Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкі суд спыніў адміністрацыйную справу за экалягічны флэшмоб у Бярозаўцы


Вітальд Ашурак
Вітальд Ашурак

У рашэньні Лідзкага раённага суду гаворыцца, што справа ў дачыненьні да Вітольда Ашурка спынена з прычыны малазначнасьці парушэньня і адсутнасьці нанясеньня шкоды.

Пратакол на актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка міліцыянты склалі за правядзеньне флэшмоба: некалькі чалавек разам з Ашуркам надзелі мэдыцынскія рэсьпіратары і сфатаграфаваліся зь імі побач з шклозаводам, дзе адчынены цэх па выпуску шклаваты. Такім чынам людзі выказалі пратэст супраць пагаршэньня экалягічнай сытуацыі ў Бярозаўцы, пасьля таго як там запрацаваў цэх па выпуску шклаваты.

Паводле Ашурка, у міліцэйскім пратаколе было запісана, што такім чынам быў парушаны грамадзкі парадак. Ніводнага з прадстаўнікоў міліцыі ў судзе не было, не былі прадстаўлены і сьведкі. З боку Ашурка быў апытаны адзін сьведка. Вітольд Ашурак выказаў суду сваю вэрсію падзеяў:

— Я распавёў, што насамрэч сфатаграфаваўся разам зь іншымі людзьмі ў мэдыцынскіх рэсьпіратарах, і гэтым мы хацелі прыцягнуць увагу грамадзтва да экалягічнага стану ў нашым горадзе. Але мы не трымалі ў руках якіх-небудзь плякатаў, мы нічога не выкрыквалі, ня мелі ніякіх сымбаляў. А таму я не разглядваю гэтую падзею як несанкцыянаваную акцыю. Судзьдзя ўважліва мяне выслухаў і накіраваўся ў пакой для прыняцьця рашэньня.

Паводле Ашурка, калі міліцыянты прынесьлі яму чарговую позву, ён адпачатку думаў, што яго чакае чарговы штраф. Прынятае рашэньне яго зьдзівіла. Ягоныя суседзі, а таксама тыя, хто разам зь ім фатаграфаваўся, былі абураныя, калі даведаліся, што над Ашуркам за гэта адбудзецца суд.

— Я, вядома, разумею, што мяне не было за што судзіць, хаця ў нашай краіне судзяць і за такія рэчы. Дарэчы, міліцыянты праяжджалі каля нас, калі мы фатаграфаваліся, але нават і не спыніліся. А пратакол склалі ўжо пасьля таго, як у інтэрнэце зьявіліся здымкі. Але ў такім выпадку трэба штрафаваць кожнае вясельле, калі людзі фатаграфуюцца на вуліцы. Зрэшты, улады, магчыма, разумеюць ужо, што няма сэнсу змагацца зь відавочнымі рэчамі. А магчыма, судзьдзя папросту выканаў свой службовы абавязак, як гэта і належыць. Як бы там ні было, але вынікам я задаволены.

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

У судзе прысутнічаў сябра ТБМ Станіслаў Суднік, ён уважліва сачыў за судовым працэсам. Паводле яго, у Лідзе ўсе выдатна разумеюць экалягічныя праблемы Бярозаўкі, у тым ліку і ўлады.

— Нават на афіцыйным узроўні прагучала інфармацыя, што шклозавод у Бярозаўцы ўжо заплаціў каля 30 тысяч даляраў экалягічных штрафаў. Ну дык пра якую тут віну Ашурка можна казаць, калі ён там за экалёгію змагаецца? Нібыта нейкія меры плянуюцца, але калі яны выканаюцца — невядома. Усе ведаюць, што трэба нешта вырашаць, але ніхто пакуль нічога ня робіць. Улады як бы хочуць працаваць з народам, але ня ўмеюць. Вось яны прыедуць у Бярозаўку, зьбяруць сход толькі з давераных людзей, а астатнія жыхары так і застаюцца непраінфармаванымі. А людзі дыхаюць гэтым хімічным пахам і шукаюць нейкага выйсьця. Таму сёньняшняе рашэньне суду цалкам лягічнае.

Два тыдні таму Вітольд Ашурак быў асуджаны на 20 базавых велічынь за тое, што зладзіў не санкцыянаваны ўладамі пікет супраць пагаршэньня экалягічнай сытуацыі ў Бярозаўцы.

Ён працягвае сьцьвярджаць, што ў гарадку пасьля запуску вытворчасьці шклаваты на працягу году значна пагоршыўся экалягічны стан: на вуліцы чуваць хімічны пах, пачалі хварэць дзеці — у іх зьявіўся сухі кашаль, баліць галава і пры гэтым няма тэмпэратуры.

Гарадзкія ўлады праводзілі ў Бярозаўцы сход. Але, паводле Ашурка, толькі пагаварылі пра экалягічны стан, а нічога на практыцы не зьмянілася. Ашурак сказаў Свабодзе, што надалей будзе дамагацца, каб экалягічны стан у горадзе палепшыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG