Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Беларусь шукае ў Кітаі?


Ці адбудзецца прарыў у беларуска-кітайскіх адносінах ад чарговага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР? Чаму ў Беларусі існуюць завышаныя чаканьні ад супрацоўніцтва з кітайцамі? Ці прыйдуць, нарэшце, прамыя кітайскія інвэстыцыі?

Трайны ўдар — тры пытаньні для трох аналітыкаў. Удзельнікі: Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, і Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: 28–30 верасьня адбудзецца дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, падчас візыту адбудуцца перамовы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам і будзе падпісана каля 30 двухбаковых дакумэнтаў аб супрацоўніцтве ў розных сфэрах.

Лукашэнка і кіраўнікі Кітаю за апошнія гады даволі часта абменьваюцца візытамі на самым высокім узроўні. Менск сапраўды імкнецца ўтварыць з Кітаем стратэгічнае партнэрства. Паводле задумы Лукашэнкі, Кітай як вялікая дзяржава павінен ураўнаважыць уплыў Расеі і Захаду на Беларусь.

Але такая інтэнсіўнасьць кантактаў пакуль не знаходзіць апраўданьня. Кітай пераважна дае зьвязаныя інвэстыцыі. То бок на гэтыя кітайскія грошы беларусы павінны закупляць кітайскія тавары і кітайскую працоўную сілу. З гэтай прычыны шмат якія зьвязаныя крэдыты так і не былі выкарыстаныя. Добра вядомая гісторыя, калі прэм’ер-міністар Беларусі ў 2010 годзе, тады яшчэ Сяргей Сідорскі, рэзка скрытыкаваў кітайскае абсталяваньне для беларускіх цэмэнтных заводаў, якое было няякаснае, і таму вялікія дзяржаўныя сродкі на мадэрнізацыю гэтых заводаў змарнаваліся.

Кітай — адна з тых нямногіх краін (акрамя Расеі), у таваразвароце зь якімі імпарт Беларусі нязьменна перавышае экспарт.

Кітай набывае ўсё большае эканамічнае значэньне ў таваразвароце Беларусі, лічбы ўзаемнага гандлю растуць. Але, што паказальна, Кітай — адна з тых нямногіх краін (акрамя Расеі), у таваразвароце зь якімі імпарт Беларусі нязьменна перавышае экспарт. Пры тым беларускі экспарт у Кітай вельмі мала дывэрсыфікаваны — каля 50 працэнтаў прыпадае на калійныя ўгнаеньні. Так што можна канстатаваць, што тут якраз той выпадак, калі беларускае кіраўніцтва палітыку, стратэгічнае партнэрства з Кітаем ставіць нашмат вышэй за эканоміку. А ў эканамічнай сфэры ідзе на відавочныя саступкі — гэта і зьвязаныя крэдыты, і перавышэньне імпарту над экспартам.

Але, магчыма, для Менску больш важныя іншыя рэчы — Кітай становіцца заўважным вайсковым партнэрам для Беларусі. Найбольш гэта відаць у супольнай распрацоўцы зброі, якой займаюцца Менск і Пэкін. Прыклад — сыстэма залпавага пуску «Палянэз».

Чаканьні ў Беларусі наконт Кітаю, вядома, завышаныя. Кожны візыт называюць гістарычным. Але для кітайцаў Беларусь ня вельмі цікавая. Беларусь для Кітаю — адна з тых шматлікіх маленькіх краін (як у Афрыцы, Лацінскай Амэрыцы), дзе яны гатовыя павялічваць сваю прысутнасьць.

Карбалевіч: Цікавасьць да Кітая зь беларускага боку вялікая. Кітай — эканамічны гігант, які мае шмат лішніх грошай і шукае, куды іх укласьці. Сустрэчы на вышэйшым узроўні адбываюцца амаль штогод. Аднак, здаецца, спадзяваньні на Кітай у беларускага кіраўніцтва перабольшаныя. І тут ёсьць некалькі няспраўджаных уяўленьняў.

Найперш, на самым пачатку супрацоўніцтва Беларусь хацела паўтарыць мадэль беларуска-расейскіх адносін. То бок у абмен на палітычную ляяльнасьць і ўсялякую дэманстрацыю сяброўства атрымаць дармовыя эканамічныя выгады. Аднак выявілася, што Кітай — не Расея. Кітайцы — вельмі прагматычныя людзі і за пацалункі грошай не даюць. Толькі зьвязаныя крэдыты зь вельмі жорсткімі ўмовамі.

У Лукашэнкі было ўяўленьне, што дастаткова дамовіцца з кіраўніцтвам, ударыць па руках, і эканамічнае супрацоўніцтва будзе хутка разьвівацца.

Другая няспраўджаная надзея. У Лукашэнкі было ўяўленьне, што дастаткова дамовіцца з кіраўніцтвам, ударыць па руках, і эканамічнае супрацоўніцтва будзе хутка разьвівацца. На такой глебе разьвіваліся адносіны Беларусі з Расеяй, Вэнэсуэлай у часы Уга Чавэса. Аднак з Кітаем так не выходзіць. Бо кітайскія фірмы, нават дзяржаўныя, кіруюцца прынцыпам камэрцыйнай выгады. А ў Беларусі няма праектаў, якія акупляюцца.

