Але ўсе мае довады засталіся непачутымі, яны папросту нікому не патрэбныя. Але я не шкадую, што прыйшоў на мітынг, выказваўся перад людзьмі. Я і далей буду казаць тое, што думаю, бо хачу застацца чалавекам. Шкадую, што позна пачаў гэтым займацца.

Пасьля разгляду скаргі спадар Курчэўскі сказаў Свабодзе, што цяпер на яго коса глядзяць многія ягоныя саслужыўцы, некаторыя нават спрабуюць кпіць.

— Шчыра скажу, каб цяпер я быў у форме міліцыянта, то паклаў бы гэтую форму... Асабліва пасьля таго, што адбылося ў Менску. Я не шкадую, што пайшоў разам зь людзьмі на плошчу: наш народ заслугоўвае, каб у яго былі абаронцы. Дзякую ўсім, хто мяне падтрымаў маральна.

Праваабаронца Эдвард Дмухоўскі Ленінскім судом Горадні быў асуджаны на 15 сутак. Ён выступаў падчас мітынгу 15 лютага.

Эдвард Дмухоўскі
Эдвард Дмухоўскі

— У гэтым мітынгу бралі ўдзел міліцыянты ў цывільным — што яны там рабілі? Яны ахоўвалі парадак? Не. Яны ўдзельнічалі ў шэсьці, яны нікога не папярэджвалі, што парушаецца парадак. А ў выніку мне 15 сутак, а ён сьведчыць на судзе, не зрабіўшы нікому папярэджаньня, што нехта парушае парадак. На мітынг вышлі і прадстаўнікі гарвыканкаму, якія таксама да адказнасьці не прыцягваліся, хоць выступалі, гаварылі зь людзьмі, даносілі сваю пазыцыю, — заўважыў суду Дмухоўскі.

Паводле Дмухоўскага, суд нават і не спрабаваў пачуць ягоных аргумэнтаў:

— І судзьдзя не зьдзівіў, усё адбылося традыцыйна, як звычайна: выслухаў і сказаў, што пакідае рашэньне бязь зьменаў, маўляў, можаце абскарджваць. Гэта канвэер, яны прымаюць рашэньні, якія ім кажуць.

Урыўкі з выступам Эдварда Дмухоўскага зь мітынгу 15 сакавіка, якія адбыўся ў Горадні, паказалі ў нядаўнім фільме пра «Белы легіён». Дмухоўскі кажа, што цяперашнія прапагандысты намяшалі ў кучу ўсё, што толькі магчыма, абы чарговы раз засьмеціць галовы беларусам.

— Думаю, што час прыйдзе, і ўсе гэтыя так званыя «рэжысэры» будуць адказваць за свае ўчынкі. Відавочна, што ўсе яны баяцца за сваё наладжанае сёньняшняе жыцьцё ў катэджах, за сваю скуру. Яны будуць рабіць усё, каб нічога не памянялася ў іхным жыцьці, але час усё расставіць на свае месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG