Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гімн «Малітва» прагучаў на магілёўскім фэстывалі «Магутны Божа»


Першы радок з гімна «Малітва» даў назву фэстывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Апошнія гады для заўсёднікаў фэстывалю застаецца інтрыгай, ці прагучыць на гала-канцэрце гэты музычны твор. Сёлета галя-канцэрт заплянаваны на 27 чэрвеня.

Музычны твор Натальлі Арсеньневай і Мікалая Равенскага прагучаў на Сьвятой Імшы ў катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі ў Магілёве. Выканаў яго зводны мужчынскі і жаночы хор касьцёлу. Абодва хары зьбіраюцца разам на адмысловыя ўрачыстасьці.

На набажэнства, якім распачаўся фэстываль «Магутны Божа», прыйшло нямала вернікаў і заўсёднікаў фэсту. Грамада «Малітву» сьпявала разам з хорам.

«Сёньняшняя імша была ўрачыстай, як і сёньняшні дзень. Імі распачаты фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», — казаў Свабодзе па сканчэньня набажэнства ксёндз Віталь Драздоўскі.

«Праз наведваньне фэстывалю ў людзей ёсьць магчымасьць вярнуцца да веры, — дадаў ён. — Наведваючы канцэрты і слухаючы духоўную музыку ў людзей магчыма нешта ў душы зварушыцца. Бог тварца сусьвету, а чалавек створаны падобным да Бога, таму ў любой творчасьці прысутнічае Бог».

У ХХІІ фэстывалі ўдзельнічаюць выканаўцы з 18 краінаў. Конкурс фэсту пачнецца 26 чэрвеня ў катэдральным касьцёле Магілёва. Акрамя конкурсных выступленьняў у касьцёле, адбудуцца канцэрты на адкрытых пляцоўках гораду.

Першы фэстываль хрысьціянскай духоўнай музыкі адбыўся ў Магілёве ў 1993 годзе з ініцыятывы з ініцыятывы тагачаснага магілёўскага ксяндза Ўладзіслава Бліна і прадстаўнікоў грамадзкасьці. Фэст задумваўся як экумэнічны форум, пакліканы аб’яднаць у музычнай творчасьці хрысьціян.

Гімн «Малітва» у першыя гады фэстывалю гучаў на яго адкрыцьці і закрыцьці. Удзельнікі конкурснай праграмы мусілі ведаць яго на мове арыгіналу. Гэтак было пазначана ў палажэньні фэсту. У пазьней рэдакцыі палажэньня такога патрабаваньня ўжо не было.

Харавы дырыжор і пэдагог Віктар Роўда, якога лічаць натхняльнікам фэстывалю і ягоным апекуном, у гады, калі фэст пачалі праводзіць пад кіраўніцтвам уладаў, дамагаўся, каб на ім гучала «Малітва». У 2007 годзе Віктар Роўда памёр.

Апекаваўся фэстывалем і музыказнаўца, дасьледнік беларускай культуры зь Вялікай Брытаніі Гай Піка́рда. Ён быў нязьменным чальцом журы фэстывалю. Пікарда памёр 21 красавіка 2007 году ў Лёндане. Паводле ўласнага запавету прах дасьледніка беларускай культуры пахавалі 15 лістапада 2008 году ў Менску ля Чырвонага касьцёлу.

Імёны Віктара Роўды і Гая Пікарда ў Магілёве не ўвекавечаныя.

Сёлетні магілёўскі фэстываль пачаўся з адкрыцьця выставы-кірмаша «Беларусь праваслаўная». Гэтая ўрачыстасьць адбылася 24 чэрвеня.

Япіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Сафроній у сваёй вітальнай прамове фэстываль «Магутны Божа» не згадаў. Сьвятар адзначыў, што выстава-кірмаш адбываецца ў рамках сьвяткаваньня 300-годзьдзя праваслаўнага асьветніка Георгія Каніскага.

Начальніца аддзелу ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму Іна Караткевіч у сваёй прамове адзначыла, што «выстава прыадчыняе дзьверы фэстывалю».

Завершыцца фэст 3 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG