Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 малавядомых фактаў пра жыцьцё ў Крыме на другі год расейскай акупацыі


Радыё Свабода на падставе дакладу незалежных украінскіх экспэртаў выбрала 8 малавядомых фактаў пра жыцьцё ў Крыме на другі год расейскай акупацыі.

Амаль два гады таму, у ноч з 26 на 27 лютага, расейскі спэцназ бяз знакаў адрозьненьня заняў будынкі Вярхоўнага Савету і Савету міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым у Сімфэропалі, пасьля чаго над будынкамі былі паднятыя расейскія сьцягі. Гэтая падзея лічыцца пачаткам анэксіі Крыму Расейскай Фэдэрацыяй.

Гаворачы пра сёньняшні Крым, у асноўным узгадваюць санкцыі, энэргетычную блякаду і перасьлед крымска-татарскіх актывістаў. Але багата падрабязнасьцяў жыцьця акупаванага Крыму застаецца па-за ўвагай шырокай грамадзкасьці. Свабода на падставе дакладу незалежных расейскіх і украінскіх экспэртаў з аб’яднаньня «Гуляй-поле» выбрала 8 малавядомых фактаў пра жыцьцё ў Крыме на другі год расейскай акупацыі.

Рост незадаволенасьці

Дэманстрацыя супраць губэрнатара Сэвастопаля Сяргея Мяняйла, Крым, 15 жнiўня 2015 году
Дэманстрацыя супраць губэрнатара Сэвастопаля Сяргея Мяняйла, Крым, 15 жнiўня 2015 году

У параўнаньні з 2014 годам у 2015-м адчуваецца значны рост незадаволенасьці насельніцтва, што зьвязана з неадпаведнасьцю спадзяваньняў, якія ўскладаліся на расейскія ўлады, жыцьцёвым рэаліям. У Крыме надалей пагаршаецца сацыяльна-эканамічная сытуацыя, няма інвэстыцыяў, чарговы турыстычны сэзон праваліўся.

Абурэньне і неразуменьне крымчукоў выклікаюць і факты прызначэньня на ключавыя дзяржаўныя пасады службоўцаў зь іншых рэгіёнаў Расеі.

Асабліва незадаволеныя жыхары Севастопаля. Тут найбольш нараканьняў на нізкую якасьць і прадукцыйнасьць працы гарадзкіх чыноўнікаў, і асабліва — на пагардлівае стаўленьне да насельніцтва ў цэлым. Жыхары Севастопаля кажуць, што яны не адчуваюць паляпшэньня ўзроўню жыцьця, якасных зьмяненьняў у пытаньнях ЖКГ, разьвіцьця інфраструктуры, якасьці паслуг, цэнавай палітыкі і г.д. Фактычна нараканьні тычацца ўсіх сфэр жыцьця, прычым чуваць яны ўжо і ад заўзятых прыхільнікаў далучэньня да Расеі.

Пошук «ворагаў народу»

Пасьля заявы Пуціна пра пагрозу дэстабілізацыі сытуацыі ў Крыме з боку «зьнешніх сілаў» на паўвостраве актывізавалася дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў.

Кіраўніцтва ФСБ паставіла перад чэкістамі задачу — не пакінуць па-за ўвагай ніводнага патэнцыйнага ачага супраціву расейскім уладам. Дзейнасьць чэкістаў накіраваная ня толькі супраць украінцаў і крымскіх татар, але і супраць актыўных прарасейска настроеных грамадзян, якія выступаюць з крытыкай дзеяньняў улады. Неафіцыйна супрацоўнікам ФСБ ставіцца задача выявіць і правесьці распрацоўку пэўнай колькасьці асобаў, якія хаця б тэарэтычна могуць займацца варожай дзейнасьцю.

Чэкісты атрымалі ўказаньне зноў вярнуцца да раней складзеных сьпісаў «асобаў з прыкметамі варожай дзейнасьці». Пастаўлена задача пашырэньня агентурнага апарата — без апэратыўнага кантролю чэкістаў не павінна застацца ніводнай дзяржаўнай або прыватнай структуры. Як лічаць экспэрты, стратэгічная задача — давесьці насельніцтва Крыму і Севастопаля да ўзроўню «атамізаванай масы паасобных людзей, не зьвязаных адзін з адным ніякімі сувязямі салідарнасьці».

Паклёпы і даносы

У Крыме ўсё больш распаўсюджваюцца даносы і паклёпы на знаёмых, сваякоў і суседзяў. Сярод «асабліва пільных грамадзян» шмат пэнсіянэраў, якія лічаць сваім абавязкам дапамагчы Расеі. Зь фігурантамі даносаў у асноўным праводзяцца гутаркі на працоўных месцах. Але могуць на іх падаваць і пазовы ў суд, пераважна з унівэрсальным абвінавачаньнем у экстрэмізьме.

Напрыклад, на пачатку кастрычніка мінулага году кіроўца маршрутнага таксі ў Севастопалі ўключыў для агульнага прагляду пасажырамі відэа з запісам канцэрту «95 квартал». Жарты пра Расею і Пуціна абразілі пасажыраў, і адзін зь іх пасьля паездкі падаў на гэта скаргу.

Акрамя таго, апошнім часам часьцей адзначаюцца выпадкі прафіляктычных мерапрыемстваў ФСБ адносна грамадзян, якія размаўляюць на ўкраінскай мове ці адкрыта разьмяшчаюць украінскую сымболіку на сваіх аўтамабілях.

Карупцыя і канфлікт Аксёнава з «Адзінай Расеяй»

У 2015 годзе ўзмацнілася супярэчнасьці паміж крымскімі ўладамі і мясцовымі дэпутатамі ад кіроўнай расейскай партыі «Адзіная Расея». «Адзінаросы» паспрабавалі завезьці ў Крым украінскі вугаль з Данбасу па завышанай цане — у 2,5 раза даражэй, чым вугаль з расейскага Кузбасу. Супраць такой схемы адмываньня бюджэтных сродкаў выступіў кіраўнік акупацыйнага ўраду Крыму Сяргей Аксёнаў. Гэта прывяло да абвастрэньня ягоных адносін з кіраўніцтвам «Адзінай Расеі». У самой «Адзінай Расеі» апошнім часам усё часьцей гучаць заклікі замяніць цяперашняга кіраўніка Крыму на каго зручнейшага.

На выпадак вымушанай адстаўкі Аксёнаў рыхтуе сябе шляхі адыходу і меры фінансавай падтрымкі. У Падмаскоўі ён адкрыў сетку крамаў «Крымское подворье», куды транзытам праз Крым паступае па танных коштах гародніна, садавіна і іншая прадукцыя, якая афіцыйна ідзе на тэрыторыю Крыму для мясцовых спажыўцоў. Акрамя таго, на жонку Аксёнава на тэрыторыі Крыму зарэгістравана 7 камэрцыйных кампаніяў, у тым ліку Расейскі нацыянальны камэрцыйны банк (РНКБ), які пасьля анэксіі абслугоўвае практычна ўсе бюджэтныя ўстановы на паўвостраве.

Чачэнскі сьлед

У якасьці дадатковых крыніц фінансаваньня мясцовага бюджэту Аксёнаў разглядае магчымасьць нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належаць грамадзянам Украіны. Але акупацыйныя ўлады ня ведаюць, як юрыдычна аформіць гэтую экспрапрыяцыю, каб яна не прывяла да новых арыштаў расейскіх актываў за мяжой.

Таму Аксёнаў вырашыў скарыстаць мэтад сілавога ціску на ўладальнікаў нерухомасьці пры дапамозе чачэнцаў клана Байсарава (сябра Рамзана Кадырава). Байцы Байсарава адбіраюць маёмасьць пад прыклёпам вяртаньня «дзяржаве» тэрыторыяў, якія знаходзяцца ў прыродаахоўнай зоне. Уладальніку прапануецца перааформіць маёмасьць на іншую асобу.

Паводле дадзеных экспэртаў, цяпер у Крыме фіксуецца істотны рост колькасьці чачэнцаў, якім Пуцін асабіста даў дабро на тое, каб весьці бізнэс на паўвостраве і ператварыць яго ў гульнявую зону.

Чэргі і затрымкі бюджэтных выплат

Чэргі па хлеб у Сэвастопалі, 22 лістапада 2015 году
Чэргі па хлеб у Сэвастопалі, 22 лістапада 2015 году

З пачатку 2015 году ў Крыме назіраліся пастаянныя затрымкі з выплатамі пэнсіяў. Расейскія ўлады тлумачаць гэта тым, што пэнсіянэры няправільна аформілі дакумэнты. Пры гэтым сярэдні памер пэнсіяў на паўвостраве амаль на 1 тыс. руб. меншы, чым сярэдні па РФ.

Падобныя затрымкі тычацца і выплат заработнай платы работнікам бюджэтных устаноў і арганізацыяў, што выклікае незадаволенасьць грамадзян. У прыватнасьці, у сакавіку 2015 году работнікі тралейбуснага парку Сымфэропаля выходзілі на страйк з патрабаваньнем выплаціць ім запазычанасьці па заробку за 3 месяцы.

У Крыме вялікія праблемы зь дзейнасьцю дзяржаўных устаноў і прадстаўленьнем паслуг грамадзянам. У прыватнасьці, на працягу другога году пасьля анэксіі стаялі доўгія чэргі ў пашпартных сталах: на прыём і ў чэргі запісваюць кругласутачна, а каб атрымаць рашэньне па асобных пытаньнях, трэба выстойваць у чарзе па некалькі месяцаў. У канцы лютага 2015 году быў выпадак, калі незадаволеныя грамадзяне спрабавалі сарваць дзьверы і сілай прарвацца ва ўстанову. Натоўп супакойвалі некалькі дзясяткаў «казакоў» з гумовымі дубінкамі.

Вялізныя чэргі назіраліся і пры выдачы сэртыфікатаў на «мацярынскі капітал».

Наступства канфлікту на Данбасе

Дадатковая крыніца напружаньня ў грамадзтве — рост незадаволенасьці сярод перасяленцаў з Данбасу. Значная іх частка пасьля пачатку баявых дзеяньняў перабралася ў Крым — наўпрост або праз Расею. Ёсьць зьвесткі, што некаторых з мацерыковай Расеі адправілі на паўвостраў практычна сілком.

Асноўная праблема для ўцекачоў — працаўладкаваньне. Нават тыя, хто мае афіцыйны дазвол на працаўладкаваньне, ня могуць знайсьці працу. Ёсьць праблемы і з атрыманьнем пасьведчаньня на права жыхарства.

Зь іншага боку, ФСБ праводзіла працу па выяўленьні мясцовых жыхароў, якія ваююць ці могуць ваяваць на Данбасе ў складзе падразьдзяленьняў украінскіх сіл. На думку экспэртаў, дадзеныя мерапрыемствы маюць на мэце праз шантаж сваякоў атрымаць рычагі ўзьдзеяньня на ўдзельнікаў АТА, а таксама прадухіліць магчымыя антырасейскія дзеяньні на паўвостраве ў будучыні.

Антыўкраінская прапаганда

Прарасейскі мітынг у Сімфэропалі
Прарасейскі мітынг у Сімфэропалі

Падчас другога году акупацыі расейскія ўлады ў Крыме працягвалі масіравана распаўсюджваць прадузятую інфармацыю наконт Украіны, актыўна выкарыстоўваючы мову нянавісьці.

У прыватнасьці, у 2015 годзе расейскія ўлады, каб прадухіліць паездкі жыхароў паўвострава ва Ўкраіну, паведамлялі, што ва Ўкраіне абвешчана чарговая хваля мабілізацыі і таму кожнага, хто прыедзе туды, незалежна ад узросту і полу, або адразу ж мабілізуюць, або пасадзяць у турму. Як ні дзіўна, большасьць насельніцтва Крыму давала гэтаму веры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG