Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў запатрабаваў ад навукоўцаў «канкрэтных вынікаў». Чаму гэта «руйнуе навуку»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На нарадзе аб праектах юрыдычных актаў па разьвіцьці рэальнага сэктару эканомікі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што навукоўцам неабходна падвышаць заробкі, калі «ёсьць вынікі ў іхнай дзейнасьці».

Лукашэнка згадаў, што ў красавіку даручыў «выпрацаваць новыя прынцыпы і падыходы да налічэньня заробкаў навукоўцам» і пацікавіўся вынікамі:

«Іншымі словамі, ці стануць на практыцы навукоўцы атрымліваць вартыя заробкі за вынікі сваёй працы? — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Гэта галоўнае канцэптуальнае патрабаваньне: ёсьць вынік — плацім, працуеш на вынік — авансуем, па выніку трэба заплаціць вялікія грошы навукоўцам».

Што яму адказалі, не ўдакладняецца. Але дадаецца: Лукашэнка паабяцаў неўзабаве падпісаць дакумэнт аб падвышэньні заробкаў навукоўцам, бо «яго распрацоўку і так зацягнулі».

Заслужаны дзеяч навукі​: «Калі такога ўяўленьня прытрымлівацца, мы зьнішчым усялякую навуку»

Лукашэнка ня ў першы раз патрабуе з навукоўцаў «вынікаў дзейнасьці», але такое патрабаваньне шкодзіць ня толькі тэарэтычным навукам, а і тым, якія нацэленыя на «канкрэтныя вынікі», кажа Свабодзе заслужаны дзеяч навукі БССР, прафэсар Генадзь Лыч.

Ён нагадвае, што Лукашэнка кажа пра арыенцір на дастасоўныя навукі, маючы на ўвазе такія, што даюць вынік «неадкладна і заўсёды». Калі ж выніку не відаць ці яго цяжка прадказаць, дык, на думку Лукашэнкі, «і няма чаго займацца такімі дасьледаваньнямі».

Генадзь Лыч
Генадзь Лыч

«Што скажаш, такое ў яго ўяўленьне, — разважае Лыч. — Але калі такога ўяўленьня прытрымлівацца, мы зьнішчым усялякую навуку! Калі вучоны адразу ведае, да чаго прыйдзе — ня ведаю нават, як такое „навуковымі дасьледаваньнямі“ назваць. Нешта такое істотнае, прарыўное толькі тады атрымліваецца, калі праводзяцца дасьледаваньні, у якіх вучоны нават не ўяўляе, да чаго ён прыйдзе».

Ён лічыць, што такія дасьледаваньні ёсьць ня толькі ў тэарэтычнай матэматыцы ці фізыцы.

«Нават у сацыяльных навуках праводзяць такія дасьледаваньні і прыходзяць да такіх вынікаў, якія могуць не спадабацца дзяржаве. Але за такія плаціць ня будуць — і будуць рабіць дакладна наадварот», — кажа навуковец.

Лукашэнка: «Хацеў бы, каб нашы навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі». А «Зялёныя» знайшлі, і не адну

Лыч — доктар эканамічных навук, прафэсар, працуе ў Інстытуце сыстэмных дасьледаваньняў АПК НАН Беларусі. На яго думку, апошнім часам у Беларусі не відаць доўгатэрміновых дасьледаваньняў у галіне эканомікі. Ён сьмяецца са стратэгіі разьвіцьця тэхналёгіяў да 2040 году: «чаму не да 2200-га»?

Стратэгічных досьледаў, кажа ён, цяпер практычна няма: «У нас робяць толькі тое, што цяпер і неадкладна, што пад самым носам ляжыць. І тое, што пад носам ляжыць, бачым не такім, якім яно ёсьць насамрэч, а якім хочам бачыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG