Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка па-майстэрску гуляе на імпэрскіх комплексах Масквы»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Ці ўдалося кіраўнікам Беларусі і Расеі па выніках сустрэчаў у Менску нарэшце дамовіцца па газавай праблеме? Наколькі рэалістычная ідэя «інтэграцыі інтэграцыяў», і ці ёсьць нейкі рэзон і прычыны ў Эўразьвязу інтэгравацца з краінамі Эўразійскага саюзу?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычныя аглядальнікі Аляксандар Класкоўскі і Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Ці праясьніла сустрэча ў Менску канчаткова пытаньне наконт магчымасьці разьвязаньня газавай тэмы? Ці можна сказаць, што бакі нарэшце паставілі кропку ў гэтым пытаньні?

Класкоўскі: Відавочна, што перамовы былі цяжкімі, Мядзьведзеў істотна затрымаўся на сустрэчы з Лукашэнкам і са спазьненьнем прыйшоў на сустрэчу прэмʼераў СНД. Афіцыйныя СМІ не паведамлялі пра нейкі прарыў, і можна меркаваць, што кропкі над «і» пакуль не расстаўленыя. Але нават калі б Мядзьведзеў і Лукашэнка далі адзін аднаму нейкія абяцаньні, то потым, як гэта неаднойчы бывала, бакі могуць па-рознаму гэтыя дамоўленасьці трактаваць.

Для мяне вельмі важны штрых, што Аркадзь Дварковіч (расейскі віцэ-прэмʼер, чалавек Мядзьведзева), які быў адным з натхняльнікаў з расейскага боку гэтай нафтагазавай вайны, перад паездкай Мядзьведзева ў Менск казаў, што трэба падпісаць яшчэ цэлы шэраг зьвязаных дамоваў у іншых пытаньнях. Ведаючы Дварковіча і ягоную ідэю фікс наконт гэтых сумна вядомых пяці інтэграцыйных праектаў, а таксама прымаючы пад увагу апошнія паведамленьні, што Масква хоча завярнуць транзыт беларускіх нафтапрадуктаў на расейскія порты, а таксама тое, што ўзгадваў Дварковіч пра абавязак Беларусі пэўную колькасьць нафтапрадуктаў пастаўляць на расейскі рынак, — нават пералік гэтых вузлоў паказвае, што «бой быкоў» у гэтых пытаньнях можа быць яшчэ вельмі жорсткім.

Цыганкоў: Калі ж казаць пра больш стратэгічныя рэчы — ці не здаецца, што ў цэлым падыход Расеі зараз палягае ў тым, каб не разгойдваць сытуацыю, не пачынаць вялікі газавы канфлікт з Менскам, але спрабаваць яго ўлагодзіць па магчымасьці з найменшымі эканамічнымі стратамі?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Безумоўна. Тое, што бакі так ці іначай прыйдуць да нейкага часовага кампрамісу — я гэта прагназаваў даволі ўпэўнена, нават ня ведаючы нейкіх інсайдэрскіх рэчаў. Проста гэта дэжавю, гэта было не аднойчы — і кожны раз дыпляматыя скандалу, якую абіраў афіцыйны Менск, давала ў той ці іншай ступені свой плён. Масква ня любіць лішнія зьвягі, асабліва цяпер, каля яна рассабачылася з усім Захадам, страціла фактычна ўсіх партнэраў, і Менск, хаця і сьлізкі, але апошні саюзьнік. Усё гэта дзейнічае на Маскву, і ў гэтым сэнсе Лукашэнка па-майстэрску гуляе на імпэрскіх комплексах, усё-такі беларускі пляцдарм для Масквы важны. І там відаць, узважыўшы, кожны раз думаюць — халера зь імі, дамо ім яшчэ трохі гэтых датацыяў, хай сабе і ў гібрыднай форме.

З таго, што я пералічыў, і сыходзячы з таго факту, што інтарэсы розныя ў саюзьнікаў — трэба чакаць, што супярэчнасьці будуць зноў часамі набываць вострую форму. У Масквы слабее эканоміка, слабеюць магчымасьці падтрымкі, І Лукашэнка ставіць мэту дывэрсыфікаваць гандаль, замежную палітыку. Таму пакрысе гэтыя інтэграцыйныя сувязі будуць слабець, інстынкт самавыжываньня будзе прымушаць Менск шукаць напаўненьня той шматвэктарнасьці, пра якую шмат гаворыцца.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Беларускі бок, вядома, хацеў бы дамагчыся таго, на чым настойваў ад пачатку, — кардынальнай зьніжкі на цану на газ. Відавочна, што гэтага не адбудзецца. Што да нібыта дасягнутага кампрамісу, то там нейкія дзіўныя рэчы робяцца — нібыта ўжо заклалі грошы на гэта ў бюджэт, а насамрэч ніякіх пераводаў пакуль няма.

Як нядаўна слушна сказаў у вашай перадачы «Інтэрвію тыдня» Леанід Радзіхоўскі, у Масквы з грашыма стала значна горш, і яны пачынаюць лічыць кожную капейку. Таму, я думаю, супярэчнасьці будуць заставацца, тым больш тыя рухі, якія робіць Менск у заходнім накірунку, Маскву раздражняюць. Гэта будзе яшчэ адной падставай, каб даць зразумець Менску, што «вось так рабіць ня трэба».

Карацей, існуе цэлы шэраг акалічнасьцяў, якія будуць псаваць адносіны, і іх колькасьць ня зьменіцца. Іншая справа, што магчымасьці вельмі розныя ў бакоў, і вельмі цяжка пабачыць, якім чынам беларускае кіраўніцтва можа вытрымаць сапраўдны ціск Масквы, калі тая пажадае яго ажыцьцявіць.

Цыганкоў: Лукашэнка 28 кастрычніка заявіў, што Беларусь не задавальняюць аддаленыя тэрміны стварэньня агульных рынкаў энэрганосьбітаў у ЭАЭС. Як вядома, Расея ўвесь час фактычна адцягвае гэтыя тэрміны. Ці ўдасца тут прыйсьці да згоды, бо супярэчнасьці ў інтарэсах стратэгічныя?

Класкоўскі: Масква ад пачатку ажно на 2025 год аднесла стварэньне адзінага нафтагазавага рынку. А цяпер, калі сама расейская эканоміка трапіла ў зацяжную рэцэсію, — то, магчыма, будуць цягнуць яшчэ надалей. Плюс, прагнасьць расейскіх манаполіяў, алігархаў, якія ня хочуць выконваць тое, што было запісана ў эўразійскіх інтэграцыйных дакумэнтах. І тут Лукашэнка мае рацыю: нашто было гарадзіць агарод, калі няма абвешчаных «чатырох свабодаў», а іншых стымулаў для інтэграцыі няма. І калі Лукашэнка патрабуе «адзінага рынку», ён фактычна кажа: давайце танныя энэргарэсурсы, як вы абяцалі. Бо дзеля духоўных скрэпаў ніхто з вамі інтэгравацца ня будзе — падстэкст такі.

Цыганкоў: Лукашэнка часам кажа пра «інтэграцыю інтэграцыяў». Наколькі гэтая ідэя рэалістычная, і ці ёсьць нейкі рэзон Эўразьвязу інтэгравацца з краінамі Эўразійскага саюзу, якія кардынальна іншыя і паводле палітычнага ладу, і паводле эканамічных падыходаў?

Фёдараў: Я днямі прымаў удзел у канфэрэнцыі, якую ладзіў «Лібэральны клюб» і якая была прысьвечаная якраз гэтай тэме. Беларускія афіцыйныя асобы, якія там былі, усе ў адзін голас выступалі «за» і нават выказвалі дакор Эўразьвязу, які, маўляў, ня бачыць сваёй выгады.

Але на сёньня, калі адносіны паміж Захадам і Расеяй знаходзяцца ў такім кепскім стане, чакаць нейкіх зрухаў практычна немагчыма. Я бачу адзіную магчымасьць нейкага збліжэньня. Гэта калі бакі — Расея і Эўразьвяз — знойдуць агульны адказ на пытаньне «Чый Крым?» Мне падаецца, што прызнаньне з боку Эўропы Крыма расейскім вельмі малаімаверна. Зь іншага боку, неверагодным падаецца і добраахвотная адмова Расеі ад Крыму. Дык вось, пакуль гэтае пытаньне ня вырашанае, ні пра якую «інтэграцыю інтэграцыяў» размовы быць ня можа.

На канфэрэнцыі выступала кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Мне падаецца, што пасьля яе выступу канфэрэнцыю можна было закрываць. Яна сказала, што рух мусіць ісьці па ўсіх кірунках, без выкананьнях тых умоваў па каштоўнасьцях, якія вылучае Эўразьвяз, ніякай размовы аб чыста эканамічных пытаньнях ня будзе.

Класкоўскі: Па пунктах пералічу, чаму гэты лёзунг «інтэграцыі інтэграцыяў» сёньня асабліва недарэчны і падвісае ў паветры. Па-першае, крызіс у Эўразьвязе і ў Эўразійскім саюзе, абедзьве структуры паглыбленыя ва ўнутраныя праблемы. Па-другое, у межах Эўразійскага саюзу паміж сабой ня могуць дамовіцца — нават Мытны кодэкс у чацьвер прыняць. Па-трэцяе, у Эўразійскім саюзе няма нармальнай рынкавай эканомікі, і таму цяжка яго эканоміку з эўрапейскай састыкаваць.

Ну, і нарэшце Расея пасьля Крыму ператварылася ў пудзіла для Эўропы. На гэтым фоне сьмешна казаць пра нейкую «інтэграцыю інтэграцыяў».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG