Суд Першамайскага раёну Менску 25 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу супраць актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», якая адбылася 14 траўня, і ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу — 15 траўня.
Міліцыянты склалі па два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі.
Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітрый Цыкал. Леанід Кулакоў нагадаў судзьдзі аб крымінальнай адказнасьці і запытаўся:
«Вось вы мяне судзіце за тое, што я трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг. А калі з гэтым сьцягам народ пойдзе абараняць сваю краіну, вы што, таксама ўсіх будзеце судзіць?»
Судзьдзя адказаў, што «да справы гэта не адносіцца».
Паводле «Вясны», сёньня ў Першамайскім судзе таксама разглядаліся адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыяў Ніны Багінскай, Паўла Пальчэўскага і Ядвігі Бязьлюдавай.
Як адзначаюць праваабаронцы, за акцыю «Праспэкт нацыянальнага сьцяга» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску міліцыя склала на актывістаў каля двух дзясяткаў пратаколаў.
24 траўня ў Менску пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў устаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які 15 траўня прайшоў у парку імя Янкі Купалы.
Адным зь першых быў асуджаны да штрафу былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі і аштрафавала на 30 базавых велічынь — гэта 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў.
Паводле назіральнікаў, на актыўных удзельнікаў устаноўчага сходу было складзена больш за 20 пратаколаў. У тым ліку на Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка, Генадзя Фядыніча, Леаніда Кулакова, Сяргея Мацкойця ды іншых.