Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Боны, талеры, пракапейкі: беларускія грошы, якіх не было і ня будзе


Беларусы нямала фантазіравалі пра новыя беларускія грошы задоўга да праекту дэнамінацыі-2016. Свабода сабрала нязьдзейсьненыя і фантастычныя купюры Беларусі.

Калі ня браць у лік Сярэднявечча, упершыню ў беларусаў магчымасьць займець уласныя грошы зьявілася толькі на пачатку XX стагодзьдзя — у часы Беларускай Народнай Рэспублікі. Але БНР з розных прычынаў гэтага не зрабіла, да нас не дайшлі нават магчымыя праекты тагачасных рублёў альбо талераў. Тым ня менш на тэрыторыі БНР разам з расейскімі, польскімі і нямецкімі грашыма хадзілі і ўласныя разьліковыя адзінкі мясцовых уладаў. Напрыклад, боны Слуцкага земства, што захаваліся ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францыска Скарыны ў Лёндане:

Боны слуцкага павятовага земства са збору Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францыска Скарыны ў Лёндане
Боны слуцкага павятовага земства са збору Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францыска Скарыны ў Лёндане

Пасьля таго як тэрыторыя Беларусі была падзеленая між Савецкім Саюзам і Польшчай, яна таксама ня мела ўласных грошай. І ў часы нямецкай акупацыі па Беларусі хадзілі замежныя грошы: хіба адзінае, што можна лічыць «тутэйшым», — гэта тэкстыльныя талёны генэральнай акругі «Беларусь» з надпісамі па-нямецку і па-беларуску. Такія талёны выдавалі за здадзеную прадукцыю на куплю тэкстыльных вырабаў.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці сучаснай Рэспублікі Беларусь уласныя грошы зьявіліся не адразу. Першыя беларускія рублі, вядомыя ў народзе як «зайчыкі», маюць на сабе лічбы 1992. Але да іх былі ўведзеныя карткі спажыўца. Акрамя звыклых аркушаў з купонамі, былі і пробныя купоны, больш падобныя да купюраў, вырабленыя ў 1991 годзе ў францускай тыпаграфіі, яны захаваліся ў музэі Нацбанку. Яшчэ без «Пагоні», але з жывёламі і «домікамі».

Пробныя ўзоры купонаў
Пробныя ўзоры купонаў

Акрамя зьвяроў з энцыкляпэдыі «Зьвяры і птушкі нашай краіны», на беларускіх грошах маглі зьявіцца і людзі. У 1990 годзе Савет міністраў БССР дазволіў стварыць беларускі Дзяржзнак зь Сяргеем Слабчанкам на чале. У тым жа годзе суаўтар герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня», мастак Уладзімер Крукоўскі, як ён распавядаў «Камсамолцы», прапанаваў канцэпцыю і абгрунтаваньне ўласных беларускіх грошай: талераў у якасьці купюр і грошаў у якасьці манэт. Эскізы намаляваў Леанід Бартлаў. На іх можна пабачыць нацыянальных герояў Беларусі.

Эскізы талераў Бартлава
Эскізы талераў Бартлава

Эскізы талераў Бартлава
Эскізы талераў Бартлава

Эскізы манэт выканаў Леў Талбузін.

Эскізы манэт Талбузіна
Эскізы манэт Талбузіна

Але пазьней ад ідэі нацыянальных герояў вырашылі адмовіцца, як і ад назвы «талер». Некаторыя эскізы яшчэ ўтрымлівалі слова «талер», але ўжо са зьвярамі замест людзей, а на некаторых не было і назвы валюты.

Фота з кнігі «Папяровыя грашовыя знакі Беларусі»
Фота з кнігі «Папяровыя грашовыя знакі Беларусі»

Замест «зайчыкаў» меркавалі былі надрукаваць нацыянальных герояў, але першы «тэставы» наклад трапіў на склады. Урад Беларусі выдзеліў 20 мільёнаў даляраў на друк у Нямеччыне беларускіх рублёў, дызайн якіх распрацаваў Аляксандар Зіменка. У 1994 годзе тыпаграфія Giesecke & Devrient у Мюнхэне надрукавала беларускія рублі з Купалам, Коласам, Скарынам, а таксама Белай вежай і Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквой. Але яны шмат гадоў праляжалі ў сховішчы ў Мачулішчах, так і не ўвайшоўшы ў абарачэньне.

«Нямецкія» беларускія рублі дызайну Зіменкі
«Нямецкія» беларускія рублі дызайну Зіменкі

У 1998 годзе зноў задумаліся, каб замяніць зьвяроў людзьмі: як распавядала штатны дызайнэр Нацбанку Тацяна Радзівілка «Белсату», у 1998 годзе група супрацоўнікаў Нацбанку стала зноў прасоўваць ідэю «грошай зь людзьмі» і зрабіла эскізы талераў са Скарынам, Купалам, Коласам, Шагалам і «Песьнярамі». Ды аўтары і самі ведалі, што прапанову наўрад ці прымуць.

Праект рублёў-1998 ад супрацоўнікаў Нацбанку
Праект рублёў-1998 ад супрацоўнікаў Нацбанку

Ад пачатку 2000-х прапаноўвалася адзіная валюта спачатку Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, затым Эўразійскага саюзу. Але далей за эскізы, сур’ёзныя ці жартоўныя, праект не зайшоў.

Розныя малюнкі на тэму адзінай эўразійскай валюты з сацсетак
Розныя малюнкі на тэму адзінай эўразійскай валюты з сацсетак

У 2007 годзе нумізмат У. А. Юргенсон зь Менску зноў прапанаваў намаляваць на беларускіх рублях лідэраў беларускіх зямель розных часоў: князёў Усяслава Чарадзея, Валодшу, Гедзіміна, Вітаўта, а таксама Льва Сапегу, Кастуся Каліноўскага, Рамана Скірмунта і Пятра Машэрава.​

Малюнкі Юргенсона для сайту нумізматаў «Ізрой»
Малюнкі Юргенсона для сайту нумізматаў «Ізрой»

У 2011 годзе адбыўся сур’ёзны абвал беларускага рубля — за год даляр вырас з трох тысяч да амаль дзевяці. Карыстальнікі сацсетак сталі жартаваць пра купюру ў нуль рублёў ці пра зусім непрыстойныя сумы, а партал naviny.by прапанаваў «кампрамісны» пераход на даляры.​

Антыкрызісныя» прапановы 2011 году з сацсетак
Антыкрызісныя» прапановы 2011 году з сацсетак

Таксама ў 2011 годзе сур’ёзна паўстала пытаньне ўвядзеньня купюры 200 тысяч рублёў. Пра гэта загадзя паведаміла старшыня Нацбанку Надзея Ермакова, а чытачы «Камсамольскай праўды» кінуліся прапаноўваць свае варыянты 200-тысячнай купюры. На ёй малявалі Нацыянальную бібліятэку, «Менск-Арэну» і будынак Нацбанку. Але не ўгадалі: на сапраўднай купюры вырашылі зьмясьціць выяву мастацкага музэя ў Магілёве.​

Прапановы на 200 тысяч рублёў ад чытачоў «Камсамольскай праўды»
Прапановы на 200 тысяч рублёў ад чытачоў «Камсамольскай праўды»

І тады ж карыстальнікі сацсетак зноў згадалі пра талеры — ці ня ў першы раз з лацінкай поруч з кірыліцай.

Прапанова талераў 2011 года ад невядомага з сацсетак
Прапанова талераў 2011 года ад невядомага з сацсетак

Да грашовай тэмы тады падключыліся і піяршчыкі: агенцтва Capitalist Digital у рэклямных мэтах прапанавала новыя купюры з гадзіньнікамі. Нягледзячы на чыста камэрцыйны характар працы, на купюрах «засьвяцілася» і «Пагоня».

Прапанова рублёў 2011 года Capitalist Digital
Прапанова рублёў 2011 года Capitalist Digital

Дызайн-студыя «Адліга» правяла ў 2011 годзе цэлы конкурс на дызайн новых грошай. А пераможцаў узнагародзіла ўласнай прадукцыяй.

Працы ўдзельнікаў конкурсу «Адлігі»
Працы ўдзельнікаў конкурсу «Адлігі»

Сапраўдная лявіна «новых рублёў» пайшла 1 красавіка 2013 году: новыя грошы жартам прапанавалі на «дзень дурня» tut.by, naviny.by і МТБанк. Першыя (мяркуючы па подпісе, рукамі Вадзіма Трусава) «прадказалі» павелічэньне максымальнага наміналу да 500 тысяч, другія стварылі «пракапейкі» (самай папулярнай у сацсетках купюрай стала, відаць, «этапяць пракапеек») у гонар старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча, трэція замянілі «зайчыкаў» на «дыназаўрыкаў».

Наступная хваля «крэатыўных прапановаў» была выкліканая заявай Лукашэнкі пра тое, што новыя грошы ў Беларусі ўжо ёсьць і што яны падобныя да эўра. Заява прагучала ў студзені 2014 году, а рэакцыя надыйшла толькі праз год. Спачатку крэатыўшчык з Кобрыня Раман Дубінка прапанаваў «мадэрнізаваны» варыянт тагачасных рублёў «пад эўра»...

Дызайн «пад эўра» ад Рамана Дубінкі
Дызайн «пад эўра» ад Рамана Дубінкі

У адказ на камэнтары «а чаму ня талеры» пад навінамі пра гэты дызайн «Наша Ніва» прапанавала варыянт талераў (ужо не «пад эўра») з нацыянальнымі героямі Беларусі — Вітаўтам, Эўфрасіньняй Полацкай, Скарынам, Агінскім, Ордам, Каліноўскім, Купалам і Караткевічам...

Дызайн талераў «Нашай Нівы»
Дызайн талераў «Нашай Нівы»

А затым і блогер 1863x прапанаваў свае грошы: спалучыў ідэю талераў і эўра з альтэрнатыўнымі, але ня менш нацыянальнымі героямі: Гедзімінам, Барбарай Радзівіл, Кастусём Каліноўскім, Язэпам Драздовічам і Міхалам Вітушкам.

Дызайн талераў 1863x
Дызайн талераў 1863x

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG