Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Я так разумею, што чарговыя баталіі скончаныя». Мядзьведзеў: «Нашы партнэры вернуцца да выкананьня кантракту»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што нафтагазавая спрэчка з Расеяй урэгуляваная.

10 кастрычніка прадстаўнікі ўраду далажылі яму пра сытуацыю з пастаўкамі расейскіх энэрганосьбітаў.

«Я ўчора пазнаёміўся з дакладам ураду па нафтагазавых пытаньнях з Расейскай Фэдэрацыяй. Я так разумею, што чарговыя баталіі скончаныя і нам удалося выйсьці на падпісаньне адпаведнага дакумэнту, праблемныя пытаньні, прынамсі на ўчорашні дзень, былі ўзгодненыя і зьнятыя», — цытуе БелТА кіраўніка дзяржавы.

«І самае галоўнае — учарашнімі дамоўленасьцямі мы выключаем падобныя канфлікты з Расеяй у будучыні? — спытаўся Лукашэнка. — Таму што гэта ня проста эканамічна немэтазгодна, мы страчваем пэўныя сродкі. Гэта нават неяк непрыстойна мець нам з Расеяй такія адносіны».

Лукашэнка пацікавіўся, ці страчвае нешта беларускі бок у выніку дамоўленасьцяў і які будзе доўгатэрміновы эфэкт.

«Таму што, як вы мне прапануеце, доўгатэрміновы эфэкт да 2019 году. Але пройдзе нямала часу, і субʼекты гаспадараньня будуць усё роўна знаходзіцца ў няроўных умовах», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусі з Расеяй трэба дамовіцца пра роўныя ўмовы для субʼектаў гаспадараньня, як гэта вынікае з дамовы аб саюзным будаўніцтве.

Цяпер у Менску чакаюць зьніжэньня цаны на расейскі газ ужо з гэтага году. Віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка, аднак, не назваў новых тарыфаў, хоць і запэўніў, што Менск верне завінавачанасьць. Таксама беларускі бок адменіць падвышэньне тарыфу на транзыт нафты.

У Маскве таксама пракамэнтавалі дасягнутыя дамоўленасьці. Расейскі прэмʼер Дзьмітрый Мядзьведзеў сказаў, што з прычыны няпоўнай аплаты газу, які пастаўляецца ў Беларусь, доўг працягвае расьці, паведамляе РИА Новости.

Дзьмітры Мядзьведзеў
Дзьмітры Мядзьведзеў

«Апошнім часам рабіліся намаганьні для таго, каб гэтую завінавачанасьць урэгуляваць і выйсьці на нармальныя ўзаемаадносіны з нашым бліжэйшым партнэрам, з улікам таго, што сытуацыю, якая склалася, немагчыма прызнаць нармальнай», — сказаў ён у Маскве на нарадзе зь віцэ-прэмʼерамі.

Мядзьведзеў папрасіў віцэ-прэмʼера Расеі Аркадзя Дварковіча далажыць пра вынікі працы зь беларускімі калегамі, з улікам таго, што празь некаторы час трэба будзе «кропку ў гэтай гісторыі паставіць у размове з прэмʼер-міністрам Беларусі».

Аркадзь Дварковіч сказаў, што Беларусь павінна да 20 кастрычніка пагасіць завінавачанасьць за расейскі газ, якая ўжо перавышае 300 мільёнаў даляраў.

Таксама Дварковіч сказаў, што ўжо на гэтым тыдні Беларусь пачне плаціць за расейскі газ па кантрактнай цане, каб не ўзьнікала новай завінавачанасьці.

Ён дадаў, што пасьля ўрэгуляваньня газавых праблемаў расейскі бок адновіць пастаўкі нафты ў Беларусь згодна з гадавым плянам у 24 мільёны тон.

«Іншымі словамі, нашы партнэры вернуцца да выкананьня кантракту. Належным чынам будуць выплачваць тую цану, якая прадугледжаная ў кантракце на падставе існуючай формулы», — удакладніў прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

«Менавіта так», — пацьвердзіў Дварковіч.

Пазьней стала вядома, што прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў і яго беларускі калега Андрэй Кабякоў па тэлефоне абмеркавалі праблемныя пытаньні ў нафтагазавай сфэры і графік маючых адбыцца кантактаў па ўрадавай лініі, паведаміла прэс-служба Кабміна РФ. Пра вынікі размовы пакуль нічога не паведамляецца.

«Невядома, як урад скасуе гэты доўг»

Эканаміст Барыс Жаліба ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што Беларусь павінна пазбаўляцца стопрацэнтнай залежнасьці ад Расеі па энэрганосьбітах.

— Сямашка, відаць, яшчэ ня ўсё сказаў. Па-першае, абодва бакі прайгралі ў тым, што не маглі зрабіць гэта цывілізавана. Беларускі бок у аднабаковым парадку зьменшыў сабе цэны і стаў недаплачваць расейцам за газ. Гэта не нармальна. Была дамова, і трэба было спачатку дамаўляцца, а ня так, што захацелі зьменшыць цану і зьменшылі. Цяпер, калі Беларусь не атрымае адтэрміноўкі ў выплаце доўгу, то беларускаму боку будзе вельмі складана адразу яго скасаваць. Магчыма, дамовіліся, што будзе транш ад Эўразійскага банку. Бо невядома, як урад скасуе гэты доўг. Беларусь, магчыма, выйграла ў тым сэнсе, што Расея кампэнсуе нам пастаўкі нафты і мы адновім валютную выручку. Ня першы раз Расея ідзе насустрач, але, як кажуць, асадак застаўся. Для саюзьнікаў гэта не нармальныя стасункі.

— Цікава, што пра іранскую нафту праз пару дзён усе забыліся.

— Так, гэта ўсё палітычныя заявы. Хоць атрымліваць нафту і газ з адной крыніцы, з Расеі, — гэта небясьпечна. Ніхто так ня робіць. Трэба пазбаўляцца стопрацэнтнай залежнасьці ад Расеі па энэрганосьбітах.

«Мядзьведзеў казаў, што ніякай зьніжкі за газ Беларусь не атрымае»

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў па энэрганосьбітах яшчэ не існуе.

«Сказаць на сто адсоткаў, што дамоўленасьці ёсьць, можна тады, калі яны надрукаваныя. Паколькі гэтага няма, а заявы віцэ-прэмʼера Сямашкі вельмі няясныя, я пачакаў бы. Паколькі той жа Мядзьведзеў казаў, што ніякай зьніжкі за газ Беларусь не атрымае. Тут больш псыхалягічнай гульні. Альбо спроба сказаць Лукашэнку — бачыце, мы таксама дамаўляемся, і гэта ня мы праводзім дрэнную эканамічную палітыку, а расейцы зноў ня могуць трымаць сваё слова. Пакуль нельга бачыць у піяры і інфармацыйнай кампаніі фактаў. Бо фактаў яшчэ ні адзін, ні другі бок не прадставіў. Калі б Сямашка быў упэўнены, ён паказаў бы на камэру дакумэнты. А ён проста нешта прамармытаў. Таму яшчэ дамоўленасьцяў няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG