Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які ня даў беларусам забыць пра свае ахвяры. У Менску прэзэнтавалі кнігу пра Леаніда Маракова


Леанід Маракоў, архіўнае фота
Леанід Маракоў, архіўнае фота

Журналістка інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Настасься Зелянкова напісала кнігу пра Леаніда Маракова, пісьменьніка і гісторыка, які пайшоў з жыцьця ў сьнежні 2016 году, пакінуўшы пасьля сябе шэраг мастацкіх кніг і энцыкляпэдычных даведнікаў.

Найбольш праславілі імя Леаніда Маракова ягоныя дасьледаваньні пра часы сталінскіх рэпрэсій: ён вярнуў зь нябыту лёсы больш як 20 тысяч рэпрэсаваных, у тым ліку выбітных дзеячоў культуры і навукі Беларусі, а таксама паказаў жудасныя мэтады сталінскіх катаў, якія чынілі свае злачынствы ў Беларусі, ды назваў іх імёны.

Настасься Зелянкова пазнаёмілася зь Леанідам Мараковым 10 гадоў таму, калі прыехала да яго браць інтэрвію. Журналістка згадала пра адкрыцьцё, якое зрабіла пры гэтым знаёмстве: аказалася, што колішні ўдалы бізнэсовец ледзьве зводзіць канцы з канцамі, бо ўсе сродкі траціць на дасьледаваньні і выданьне кніг пра рэпрэсаваных.

«Ён толькі вынес з дому на продаж тэлевізар, каб разьлічыцца за чарговую кнігу. Усё ягонае літаратурнае жыцьцё — гэта сапраўдны самаахвярны подзьвіг», — кажа журналістка.

Аўтарка кнігі Настасься Зелянкова.
Аўтарка кнігі Настасься Зелянкова.

Чаму ж гэтак важна зноў і зноў вяртацца да тэмы рэпрэсій, якую Леанід Маракоў зрабіў для сябе галоўнай?

«Калі бачыш, як на парадзе міністар унутраных спраў красуецца ў форме НКВД ды кажа пра тое, як ён ганарыцца подзьвігамі папярэднікаў, ты разумееш, што мы ў прынцыпе на тым жа шляху, які дасьледаваў Леанід Маракоў. Чытаеш зараз, як людзей катуюць у сучасных СІЗА, і становіцца жахліва, бо тое ж самае ты чытаў у кнігах Маракова. Заслуга Маракова ў тым, што ён паказаў, да чаго гэта ўсё можа прывесьці. Ён прымушае нас спыніцца, агледзіцца і зрабіць усё магчымае, каб зьвярнуць з гэтага шляху».

Апошняе інтэрвію журналістка Настасься Зелянкова брала ў пісьменьніка за 3 месяцы да сьмерці, калі ён ужо цяжка хварэў і разумеў, да чаго ідзе. Журналістка спытала ў Маракова, ці не шкадуе ён, што зьмяніў багатае і пасьпяховае жыцьцё бізнесоўца на цяжкую і часам няўдзячную працу дасьледчыка-пісьменьніка.

Адказ Леаніда Маракова Настасься Зелянкова перадала па памяці:

«Ён сказаў: ведаеш, напісаўшы біяграфіі такой колькасьці людзей, я зразумеў, што, у прынцыпе, шмат хто шыкоўна жыў, еў-піў, адпачываў на лепшых курортах, а потым іх ня стала, нават памяці аб іх ня стала. Пра цябе альбо застаецца памяць, альбо нічога не застаецца. А памяць застаецца, калі табой нешта створана, напісана.

Яшчэ прызнаўся, што ў нейкі момант, калі зарабляў вялікія грошы, ён пачаў баяцца сьмерці. Але калі зьявілася ягоная першая кніга пра дзядзьку — Валера Маракова, рэпрэсаванага паэта, вучня Янкі Купалы, — калі пайшлі водгукі на яе і ён вырашыў працягваць працу, дык перастаў баяцца сьмерці.

Таму трэба сказаць, што Маракоў, канечне, сваімі кнігамі пакінуў памяць пра сябе, але найперш ён вярнуў нам памяць пра нашых суайчыньнікаў, безь якіх гісторыя Беларусі была б няпоўная».

Гэта Леанід Маракоў адкрыў для беларусаў гісторыю жудаснай ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі, меркавана ў падвалах НКВД, былі зьнішчаныя каля ста дзеячоў беларускай гісторыі. Гэтая ноч цяпер сымбалізуе ўвесь пэрыяд тэрору, разьвязанага ў Беларусі бальшавікамі яшчэ ў 1918 годзе.

З кнігі Леаніда Маракова «Толькі адна ноч»:

«Гэта была адна з самых крывавых начэй у гісторыі нашай краіны. Зьнішчылі эліту нацыі. Дзяржаўныя і грамадзкія дзеячы, навукоўцы, літаратары, работнікі адукацыі. Былі расстраляныя 22 пісьменьнікі, сярод якіх Платон Галавач, Міхась Чарот, Васіль Каваль, Міхась Зарэцкі... Ніколі ні раней, ні пазьней не рабілася такога адсеву. І наступствы той ночы мы адчуваем нават цяпер, праз 70 гадоў».

Паводле дасьледаваньняў Леаніда Маракова, са жніўня 1937 па сьнежань 1938 году ў менскай «амэрыканцы» было зьнішчана да 10 тысяч чалавек.

У сваіх кнігах Леанід Маракоў дасьледаваў рэпрэсіі ня толькі супроць літаратараў і дзеячоў культуры. Асобныя кнігі ён прысьвяціў рэпрэсіям супроць настаўнікаў, мэдыкаў, праваслаўных і каталіцкіх сьвятароў. А яшчэ адну кнігу Маракоў адмыслова напісаў пра тых, хто непасрэдна катаваў і забіваў, а таксама пісаў даносы на суседзяў, сяброў, калегаў па працы. Вось які матэрыял дасьледчык сабраў пра аднаго са сьледчых НКВД — Морава.

З кнігі Леаніда Маракова «Ахвяры і карнікі»:

«Гэта быў сапраўдны вораг. Падчас допытаў ён ня проста зьбіваў арыштаваных, ён вырываў валасы на галаве і барадзе, а потым калоў гэтыя месцы іголкамі, утвараліся крывавыя нарывы, дотык да якіх выклікаў проста варʼяцкі боль. Самае дзіўнае, калі гэтага садыста падчас наступнай хвалі зачыстак арыштавалі, ён, атрымліваючы ўдары на допытах, прызнаваўся, што і ня думаў, што калі бʼюць, гэта так балюча».

Кніга Настасьсі Зелянковай «Леанід Маракоў: Чалавек, які ня даў беларусам забыць пра свае ахвяры» выйшла ў сэрыі «100 выдатных дзеячоў», якую заснаваў і рэдагуе пісьменьнік Анатоль Тарас. На прэзэнтацыі кнігі Анатоль Тарас адзначыў ролю дасьледчыка і пісьменьніка Леаніда Маракова сярод іншых дзеячоў беларускай культуры.

Пісьменьнік Анатоль Тарас.
Пісьменьнік Анатоль Тарас.

«Сэрыя пачала выдавацца ў 2012 годзе, і ўжо выдадзена 70 кніжак. Зь іх 14 прысьвечаныя асобам, якія былі рэпрэсаваныя. Гэта Эпімах-Шыпіла, Цьвікевіч, Ждановіч, Галубок, Тэраўскі, Ластоўскі, Смоліч, Мрый, Аляхновіч, Адам Станкевіч, Дубоўка, Геніюш, Райскі, Грахоўскі. І яшчэ рыхтуюцца 5 кніжак пра рэпрэсаваных дзеячоў. Але вось зараз — кніга пра Леаніда Маракова, які, як вы ведаеце, памёр зусім маладым — ну што гэта за ўзрост, 58 гадоў! На мой погляд, гэта адбылася зь ім таму, што ён усё, пра што пісаў, усе падзеі з сваіх кніг прапусьціў праз сваё сэрца. А гэта быў жудасны стрэс цягам шматлікіх гадоў! Ён мне казаў: „Я ўяўляў тыя тартуры, празь якія яны праходзілі, і мне рабілася жудасна“. І праца, праца, праца. Больш за 20 тысяч біяграфій рэпрэсаваных асоб. Калі вы захочаце знайсьці зьвесткі пра нашых рэпрэсаваных дзеячоў, дык у большасьці выпадкаў, акрамя як у кнігах Маракова, нідзе ніякіх зьвестак не надрукавана».

Удзельнікі прэзэнтацыі кнігі пра Леаніда Маракова выказаліся за стварэньне ў Беларусі Інстытуту нацыянальнай памяці, які б зьбіраў, дасьледаваў і абнародаваў зьвесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў часы СССР. Таксама прагучала прапанова дамагацца ўшанаваньня памяці Леаніда Маракова праз разьмяшчэньне мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе ён жыў і пісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG