«Чым, на вашу думку, скончыцца гандлёвая вайна з Расеяй? Ці ўдасца Беларусі, Расеі і Казахстану стварыць паўнавартасны Мытны саюз?» На гэтыя пытаньні адказваюць жыхары Гомеля.
Спадар: «Канечне, Расея саступіць. Такі ж лёс у гэтага Мытнага саюзу, як і ў саюзнай дзяржавы. Гэта будзе нейкі дэкаратыўны орган, вакол якога будуць фармальна нейкія грошы круціцца, чыноўнікі карміцца. А ў выніку ніводнаму народу — ні аднаму, ні другому, ні трэцяму — нічога не перападзе. Самае галоўнае, што гэта адмоўна адаб’ецца на эканоміках, на разьвіцьці краінаў. Гэта зноў жалезная заслона. Гэта другая жалезная заслона — дубль два. Зноў застой. Ня будуць разьвівацца тэхналёгіі — анічога. Другі сацыялістычны лягер».
Спадар: «Хутка яны ўсё вырашаць мірна, бо ўсё тут як бы адзінае. Агульныя погляды. Натуральна, памірацца».
Спадарыня: «Я проста ня веру, што яны забракавалі — і гэта назаўсёды. Канфлікты ўзьнікаюць з-за капрызаў нейкага асобнага чалавека. Вось ён правярае, вось ён прычапіўся. Хопіць у іх сваіх прадуктаў. Працаваць трэба тым, хто на нашых прадпрыемствах працуе».
Спадар: «Пераможа сяброўства. Зь цягам часу атрымаецца саюз. Выбрыкі чыноўнікаў, якія знаходзяцца пры ўладзе, наконт якасьці прадуктаў і ўсяго іншага — у іх жа свой інтарэс. Яны хочуць, каб беларускія тавары менш траплялі на расейкі рынак. Зыходзяць з таго, каб кошты свае падымаць. Пакуль не ўмяшаецца ўрад Расеі, карысьці ня будзе».
Спадар: «Перамогай Расеі — адназначна. Стасункі наладзяцца: іншага выйсьця проста няма. Будзе паўнавартасны саюз — абавязкова».
Спадарыня: «Нічым! Адчыняць — і зноў будзем гандляваць. Вось казлы! Засталася зь імі побач адна Беларусь, дык яны яе адштурхоўваюць. Саюз не атрымаецца. Расейцы ня тыя людзі, каб зь імі нешта будаваць».
Спадар: «Разьбяруцца яны, бо нікуды ня дзенуцца: есьці-то хочацца. Яшчэ тыдзень ці паўтара пройдзе, і ўсё будзе так, як і было. Думаю, што і саюз будзе. Можа, ня так хутка, як хацелася б, але зь цягам часу ўсё будзе добра. Хоць Лукашэнка там нешта й кажа, але без Расеі нам будзе цяжкавата».
Спадарыня: «Да нейкага палавіннага рашэньня прыйдуць. Я думаю, што яны павінны ўлічыць прыклад Украіны — Украіна ж ня хоча быць у саюзе. Як бы і Армэнія не адмовілася ўступаць у такі саюз, дзе ўсё забараняецца. Трэба слухаць Казахстан, яго трэба слухаць. Назарбаеў разумнейшы за іх дваіх — за Пуціна й Лукашэнку».