Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лекар скажа, што імпартныя лекі выпісаць ня можа. Але ціха і на вушка»


Міністэрства аховы здароўя сваім загадам уводзіць кантроль за выпісваньнем рэцэптаў і продажам лекавых прэпаратаў айчыннай вытворчасьці. Міністар Васіль Жарко патлумачыў гэта неабходнасьцю выконваць распараджэньне кіраўніка краіны — да канца гэтага году на 50% напоўніць рынак лекамі айчыннай вытворчасьці. Як гэтую ініцыятыву ўспрымаюць лекары і спажыўцы?

Неўзабаве пасьля ўласнаручнага падпісаньня дакумэнту Васіль Жарко правёў прэсавую канфэрэнцыю, значная частка якой была прысьвечаная тэме лекавага забесьпячэньня. Міністар запэўніў журналістаў, што спажыўцы будуць мець магчымасьць выбару і што айчынныя лекі не саступаюць паводле якасьці сваім замежным аналягам:

«Пацыент павінен мець права выбару на айчынныя альбо імпартныя лекавыя сродкі. І ў аптэках ёсьць і будзе забясьпечаны поўны асартымэнт лекавых сродкаў, як айчыннай, так і імпартнай вытворчасьці. Але кожны павінен разумець, і я прашу правізара ці фармацэўта паведамляць, што ў нас ёсьць айчынныя лекі па такім кошце і замежныя па іншым. Яны адзін да аднаго паводле сваёй структуры і дзеяньня, але кошт нашага — 1,36 даляра, а імпартнага — 4,72 даляра».

Тым часам хворым людзям ужо цяпер няпроста набываць імпартныя лекі, нават выпісаныя лекарам. Да прыкладу, завысокі ўзровень халестэрыну ў крыві — а гэта вельмі распаўсюджаная праблема — здымае замежны «Ліпрымар», аптэкі ж прапаноўваюць замяніць яго айчынным «Ліпрамакам». Загадчыца адной з аптэк пры гэтым мяркуе, што нават імпартныя лекі, якія завозяць у Беларусь, паводле сваёй якасьці — учорашні дзень на рынку эўрапейскіх краін:

«Да прыкладу, адносна гэтых лекаў я магу толькі паставіць вас у чаргу на „адтэрмінаванае забесьпячэньне“. На аптэчным складзе, які нас абслугоўвае, ёсьць некалькі адзінак гэтага прэпарату, але тэрмін дзеяньня яго — да канца траўня. Таму шмат гэтых лекаў няма на складзе, і мы таксама не бярэм. І калі шукаюць іншых лекаў, то гэтаксама ставім у чаргу.

За мяжой ужо зусім іншае пакаленьне мэдпрэпаратаў

Беларускі „Ліпрамак“ у нашай аптэцы ёсьць у дастатковай колькасьці... Мы ж павінны падтрымліваць айчыннага вытворцу... Дзеяньне іх аднолькавае, а ўскосныя ўзьдзеяньні — індывідуальныя. Акрамя таго, ці вы ўпэўненыя, што імпартны „Ліпрымар“ за мяжой выкарыстоўваюць? Магчыма, што за мяжой ад яго даўно ўжо адмовіліся і гэта для іх учорашні дзень. Там працуюць ужо са значна больш сучаснымі сродкамі для зьніжэньня ўзроўню халестэрыну ў крыві. За мяжой ужо зусім іншае пакаленьне мэдпрэпаратаў».

Разам з тым хворыя, асабліва людзі пэнсійнага веку, вымушаныя карыстацца выключна беларускімі лекамі, бо няма за што набываць даражэйшыя і больш якасныя імпартныя прэпараты. Адна з такіх — пэнсіянэрка Лідзія Пянькоўская:

«Я інвалід другой групы і маю права на атрыманьне лекаў паводле ільготных коштаў. Таму мне выпісваюць толькі айчынныя лекі і толькі паводле адпаведнага сьпісу. За іх я плачу 10% ад кошту, і толькі таму імі карыстаюся. Вядома, хацелася б лекавацца лепш, але імпартныя мне не па кішэні. Толькі з-за грошай мушу абыходзіцца айчыннымі. А што рабіць? У мяне ёсьць сяброўкі, якія маюць магчымасьць набываць больш дарагія лекі, а таму яны і набываюць больш якасныя імпартныя».

Распараджэньне Міністэрства аховы здароўя абмяркоўваецца і сярод беларускіх мэдыкаў. Пэўнай думкі наконт яго пакуль няма, кажа сябра Беларускай асацыяцыі мэдыкаў Мікола Галабародзь:

«Гэта топ-навіна для нас. Мэдыкі абмяркоўваюць і выгоды, і тыя нэгатыўныя наступствы, якія гэта можа прынесьці... Само па сабе гэта ні добра, ні дрэнна... Ніводная краіна ня мае неабмежаванасьці ў рэсурсах, і кожная лічыць грошы. Пытаньне тут стаіць у кантролі якасьці. І калі гэты кантроль якасьці будзе належны, то ніякіх праблемаў не павінна быць».

Каб якасьць беларускіх лекаў была ня горшая за імпартныя, то павінна быць канкурэнцыя

Міністэрскае распараджэньне пра кантроль за выпісваньнем рэцэптаў і продажам лекаў айчыннай вытворчасьці — зьява адмоўная з усіх бакоў, мяркуе эканаміст і палітык Леў Марголін:

«Калі вы прыйдзеце да доктара — ён выпіша вам беларускія лекі. Калі папросіце выпісаць нешта іншае, імпартнае — ён скажа, што нам забараняюць гэта рабіць. Скажа ціха і на вушка, бо адкрыта гэта сказаць ён ня зможа. І ў гэтай сытуацыі я дакладна скажу і адназначна, што гэтая зьява — адмоўная з усіх бакоў. Па-першае, каб якасьць беларускіх лекаў была ня горшая за імпартныя, то павінна быць канкурэнцыя. Калі ж штучна складаюцца больш выгодныя ўмовы для беларускіх лекаў, то ні пра якую канкурэнцыю гаворка ўжо не вядзецца. Па-другое, беларускія лекі нашмат таньнейшыя. Гэта было б добра, каб за гэтым часта не стаяла горшая якасьць. Таму і для якасьці беларускіх лекаў, і для здароўя беларускіх пацыентаў гэтая зьява адназначна адмоўная. Трэба змагацца за якасьць беларускіх лекаў, але ў сумленнай канкурэнтнай барацьбе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG