Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Гайдукевіча фінансава падтрымала ТБМ і заклікала іншых зрабіць гэтаксама


Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Кіраўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі 6 лютага вырашыла дапамагчы Таварыству беларускай мовы імя Францыска Скарыны грашыма на аплату арэнды памяшканьня і выданьне газэты «Наша слова». Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце ЛДП.

Першы намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч у размове са Свабодай сказаў:

«Да нас зьвярнулася кіраўніцтва ТБМ і патлумачыла сытуацыю. Гэта нармальная просьба. Цяпер многія грамадзкія арганізацыі маюць цяжкасьці зь фінансаваньнем. У нас даволі шмат партыяў: Абʼяднаная грамадзянская партыя, БНФ, тыя ж камуністы... Кожны патроху дасьць, глядзіш, і праблема зьнялася.

Мы і раней дапамагалі ТБМ. Пры мне гэта другі раз. Шчыра кажучы, я спачатку не хацеў пра гэта пісаць. Але пасьля вырашыў паведаміць. Чаму? Няхай і іншыя партыі, грамадзкія арганізацыі перададуць свой унёсак, няхай не на словах, а на справе акажуць матэрыяльную падтрымку. Можна гаварыць шмат пра сваю павагу і любоў да беларускай мовы. Але ж у нас у краіне ёсьць канкрэтная арганізацыя, якая штодня гэтым займаецца. Таварыства беларускай мовы ўносіць неацэнны ўклад у культурна-асьветніцкую дзейнасьць у сфэры захаваньня, адраджэньня і папулярызацыі беларускай мовы, беларускай нацыянальнай культуры.

Мы на гэтым тыдні пералічым пэўную суму. Думаю, гэта будзе дзесьці ў раёне 500 рублёў. Калі б кожная партыя дала хаця б пакрыху, то пра арэнду цягам некалькі месяцаў ТБМу ўжо можна ня думаць».

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў з гэтай нагоды сказаў Свабодзе:

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Гэта ўжо трэці раз яны нам дапамогуць. Мой цёзка, мабыць, ня ведае, што першы раз нас падтрымаў матэрыяльна ягоны бацька. 500 рублёў нам хопіць, каб пакрыць траціну месячных выдаткаў.

За любую дапамогу мы ўдзячныя. Раней, калі там старшынём быў Някляеў, нам дапамагала грамадзянская кампанія „Гавары праўду“, матэрыяльна падтрымліваў рух „За свабоду“. Мы ўсім вельмі ўдзячныя. Як толькі паступяць грошы ад ЛДП, напішам падзяку і гэтай партыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG