На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Зьміцер Крук. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Год таму, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, у прэсе і сярод экспэртаў вельмі горача ішлі дыскусіі наконт таго, ці вымушаны будзе Лукашэнка пайсьці на эканамічныя рэформы. Большасьць тады якраз меркавала, што на пэўныя перамены ўлада пойдзе – проста таму, што няма іншага выйсьця. Цяпер – часам нават тыя ж аўтары – пішуць пэсымістычныя артыкулы пра тое, чаму рэформы так і не пайшлі. Ці вы згодныя з такой высновай і калі так – то чаму гэтак адбылося, чаму рэформаў няма?
Крук: Так, я пагаджуся з меркаваньнем, што глыбокія інстытуцыянальныя рэформы не пачаліся. Адбыліся пэўныя ступеньчатыя зьмены, якія істотна не ствараюць нейкую крытычную масу ў эканоміцы – я маю на ўвазе падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі, падвышэньне транспартных тарыфаў і гэтак далей. Гэта былі тыя вымушаныя захады, якія было немагчыма адкладаць, бо нагрузка на бюджэт узрасла даволі істотна.
Вяртаючыся да вашага пытаньня – чаму няма рэформаў – я тут вылучу тры чыньнікі. Першы, даволі стандартны, пра які даўно кажуць – палітычны чыньнік – гэтыя рэформы ўладзе палітычна не прымальныя. І нават калі ёсьць разуменьне, што яны неабходныя, палітычна будзе гучаць ня вельмі добра, што мы апошнія 20 гадоў памыляліся, а цяпер усё трэба пачынаць спачатку. Да таго ж палітычна цяперашні стан эканомікі дазваляе ажыцьцяўляць наўпроставы кантроль над занятасьцю, над бюджэтнымі плынямі і гэтак далей.
Другое – тое, што адзначыў летась спадар Руды ў сваім вядомым выступе. Ён казаў, што калі ў кагосьці і ёсьць адчуваньне неабходнасьці рэформаў – паўсюднага такога адчуваньня ва ўладзе няма. Бюджэтныя даходы ёсьць і свае абавязацельствы дзяржава можа выконваць, нейкія мінімальны ўзровень забясьпечвае.
Трэці чыньнік – выключна эканамічны. Калі пачаць у нейкай галіне рэальныя рэформы, то гэта пацягне за сабой і іншае. Як прыклад, калі сёньня нешта пачынаюць рабіць з банкаўскім сэктарам – то даводзіцца адразу рабіць нешта і з прадпрыемствамі. Бо ўсе гэтыя праблемы досыць моцна зьвязаныя, і таму ёсьць боязь гэтых складанасьцяў. Бо неяк кропкава праблемы вырашыць ня ўдасца, і таму рэформы могуць прыняць некантралюемы характар.
Жаліба: Пагаджуся з Дзьмітрыем, што істотных рэформаў у нас не адбылося. Нейкія зрухі ёсьць, я скажу пра іх. Аднак усё меней людзей вераць, што ў нас штосьці пойдзе ў рэфармісцкім кірунку. ВУП за тры кварталы ўпаў на 2,9, мінусуе прамысловасьць, сельская гаспадарка і экспарт, які цяпер на 5 мільярдаў меней, чым летась.
Зьніжаецца валютная выручка, скарачаецца працоўная сіла на прадпрыемствах. Ніякага пералому не відаць, ніякіх перадумоваў таго, што эканоміка пачне расьці – пакуль няма.
Аднак пад уплывам і ціскам МВФ нешта робіцца. Падвысілі працэнт аплаты насельніцтвам паслугаў ЖКГ, грамадзкага транспарту, падвысілі пэнсійны ўзрост. Але ўсё гэта «рэформы за кошт насельніцтва». Найбольш пазытыўныя моманты я бачу ў манэтарнай палітыцы Нацбанку, эмісійная палітыка стала больш стрыманай, ён ужо не друкую лішнія грошы, здолеў зьнізіць крэдытныя працэнты. Але рэальныя даходы зьніжаюцца.
Цыганкоў: Гэта ўсё макраэканамічныя лічбы, але большасьці людзей, магчыма, больш важныя менавіта наступная лічба – узровень даходаў насельніцтва зьнізіўся на 7,1 працэнта. Пры гэтым падзеньне з кожным месяцам нарастае. Што гэта азначае – два гады падзеньня даходаў, а дна ўсё яшчэ не відаць?
Жаліба: У нас ёсьць аптымісты ва ўрадзе, якія плянуюць у наступным годзе рост ВУП у 0,3 працэнта. Але я лічу, што эканамічных падставаў для гэтага няма. Вядома, уплывае замежны чыньнік – нізкія ўсясьветныя кошты на нафту.
Але ў цэлым наш урад заняў пазыцыю чаканьня. Раптам цэны на нафту вырастуць, раптам пачне аднаўляцца эканоміка Расеі, і яна зноў пачне закупляць нашыя тавары. Але мне здаецца, гэтыя аптымісты самі ня вераць у тое, што кажуць. Я думаю, яшчэ на два гады як мінімум нам забясьпечаная рэцэсія. Бо трэба рабіць тыя структурныя рэформы, якія ў нас ня робяцца.
Цыганкоў: Улада сапраўды баіцца, што ад рэформаў можа стаць толькі горш, – прынамсі, на нейкі час. Але ж зараз і так адбываецца «шок без рэформаў», узровень жыцьця падае. Дык можа, гэта і ёсьць найлепшы час для радыкальных рэформаў? Калі ўсё падае – дык і людзі, і сытуацыя дазваляюць радыкальныя крокі, ці ня так?
Крук: Не зусім так. Бо калі паспрабаваць разважаць з гледзішча ўлады – я бачу наступную лёгіка. Так, мы сёньня назіраем зьніжэньня дабрабыту – але яно не радыкальнае. Тым больш можна спасылацца на нейкі міжнародны крызіс (якога ніхто ў сьвеце ня бачыць).
Што можа адбыцца, калі праводзіць рэформы? Тое, што нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве мы будзем мець станоўчы эфэкт – пра гэта спрачацца не выпадае. Але ў найбліжэйшай пэрспэктыве можна чакаць нэгатыўных вынікаў – зьніжэньне занятасьці і ператок кадраў з дзяржаўнага сэктару. Як змагацца з такімі наступствамі – незразумела.
Цыганкоў: Ну вось апазыцыя прапануе праграму «Мільён працоўных месаў». То бок падтрымліваць малы і сярэдні бізнэс, які дасьць працоўныя месцы.
Крук: Гэта спрацуе ў пэрспэктыве 2-4 гады, а не наўпрост сёньня. Бо сёньня мы маем так званую цыклічную рэцэсію, калі занятасьць скарачаецца і ў прыватным бізнэсе. Малы бізнэс даволі хутка ня здолее праглынуць усю тую працоўную сілу, якая вызваляецца зь дзяржаўных прадпрыемствах. І калі гэты працэс скарачэньняў на дзяржаўных прадпрыемствах, які ўжо ідзе, набудзе яшчэ большую хуткасьць, то на пэўны пэрыяд гэта можа быць даволі істотны выклік і сацыяльны крызіс.
Таму такія непрадказальныя наступствы палохаюць уладу. І яе боязь істотных рэформаў мае падставы. Але ж, калі рэформы не праводзіць – будзе яшчэ горш. Але гэтае «горш» можа адкласьці на некалькі гадоў, і спадзявацца, што адбудзецца нейкі цуд, які пераломіць сытуацыю.