Трэці пракол. Лукашэнка ўвесь час цьвердзіць: Беларусь — пляцоўка, брама для пранікненьня кітайскага капіталу ў ЭЗ і ЭАЭС. Але Кітай даўно ўжо і ў Эўропе, і ў ЭАЭС, куды кітайцам лепш трапляць праз Расею і Казахстан.

Чацьвёрты пракол. Беларускіх чыноўнікаў уводзіць у зман кітайская манера пагаджацца, але насамрэч не выконваць абяцаньні. Напрыклад, у Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку зарэгістравана амаль два дзясяткі кітайскіх кампаніяў. Але ў рэальнасьці рэалізуецца, будуецца толькі адзін аб’ект — лягістычны цэнтар. Таму я вельмі скептычна стаўлюся да той вялізнай колькасьці дамоваў, якія зьбіраюцца падпісаць Беларусь і Кітай падчас чарговага візыту Аляксандра Лукашэнкі.

Глод: Я хачу засяродзіцца на беларуска-кітайскіх дачыненьнях, пачынаючы з 2013 году. Чаму менавіта з гэтай даты? Аляксандар Лукашэнка не стамляецца паўтараць, што Беларусь і Кітай — стратэгічныя партнэры. Фармальна ён мае рацыю. Адпаведнае пагадненьне было падпісанае яшчэ ў 2013 годзе. Тады Лукашэнка казаў пра «сапраўдны прарыў» у двухбаковых дачыненьнях і абяцаў з гэтага беспрэцэдэнтныя вынікі.

Але, мне падаецца, за тры гады нічога кардынальнага ў дачыненьнях не адбылося. Пакуль, як і раней, усё абмяжоўваецца абяцанкамі Лукашэнкі спрыяць выхаду кітайцаў на эўрапейскія рынкі. Дакладна гэта гучыць так: «Калі вы рухаецеся ў Эўропу, дык прыходзьце ў цэнтар Эўропы. Мы будзем вам актыўна дапамагаць і падтрымліваць».

16 краін — ад Альбаніі да Эстоніі — будуць вырашаць свае праблемы з Кітаем самастойна. І ніякі пасярэднік ім тут не патрэбны.

А ці патрэбная кітайцам беларуская дапамога? Сёньня з самага ранку я браў інтэрвію ў генэральнага сакратара Міністэрства замежных спраў Латвіі спадара Пілдэговічса. І ён сказаў, што ў кастрычніку ў Рызе пройдзе чарговы раўнд перамоваў кіраўнікоў урадаў паводле формулы 16+1. То бок у Рызе зьбяруцца 16 прэм’ераў з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы плюс кіраўнік ураду Кітая. Беларусі ў гэтым сьпісе няма. Выходзіць, што 16 краін — ад Альбаніі да Эстоніі — будуць вырашаць свае праблемы з Кітаем самастойна. І ніякі пасярэднік ім тут не патрэбны.

Нічога не атрымліваецца і з расейска-кітайскім рынкам. Вось Пэкін — Масква працуе без удзелу Менску. Лукашэнка казаў, што ня хоча быць тут «лішняй шасьцярнёй», але хоча каб Беларусь была запатрабаваная на гэтай восі. Ці запатрабаваная яна? Вядома ж, не, бо, як трапна сказаў эканаміст Леанід Заіка, каму патрэбнае пятае кола ў расейска-кітайскім возе?

Што тычыцца двухбаковых гандлёвых дачыненьняў Беларусі і Кітая, дык яны, зразумела, існуюць. Але паглядзіце на іх прапорцыю. 80% тут кітайскі экспарт у Беларусь. Зайдзіце ў любую беларускую краму, і вы амаль абавязкова знойдзеце там хоць нешта кітайскае. А мы прадаём за год пару дзесяткаў МАЗаў.

Трэба прызнаць, Пэкін прапануе Менску пазыкі па досыць нізкіх стаўках. Але што гэта за крэдыты! Кітайцы даюць грошы пры ўмове, што на іх будуць набытыя кітайскія тавары і абсталяваньне і выплачаныя грошы кітайскім рабочым і інжынэрам. Але жыцьцё паказвае, што кітайскае абсталяваньне, пры дапамозе якога Лукашэнка праводзіць «мадэрнізацыю», часьцяком нізкаякаснае і састарэлае. Віталь Цыганкоў згадаў тут былога прэм’ера Сяргея Сідорскага і ягоную крытыку якасьці кітайскага абсталяваньня. А я згадаю выпадак зь цяперашнім прэм’ерам Андрэем Кабяковым. Падчас прадстаўленьня ягонай урадавай праграмы хтосьці з дэпутатаў паскардзіўся: у прадпрыемстваў няма грошай. Кабякоў параіў яму зьвярнуцца да кітайцаў: у Кітаі, як у той Грэцыі, ёсьць усё.

Так, у Кітаі ёсьць усё ці амаль усё. Але Кітай — краіна прагматычная. І яна, у адрозьненьне ад Расеі, не гатовая выдаваць датацыі дзеля сяброўства зь Беларусьсю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG