Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярнуў праўду пра 25 тысяч рэпрэсаваных. 20 фактаў пра Леаніда Маракова


Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

15 красавіка споўнілася б 60 гадоў Леаніду Маракову, легендарнаму дасьледчыку рэпрэсій савецкіх уладаў у Беларусі, аўтару шматтомных выданьняў, прысьвечаных камуністычнаму тэрору ў нашай краіне. Пісьменьнік казаў: «Чэкісты расстралялі дзядзьку — паэта Валерыя Маракова, любімага вучня Янкі Купалы, загналі ў канцлягер дзеда і бацьку /.../ А задумка іх — зьнішчыць усю нашу сямʼю — не прайшла. Не ўдалося ім выразаць малодшага — Лёню Маракова. /.../ Вось і атрымалі. 25 тысяч біяграфій імі зьнішчаных людзей. І зьвесткі, сабраныя на 100 тысяч. Думалі, пра ахвяраў забудуць? А вось не, памяць застанецца!»

Кнігі Леаніда Маракова даступныя на сайце marakou.by.

1. У школе яго абвінавачвалі ў недысцыплінаванасьці і не хацелі прымаць у піянэры

«Строгая клясная, член партыі з дваццацігадовым стажам, выгаворвала маме: „Лёня здольны, але жахліва недысцыплінаваны. Проста не паддаецца выхаваньню. Строем з клясам у музэй ісьці адмовіўся. Бачыце, яго каралеўскай высокасьці не падабаецца строем хадзіць“. У сьпіс на прыём у піянэры Лёню ўключылі апошнім. Дакладней, ад рукі дапісалі. Дый тое, калі строгая на тыдзень у Маскву выехала. Ці на зьезд які, ці па ўзнагароду». (Запіс у Фэйсбуку ад 29 ліпеня 2016 году.)

Леанід Маракоў — вучань другой клясы
Леанід Маракоў — вучань другой клясы

2. Зь дзяцінства не любіў карычневага колеру

«Плёнка ў фатографа, які здымаў піянэраў, была са знакам якасьці. Блакітныя кашулю і вочы Лёні ў карычневы ператварыла. Не падабаўся Лёню ні тады, ні цяпер карычневы. Ды яшчэ ў спалучэньні з чырвоным. І мама ня вельмі была задаволеная. Але майстар адрэзаў: „Ніякіх прэтэнзій, усё паводле вышэйшых савецкіх стандартаў. Дый куды хлапчуку блакітны? І так на дзяўчынку падобны“». (Запіс у Фэйсбуку ад 29 ліпеня 2016 году.)

Той самы здымак з карычневымі вачыма
Той самы здымак з карычневымі вачыма

3. Зь дзяцінства сымбалем свабоды для яго быў Фантамас

«Памылка бальшавікоў, якія адважыліся на абмен з французамі („Ганны Карэнінай“ на „Фантамаса“), была непапраўная. Пасьля прагляду „Фантамаса“ не баяліся на сьценках ня толькі пісаць, але і пасланьні з пагрозамі ляпіць: „Сьцеражыся, Фантамас за табою сёньня ўночы прыйдзе“. І ён прыйшоў. Праўда, гэта быў не Фантамас. І ня ноччу. І толькі праз дваццаць гадоў. Прыйшло тое адчуваньне, тое жаданьне, тая адвага, з прыходам якой людзі перасталі баяцца пісаць. І ня толькі на школьнай дошцы і сьценах. Прыйшло, але неўзабаве было прыдушанае. Паступова, год за годам, з падманлівымі паўзамі. І вось яно, гэтае пачуцьцё, сьмеласьць, жаданьне не баяцца, зноў прачнулася. Гэй, рэжым, дыктатар, баязьлівец, бяжы! Фантамас вяртаецца!» (Запіс у Фэйсбуку ад 22 красавіка 2016 году.)

Разам зь дзедам
Разам зь дзедам

4. У шостай клясе склаў свой першы верш, які меў эратычнае гучаньне. Пасьля гэтага хлопчыка аддалі ў спорт

Па ўспамінах Леаніда Маракова: «Клясная была жах якая незадаволеная: «Лёня, ты вучань шостай клясы, а сачыненьне на вольную тэму пра каханьне напісаў. Ды яшчэ такімі, з дазволу сказаць, вершамі скончыў:

„Две грудки, словно яблочки, румянятся,
Горят, трепещут в поцелуях сладостных,
И каждая друг дружке лаской жалятся:
Ох, почему же мир мгновений радостных
Нас опьяняет чувствами и...“

Ня памятаю, чым „апʼяненьне пачуцьцямі“ заканчвалася. Памятаю толькі, што мама моцна сварылася. Але потым супакоілася: „А давай пойдзем мы ды купім майстарку. Час табе спортам больш сурʼёзна заняцца“».

Леаніду Маракову — 25 гадоў
Леаніду Маракову — 25 гадоў

5. Займаўся барацьбой і быў дзюдаістам. Лёгка мог управіцца зь некалькімі хуліганамі

«Імкненьне да справядлівасьці, думаю, у мяне ў генах. Заўсёды стараўся заступацца за слабейшых. Праўда, было і такое (у маладосьці яшчэ, калі дзюдо займаўся): заступіўся за дзяўчыну ў тралейбусе, два боўдзілы лезьлі да яе, непрыгожа так, брудна... Я крыху напружыўся — і яны леглі, заціхлі. І тут гляджу, што і дзяўчына, і тралейбус — усе за іх... хуліганаў. Забілі, бач, хлопцаў ні за што... Ня ўсім, аказалася, была патрэбная справядлівасьць. Але я як той баран — дабро павінна перамагаць зло...» (Інтэрвію Ганьне Севярынец для беларускага жаночага парталу VELVET, 20.10.2014.)

Вокладка кнігі «100 мініяцюр. Пра жыцьцё, сьмерць і каханьне». 2002 год
Вокладка кнігі «100 мініяцюр. Пра жыцьцё, сьмерць і каханьне». 2002 год

6. Каханьне для яго — увасабленьне вялікага болю і разладу

Калі чытаеш ягоную прозу, то разумееш — каханьне для Леаніда Маракова насіла разбуральны імпульс. Амаль у кожным мастацкім творы стасункі паміж мужчынам і жанчынай прыводзяць да катастрофы, дзе аднолькава гінуць (як фізычна, так і псыхалягічна) ён і яна. Героі паталягічна раўнівыя, ня ўмеюць дараваць, яны закладнікі гэтага хваравітага пачуцьця. Жанчыны жывуць не развагай, а бяздумнай эмоцыяй, таму калі здраджваюць, то не ўсьведамляюць, навошта і дзеля чаго гэта робяць.

Вокладка кнігі «Трое». 2001 г.
Вокладка кнігі «Трое». 2001 г.

7. Адзіны фільм, які ён глядзеў тройчы і зь якім зьвязаны яркі рамантычны ўспамін, — фільм жахаў

«Тады, у васьмідзясятыя, фільм Тоні Скота „Голад“ з Дэвідам Боўі, Катрын Дэнёў і Сʼюзан Сарандон я паглядзеў тройчы. Я ня вельмі памятаю цяпер, пра што гэтая стужка, якая там была музыка. Я памятаю адно. Гэта адзіны фільм у маім жыцьці, які я глядзеў тройчы. І тая, што сядзела побач, — таксама. Адзіным такім ён і застаўся». (Запіс у Фэйсбуку ад 11 студзеня 2016 году.)

Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

8. Дражніў савецкіх начальнікаў пытаньнямі пра Пола Макартні

«Неяк так складалася ў застойныя, што пры пытаньні: „Пра такога таварыша, як Paul McCartney, чулі, напэўна?“ у начальнікаў псаваўся настрой, позірк станавіўся насьцярожаны, хмурыліся бровы, а цела прымала позу, падобную да стойкі народнага ва ўсіх адносінах Кабзона пры выкананьні ім кожнага 9 траўня набату „Хотят ли русские войны“. Адказ-рэакцыя была адна. Прычым як пра Макартні ні спытай: „Ці чулі пра Wings? А пра Beatles?“ або: „Ведаеце, хто ў нас найлепшы мэлядыст усіх часоў і народаў?“ На апошні варыянт раз пачуў задаволены адказ: „Ну, гэты, як яго... у яго амаль усе песьні клясныя. Ну вось хоць бы гэтая, навагодняя: „Потоло-ок ледяно-ой, дверь скрипу-учая, за шершавой стеной тьма колю-ючая...“ Танцуюць усе, так бы мовіць. А вось гэтая наогул — душа баліць: „Здравствуй, чужая милая, та, что была моей...“ Ужо тады паміж мной і начальнікамі выявілася неадпаведнасьць. Для мяне „ў нас“ — мелася на ўвазе маці-плянэта наша і любімы ёю Пол Макартні, для іх — краіна перамог сацыялізму, „за шершавой стеной тьма колючая“ и „чужая милая“». (Урывак з артыкула Л. Маракова «Кобзон и Маккартни, или По разные стороны баррикад». 19.11.2014 г., для Charter97.org.)

9. Быў упэўнены, што Пётар І больш жорсткі, чым Сталін

«Пётар І, якога лічаць рэфарматарам, носьбітам эўрапейскіх ідэй, зьнішчыў 30% насельніцтва (больш у працэнтных суадносінах, чым Сталін). Беларусь всегда была экспериментальной территорией для московских властей». Інтэрвію Настасьсі Зелянковай для «Салідарнасьці», 29.10.2014.)

Вокладка кнігі «Ахвяры і карнікі». 2007 г.
Вокладка кнігі «Ахвяры і карнікі». 2007 г.

10. Адзначаў, што пасьля сьмерці Сталіна пачалі масава страляцца гэбісты

«Калі 5 сакавіка 1953 году поскудзь, жывёліна, вырадак, падла, нелюдзь здох — даведаліся ўсе. А пра многае іншае, гэтак жа важнае, а то і крывавае, не даведаўся практычна ніхто. З 6 або з 7 сакавіка ўсё і панеслася. Яны вешаліся або страляліся. Хто ўвечары, хто ўначы, хто на досьвітку. Часам запіску пакідалі. Часам — партбілет. Часам — зразумела які — кавалак газэты. У канцы 1990-х мне цудам удалося вырваць дадзеныя пра самагубствы сярод трыццаці-саракагадовых у сакавіку-красавіку 1953-га. Толькі мне трапіліся самагубцы аднаго кірунку. Выключна гэбісты. У той год людзі розных прафэсій — хто плакаў, хто стагнаў, хто моўчкі трымаўся пасьля сьмерці ірада. І толькі чэкісты заліваліся алькаголем і забіваліся. І не ад гора. Не ад кулі. Ад страху. Ад страху катаваньняў».

11. Лічыў, што бальшавікі спынілі разьвіцьцё Менску

«Да іх зьяўленьня ў Менску горад быў дастаткова эўрапейскі. Уявіце, сьлесар мог дазволіць сабе заказаць ежу з рэстарана! Пры будаўніцтве ў 1870-я чыгункі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень Менск стаў разьвівацца магутнымі тэмпамі. За 20 гадоў пабудавалі сэрыю шыкоўных дамоў — у некалькі разоў больш, чым бальшавікі за міжваенны пэрыяд. Усе дамы ў каляровай рэкляме, усё сьвяцілася, як у Бэрліне. І гэта 100 гадоў таму назад! Бальшавікі спынілі разьвіцьцё гораду. На ціхі Менск, які пакрысе рухаўся да капіталізму, у 1918-м абрынуўся ўвесь жах азіятчыны! Рабункі, галеча, рэпрэсіі». («Беларусь всегда была экспериментальной территорией для московских властей». Інтэрвію Анастасіі Зелянковай для «Салідарнасьці», 29.10.2014 г.)

Леанід Маракоў каля доміка Першага зьезду РСДРП
Леанід Маракоў каля доміка Першага зьезду РСДРП

12. Адшукаў, хто паспрыяў таму, што менскі домік, дзе праводзіўся першы зьезд РСДРП, стаў музэем

У размове з Уладзімерам Сьцепаненкам Леанід Маракоў казаў: «У 1922 годзе ў гэтым дамку жылі Янка Купала і Зьмітрок Бядуля. У доме працякаў дах. Набліжалася юбілейная дата першага зьезду. І тады Бядуля прыдумаў наступнае: яны з Купалам напісалі ў ЦК ліст з прапановай стварыць музэй. Наверсе адрэагавалі імгненна. У доміку пасьля капітальнага рамонту адкрыўся музэй, а Купала і Бядуля атрымалі новае жыльлё».

Вокладка кнігі выбранага Валерыя Маракова (склаў Леанід Маракоў). 2003 г.
Вокладка кнігі выбранага Валерыя Маракова (склаў Леанід Маракоў). 2003 г.

13. Лічыў, што ў 1930-я гады менская вуліца Савецкая (сёньняшні праспэкт Незалежнасьці) была самай небясьпечнай у Менску

«У страшныя 1930-я гады на гэтай вуліцы не было дома, у якім не пабывалі б няпрошаныя начныя госьці ў галіфэ зь сінімі фуражкамі. Менавіта на вуліцы Савецкай жыць было нашмат небясьпечней, чым амаль на паўтысячы іншых вуліц Менску. Тут жылі адукаваныя, інтэлігентныя людзі. А як вы ведаеце, у тыя часы гэта былі першыя кандыдаты на арышт. («Беларусь всегда была экспериментальной территорией для московских властей». Інтэрвію Анастасіі Зелянковай для «Салідарнасьці», 29.10.2014 г.)

Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

14. Іранічна прапаноўваў беларусам перайсьці на лацінку

«Мне ўсё ж здаецца, перайсьці на лацінку — нішто дрэннае. Шпіёнам з усходу давядзецца нашмат больш напружвацца. Бо ім жа спатрэбіцца то на лацінцы (па месцы закіданьня), то на кірыліцы (у паведамленьнях начальству) скакаць. Та-ак... І таго, хто піша на расейскай, але праз лацінку, складана будзе назваць рускім пісьменнікам. Эрэфія [Расея. — В. Дэ Эм] на такіх першая як на ворагаў і здраднікаў з асаблівым азьвярэньнем накінецца». (Запіс у Фэйсбуку ад 18 сьнежня 2015 году.)

Вокладка кнігі апавяданьняў «Яны ня ведалі». 2008 г.
Вокладка кнігі апавяданьняў «Яны ня ведалі». 2008 г.

15. Быў упэўнены, што як толькі ўлада ў Расеі зьменіцца, Крым вернецца Ўкраіне

«Крым вернецца, як толькі адзін вядомы сьвету нядобры чалавек пойдзе да Абрама на піва. І гэты чалавек дзесяцігодзьдзі, безумоўна, не пратрывае. Нашмат раней свая ж галодная вата ў адпаведную скрыню ўпакуе. Трыццаць сёмы год у XXI стагодзьдзі на такой тэрыторыі не арганізуеш. Хто б і як там ні рваў жылы. Што свае, што чужыя». (Запіс у Фэйсбуку ад 29 сьнежня 2015 году.)

16. Маскоўскі навуковец, уражаны дасьледчыцкай працай Леаніда Маракова, лічыў, што ў яго ўсяліўся... нехта

Па ўспамінах пісьменьніка: «Маскоўскі прафэсар устаў, перагартаў першы том „Галоўнай вуліцы Мінска“, пастукаў ножыкам па келіху, адкашляўся, паправіў акуляры і сказаў: „Гэта ўсё чалавек у адзіночку адужаць ня змог бы. Безумоўна. Тысячы біяграфій, ілюстрацый дамоў, плянаў, карт... І пачатак стагодзьдзя... У колеры... Немагчыма такое аднаму стварыць. Чалавек жа ня бог. Але і вачам як ня верыць? Значыць — у аўтара ўсяліўся...“ Наткнуўшыся на мой позірк, усьміхнуўся і дадаў: „У добрым сэнсе гэтага слова“. А я падумаў: „Ня бачыў ты, маскоўскі таварыш, другі том“».

Вокладка кнігі «Галоўная вуліца Менску». 2013 г.
Вокладка кнігі «Галоўная вуліца Менску». 2013 г.

17. Лічыў, што страшная для Беларусі расстрэльная дата 29 кастрычніка 1937 году не была выпадковай

У размове з журналістам Радыё Свабода (29.10.2015 г.) казаў: «Не, так атрымалася невыпадкова. Зьнішчэньне беларускіх мысьляроў было зроблена ў гонар 20-годзьдзя савецкай улады. Заплянаваны гэты расстрэл быў у Маскве ў верасьні 1937 году. І напачатку быў указ расстраляць чалавек пяцьдзясят. Але тут, у БССР, вырашылі перавыканаць плян і забіць чалавек на 20 больш. Таксама трэба разумець, што перад тым як расстрэльваць, іх цягам году катавалі. Таму на момант расстрэлу большасьць былі беспрытомныя. У нас у сувязі з гэтай датай найбольш ушаноўваецца ўрочышча Курапаты. Але я мяркую, што інтэлектуалаў расстралялі ў сутарэньнях НКВД, а пасьля вывезьлі ў Лошыцу».

Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

18. Ненавідзеў запаўняць анкеты

Маракоў адзначаў, што «з часоў савецкай улады» ненавідзеў запаўняць анкеты: «Думаю, з прычыны пункту, які ў іх стаяў: „Указаць, ці быў рэпрэсаваны хто-небудзь з членаў вашай сямʼі“. Я ня ведаў, што рабіць. Хлусіць ці пісаць пра асуджанага тройкай у 1935-м за „антысавецкую агітацыю і прапаганду“ і этапаванага ў пяцьдзясят пяць гадоў ва ўральскія канцлягеры НКВД дзеда — вядомага на ўсю акругу печніка і садавода-аматара Дзмітрыя Маракова і расстралянага 29 кастрычніка 1937-га ў дваццаць восем дзядзьку, беларускага паэта Валерыя Маракова. Хоць савецкая ўлада і грымнулася, як слон на лёдзе, залітым капіталістамі, і слон той торгае капытамі, а ўстаць ня можа, нянавісьць да запаўненьня анкет засталася».

Вокладка кнігі «Толькі адна ноч». 2006 г.
Вокладка кнігі «Толькі адна ноч». 2006 г.

19. Тыя дзеячы культуры, якія атрымлівалі ўзнагароды ад дыктатараў, выклікалі ў яго гідлівасьць

«Пісьменьнікі, рэжысэры, артысты... Тыя, хто атрымаў узнагароды ад дыктатара, вартыя толькі хутчэйшага забыцьця, без аніякага сьледу ў гісторыі. Але ж не — сьлед ад іх застанецца... толькі будзе ён у выглядзе чорнай плямы на ўсёй біяграфіі».

Вокладка кнігі апавяданьняў «Непамяркоўныя». 2007 г.
Вокладка кнігі апавяданьняў «Непамяркоўныя». 2007 г.

20. Ідэалістычна лічыў, што наш сьвет, нягледзячы на войны ды тэракты, становіцца лепшым

«Некаторыя будуць фыркаць, але скажу вам, нікога не баючыся, у чым упэўнены. /.../ Нягледзячы на ўсе жахі, якія творацца на нашай плянэце, сьвет паціху крочыць наперад, становіцца больш разнастайным і добрым. Колькасьць пераходзіць у якасьць. Цяпер ня спальваюць, не чацьвяртуюць, як трыста-чатырыста гадоў таму. /.../ Так што які б нелюдзь ні напружваўся, сьвет сатрэ яго ў пыл. Народы рана ці позна пасябруюць і пачнуць жыць разам. Шкада, што гэта будзем ня мы». (Запіс у Фэйсбуку ад 26 траўня 2015 году.)

Разьвітаньне зь Леанідам Мараковым
Разьвітаньне зь Леанідам Мараковым

Маракоў: Былі ночы, калі расстрэльвалі і па 400 чалавек

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG