Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макс Корж: Мы — хлопчыкі і дзяўчынкі па-за палітыкай


Макс Корж
Макс Корж

Сьпявак пракамэнтаваў забарону на ўезд ва Ўкраіну і летнія канцэрты ў Крыме.

«Што тычыцца маіх выступаў у Севастопалі і Сімфэропалі летась, то яны сапраўды ня мелі мэты нанясеньня шкоды якой-небудзь краіне, бо мы — хлопчыкі і дзяўчаткі па-за палітыкай, выступаем усюды, ходзяць на нашы канцэрты такія ж апалітычныя хлопцы, і адзіная мэта, якую мы перасьледуем, — гэта адрыў і пазытыў. Ніякіх гучных заяваў я дакладна не рабіў. Так што прычын для забароны ня бачылі. Усім прывітаньне, не панікуем, усё вырашыцца», — напісаў сьпявак.

У Макса Каржа былі заплянаваныя выступы ў Крывым Рогу, Днепрапятроўску, Палтаве, Харкаве, Івана-Франкоўску. Але сёньня падчас пашпартнага кантролю ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль», яму адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю Ўкраіны.

Фанаты з розных краін стварылі хэштэг, каб паспрыяць адмене дадзенага рашэньня — #вернитеМакса.

У чым справа?

Праводзіць канцэрты ў Крыме не забаронена, але каб трапіць туды замежнікам праз тэрыторыю Ўкраіны, трэба атрымаць спэцыяльны дазвол. Гастрольная дзейнасьць сярод магчымых прычынаў уезду на тэрыторыю акупаванага паўвострава ня значыцца.

Такім чынам, сьпявак трапіў у Крым з тэрыторыі Расеі, што ўкраінскі бок разглядае як адміністрацыйнае парушэньне. Адна з магчымых санкцыяў — забарона ўезду ва Ўкраіну.

Пра тое, што такія санкцыі могуць быць ужытыя да Каржа, было вядома да летніх канцэртаў. Тады прадусар выканаўцы Руслан Манібаеў заявіў, што ня раз езьдзіў у Крым з тэрыторыі Расеі і праблемаў ня меў. На заўвагі пра тое, што ў выпадку публічнага выступу артыста пракуратура Ўкраіны можа завесьці нават крымінальную справу, Манібаеў адказваў: «Праверым асабіста». Тым ня менш зьвестак пра выступы ў Крыме на афіцыйным сайце Макса Каржа не было.

Беларускія турысты — парушальнікі

Макс Корж — не адзіны беларус, якому могуць «нечакана адмовіць» ва ўезьдзе ва Ўкраіну. Дзясяткі беларускіх турфірмаў прапануюць адпачынак у Крыме. Аўтобусы зь Менску едуць праз тэрыторыю Расеі. З пункту гледжаньня Ўкраіны гэта парушэньне яе дзяржаўнай мяжы. Пячаткі ў пашпарт, што праўда, ня ставяцца — Расея лічыць Крым сваёй тэрыторыяй. Але калі турыст захоча вярнуцца самастойна праз тэрыторыю Ўкраіны, ён будзе затрыманы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG