Прадстаўнікі Нацыянальнага банку cпасылаюцца на камэрцыйную таямніцу і не паведамляюць, дзе канкрэтна былі замоўленыя новыя грошы, якія плянуецца запусьціць у абарот зь ліпеня 2016 году. Тым часам у кулюарах называюць два адрасы — Літоўскі і Славацкі манэтныя двары.
Яшчэ ў 2009 годзе за аўтарствам Петра Барты на міжнародным сайце калекцыянэраў і нумізматаў зьявілася калекцыя беларускіх манэтаў, сфатаграфаваных у Нумізматычным музэі Крэмніцы. У гэтым славацкім горадзе разьмешчаны манэтны двор Славаччыны, які супрацоўнічае шмат зь якімі дзяржавамі сьвету, чаканіць эўрапейскую валюту. Выява суправаджалася рэплікай: нарэшце ў краіне, дзе хадзілі выключна папяровыя грошы, зьявяцца першыя манэты.
У той час пра меркаваную дэнамінацыю кіраўніцтва Беларусі публічна ня згадвала, але выкладзеныя фатаздымкі ідэнтычныя ўзорам, якія разам з навіной пра абразаньне чатырох нулёў былі абнародаваныя сёлета 4 лістапада. Праўда, на тым сайце няма згадак пра манэты наміналам 1 і 2 капейкі, а Нацбанк уводзіць у абарот шырокі асартымэнт, пачынаючы ад найменшых значэньняў.
Адметна, што факт супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў 2009-м пацьвердзіў і кіраўнік манэтнага двара Славаччыны Ўласьціміл Калінец, удакладніўшы, што на першым этапе заплянавана выбіць больш за 100 мільёнаў манэт. Праўда, тагачасны начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў патлумачыў, што рэгулятар вывучае магчымасьці манэтных двароў Эўропы, уключна са славацкім, але гэта не азначае, што ў выніку замову атрымае менавіта Крэмніца.
На запыт Радыё Свабода PR-спэцыяліст прадпрыемства «Mincovňa Kremnica» Вераніка Хрэнава адказала, што на сёньня манэтны двор ня мае замовы ад Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь на чаканку разьменных манэтаў. Не пацьвердзілі магчымае супрацоўніцтва і ў адміністрацыі Літоўскага манэтнага двара.
Раней Нацыянальны банк разьмяшчаў за мяжой замовы толькі на чаканку памятных манэтаў, першы такі экспэрымэнт датаваны 1996 годам. Ад таго часу геаграфія прадпрыемстваў, зь якімі супрацоўнічала беларуская фінансавая ўстанова, склалася досыць шырокая: Вялікая Брытанія, Літва, Нямеччына, Польшча, Расея, Славаччына, Швайцарыя. Апошнім часам адбылася пераарыентацыя на Казахстан, дзе найлепшыя суадносіны якасьці і кошту.
Аднак, калі верыць прадстаўнікам Нацбанку, у дадзеным выпадку гэта наўрад ці азіяцкі партнэр па эўразійскіх інтэграцыйных надбудовах, бо наўпрост сьцьвярджаецца: беларускія манэты зробленыя ў адной з эўрапейскіх краінаў.
Са словаў банкаўскага кіраўніцтва, зьвесткі пра выканаўцаў замовы агалошвацца ня будуць: як заявіў на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Дзьмітры Лапко, паводле дамовы, падпісанай паміж беларускімі ўладамі і прадпрыемствам-вытворцам, гэта камэрцыйная таямніца. Ня выключана, што менавіта гэтай акалічнасьцю тлумачыцца і нежаданьне апавядаць пра факт магчымага супрацоўніцтва ў офісах патэнцыйных выканаўцаў.
Кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін у камэнтары для Свабоды выказаў меркаваньне, што ў адсутнасьць уласнага манэтнага двара беларускія грошы будуць «залатымі» — валюты на іх вытворчасьць запатрабуецца больш, чым можна чакаць аддачы. Паколькі ў выпадку з тымі ж манэтамі гаворка не пра адну іх тону, спачатку трэба было б стварыць адпаведную вытворчасьць у Беларусі, а ўжо потым іх на ёй выпускаць. Як кажа суразмоўца, нават на пачатковым этапе патрэба ў манэтах складзе парадку 200 тон, і калі замаўляць іх за мяжой, то выдаткі будуць значныя:
«Прыгожа напісаў на tut.by Ігар Пеліпась (старшыня Назіральнай рады дасьледчага цэнтру ІПМ): „...Гэта азначае, што ўлады ўпэўненыя ў тым, што рэформы, якія яны зьбіраюцца правесьці, прывядуць да станоўчага выніку, і мы завершым нашу гісторыю зь вялікімі дэвальвацыямі і пяройдзем у стабільны стан“. Але тут да месца задацца рытарычным пытаньнем: можа, мы знайшлі ў сябе нейкае вельмі вялікае радовішча золата і ўсе нашы чорныя дні скончацца? Ня ведаю, асабіста ў мяне пэсымістычнае чаканьне; тут больш неразуменьне, чым разуменьне такога кроку. Бо калі я спрабую ацаніць сытуацыю з гледзішча таго, колькі мы грошай на гэта патрацім, ці ў стане мы ўвогуле ўкласьці столькі сродкаў на перазапуск грашовай сыстэмы, то канцы з канцамі ня вельмі сыходзяцца. У такім выпадку ці ня лепш закладзеныя сумы патраціць на аднаўленьне эканомікі, на яе пераарыентацыю, на стварэньне новых працоўных месцаў?»
Тым часам колішні кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч пацьвердзіў, што на пачатку 1990-х у банкаўскіх колах абмяркоўвалася магчымасьць увядзеньня манэтаў і адпаведнай вытворчасьці.
Па яго словах, экспэрты прыйшлі да высновы, што лягчэй купіць станок, манэтныя загатоўкі і самім «кляпаць» капейкі. Аднак да рэалізацыі справа не дайшла, бо ў краіне панавала гіпэрінфляцыя, і ў выпадку запуску ў абарачэньне манэтаў іх жыцьцё аказалася б надзвычай кароткім. Таму, удакладняе спадар Багданкевіч, калі ўлады разьмяшчалі заказ на друкаваньне ў Нямеччыне беларускіх папяровых рублёў, ад манэтнага суправаджэньня было вырашана адмовіцца. Як паказаў час, за наступныя два дзясяткі гадоў сытуацыя прынцыпова не зьмянілася.