Беларусь і Расея маюць розныя погляды на тое, як паводзіць сябе ва ўмовах заходніх санкцыяў і эмбарга супраць заходніх тавараў, абвешчанага Крамлём у адказ. Сёньня Аляксандар Лукашэнка чарговым разам адмёў усе абвінавачаньні ў махінацыях пры пастаўках харчоў: Менск лічыць, што мае права на транзыт, а таксама на перапрацоўку і рээкспарт прадукцыі, якую пры адпаведным падыходзе можна лічыць «зробленай у Беларусі». Масква парыруе, што не для таго ўводзіла контрамеры, каб заплюшчваць вочы на беларускую кантрабанду.
Насуперак чаканьням, менскія перамовы аб аднаўленьні ў поўным аб’ёме паставак беларускіх мясных і малочных прадуктаў, якія з-за сумнеўнай якасьці «Рассельгаснагляд» абмежаваў на мінулым тыдні, пакуль бязвыніковыя. У дадатак да ўсяго, сёньня на сайце «Рассельгаснагляду» апублікаваная падрабязная схема пастаўкі кантрабандных грузаў, якія трапляюць у Расею транзытам празь Беларусь.
У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка, прымаючы сёньня з дакладам чальцоў ураду, заявіў, што Масква павяла сябе непрыстойна, забараніўшы доступ на свой рынак прадукцыі шэрагу мясных і малочных камбінатаў. А прэтэнзіі да якасьці беларускіх тавараў выклікаюць у яго толькі сьмех:
«Расея пайшла на парушэньне ўсіх нашых дамоўленасьцяў, якіх мы дасягнулі ў Мытным саюзе. Так, можна гэта тлумачыць нейкімі пытаньнямі бясьпекі, тэрарызму і г.д. — можна прыдумаць усё і прышыць ярлыкі. Узьнікае пытаньне: чаму гэта адбылося? Рознага кшталту махляры, якія круцяцца ў Расеі, сёньня хочуць нагрэць рукі на расейскім рынку за кошт узьвінчваньня коштаў. Пастаўка беларускіх тавараў значна стрымлівае рост коштаў у Расеі, а, натуральна, мы ведаем, каму гэта не на руку. Але гэта іх праблема. Калі паставіць пытаньне аб тым, якія ўсё ж тавары больш бясьпечныя — беларускія ці расейскія, гэта выкліча проста сьмех ня толькі ў Беларусі, але і ў любога расейца. Таму што ў Расеі, хай на мяне ня крыўдзяцца, на паўстагодзьдзя адсталі ад Беларусі ў пляне бясьпекі тавараў».
У Расеі, хай на мяне ня крыўдзяцца, на паўстагодзьдзя адсталі ад Беларусі ў пляне бясьпекі тавараў
Тым часам беларускія прадпрыемствы, якія трапілі ў «чорны сьпіс» расейскага органа нагляду, наракаюць на рэзкае зьніжэньне прыбыткаў. Зрэшты, як кажуць адмыслоўцы, гэта цалкам лягічны вынік залежнасьці ад аднаго рынку — на 99% харчовы экспарт перапрацоўчай галіны арыентаваны на Расею. Адпаведна, любыя ўзрушэньні, як дэвальвацыя ці прэтэнзіі да якасьці, аўтаматычна рэзануюць на вытворцах.
Ці адчуваецца, што з-за абмежаваньняў доступу на расейскі рынак блізу двух дзясяткаў прадпрыемстваў, якія забясьпечваюць там асноўны аб’ём мяса-малочных паставак, беларускіх прадуктаў на паліцах стала меней? Жыхар Масквы, этнічны беларус Генадзь Качан кажа, што сам купляе беларускае перадусім з патрыятычных пачуцьцяў і пацьвярджае: выбар хоць не кардынальна, але ўсё ж зьнізіўся:
«Зразумела, што асартымэнт расейскага малака непараўнальна большы, але я па старой звычцы стараюся шукаць усё ж беларускія прадукты. Дык вось паводле маіх адчуваньняў іх сапраўды стала меней. Гэта пры тым, што, пэўна, ёсьць яшчэ старыя запасы, а як будзе пры цяперашнім раскладзе надалей — сказаць цяжка. Прынамсі гатункі ад „Савушкіна прадукта“, якім асабіста я аддаю перавагу, пакуль у дастатковай колькасьці».
Карэспандэнт: «А што тычыцца коштаў: беларускія вытворцы дэмпінгуюць, ці цэньнікі прыблізна аднолькавыя?»
«Кошты прыблізна аднолькавыя: калі розьніца і ёсьць, то літаральна ў некалькі рублёў, якія ні на што не ўплываюць. То бок, у раёне 50 рублёў за літар, плюс-мінус. Шчыра кажучы, тут нават пры жаданьні асабліва не падэмпінгуеш. Існуе даўгі ланцужок пасярэднікаў, перакупшчыкаў, і калі тавары праходзяць увесь шлях, то на выхадзе беларускія вырабы становяцца прыкладна такія ж у кошце, як і расейскія. Тут больш, канечне, стаіць пытаньне якасьці. Беларускае, нягледзячы ні на што, выклікае давер».
Нават пры згаданым ланцужку шматлікіх пасярэднікаў беларускае малако ў расейскіх крамах у бальшыні сваёй каштуе таньней, чым дома. Прычым вытворцы ўсё часьцей ідуць на хітрыкі, разьліваючы яго не ў літровыя пакункі, а ў ёмістасьці па 800-900 грамаў. Пры гэтым зьменшаныя «тэтрапакі» у эквіваленце каштуюць больш за даляр — 1 даляр 30 цэнтаў ці пад 60 рублёў, калі пералічваць на расейскія.
А ці застаецца давер да беларускай прадукцыі на тле праблемаў з абмежаваньнем паставак нібыта з-за іх небясьпекі для здароўя? Генадзь Качан кажа, што размаляваныя павільёны з савецкімі знакамі якасьці хоць і выглядаюць безгустоўна, але заўсёды запоўненыя:
Выкарыстоўваюць пакункі нібыта беларускіх вытворцаў, дзесьці перапакоўваюць і пад выглядам беларускага прадаюць нейкае „шыла“
«У Маскве цэлая сетка крамаў зь беларускімі таварамі, у якія людзі з задавальненьнем заходзяць. Іншая справа, там таксама трэба ўважліва глядзець, бо пачасьціліся выпадкі падробкі беларускай малочкі, мяса, сала, зноў жа. Выкарыстоўваюць пакункі нібыта беларускіх вытворцаў, дзесьці перапакоўваюць і пад выглядам беларускага прадаюць нейкае „шыла“. Прычым, адбываецца гэтая дзейнасьць дзесьці тут, у Расеі. Ня выключана, менавіта з-за гэтага ў некаторых выпадках давер да беларускай якасьці зьніжаецца».
Тым часам «Рассельгаснагляд» не зьбіраецца бліжэйшым часам здымаць абмежаваньні на пастаўку беларускай харчовай прадукцыі. Па выніках менскіх кансультацыяў кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт заявіў, што казаць пра масавае адкрыцьцё расейскага рынку для беларускіх прадпрыемстваў заўчасна. Па яго словах, партнэры так і не прадставілі поўны пакет дакумэнтаў аб ліквідацыі выяўленых парушэньняў. Апроч таго, ён удакладніў, што забарона, калі і будзе зьнятая, то хіба для тых камбінатаў, якія працуюць на мясцовай сыравіне і маюць высокі ўзровень маніторынгу бясьпекі. Чыноўнік перакананы, што беларускія лябараторыі, у прыватнасьці, ня здольныя ў поўным аб’ёме ацаніць ступень утрыманьня антыбіётыкаў.